Земляки

Шостага красавіка 1962 года на Клеччыне нарадзілася новая маладая сям’я. Вось ужо 50 гадоў, як Яўгеній Пятровіч і Марыя Міхайлаўна Шыкуці побач крочаць па жыцці, мужна і стойка пераадольваючы ўсе наканаваныя лёсам выпрабаванні і нягоды, дзелячы пароўну і шчасце, і беды. У народзе кажуць: “Жыццё пражыць – не поле перайсці”. А пражыць паўстагоддзя разам – гэта не толькі вялікае шчасце, але і велізарная праца. Мабыць, таму дажыць да залатога вяселля выпадае нямногім. Тым, хто пераадолеў жыццёвыя буры, прайшоў выпрабаванне вернасці і захаваў свае пачуцці. А ўсё пачыналася вельмі проста… Адзін позірк, адно слова, выпадковая сустрэча…
У той час Яўгеній Пятровіч працаваў рахункаводам-касірам у Межнаслабадскім сельскім Савеце, і здаваць грошы ў касу – быў непасрэдны яго абавязак. Ён ішоў да Навінак нетаропка, удыхаючы на поўныя грудзі водар елак і соснаў, якія шчыльнай стужкай акружылі дарогу з абодвух бакоў. З дзяцінства ён любіў прыроду бацькоўскага краю, захапляўся яе навакольным хараством – залатымі хлебнымі нівамі, зялёнымі ўзгоркамі, блакітнымі крыніцамі, але бліжэй за ўсё яму быў лес. Ён і дагэтуль лічыць яго галоўнай крыніцай аднаўлення душэўных сіл чалавека. І хоць даўно ўжо не займаецца некалі любімай справай (паляваннем), якая давала магчымасць хоць на кароткае імгненне забыцца пра шматлікія рабочыя клопаты і турботы, падсілкоўвала і надзяляла невычэрпнай энергіяй, пэўную частку свайго сённяшняга жыцця праводзіць менавіта там, у лесе, на дачы. Мабыць, незнарок і шчасце сваё напаткаў між лясных карункаў.
…Думкі і разважанні яго перарвала здалёк запрыкмечаная постаць. Гэта яна спяшалася ў школу, дзе працавала піянерважатай. Праз некалькі мінут яны сустрэліся. Як і належала выхаваным людзям, павіталіся і… разышліся ў розныя бакі. Гэта была тая самая іх першая лёсавызначальная сустрэча. Яны абодва адчулі, як у грудзях сэрца закалацілася мацней, а ў душы з’явілася нейкае незразумелае адчуванне – ці то шчасця і радасці, ці то страху і адчаю: а раптам яны болей ніколі не ўбачацца? З таго дня іх жыццё нібыта перавярнулася з ног на галаву. Маладыя людзі прыглянуліся адзін другому, аднак нічога не ведалі пра ўпадабаную асобу. Але, відаць, самім лёсам юнаку і дзяўчыне было наканавана зусім хутка сустрэцца ізноў. Урэшце яны пазнаёміліся, з тае пары не раставаліся больш ніколі.
Жыццё пацякло сваёй чарадою. Яўгеній Пятровіч, дзякуючы сваім найлепшым рысам характару – дабрыні, шчырасці, мэтанакіраванасці, настойлівасці, справядлівасці – з лёгкасцю падымаўся па службовай лесвіцы. Закончыў Горыцкую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў выкладчыкам вытворчага навучання ў Нагорнаўскай школе, інструктарам аргаддзела райкама партыі, намеснікам старшыні калгаса “Зара камунізму” і адначасова сакратаром партарганізацыі калгаса. Сёння мае суразмоўцы ўспамінаюць гады жыцця ў вёсцы Нагорнае як самы найлепшы перыяд – час росквіту іх сям’і. Там яны пабудавалі свой дом, там пачынала ўзыходзіць педагагічная зорка Марыі Міхайлаўны, менавіта ў той час з’явіўся на свет іх першынец. Але неўзабаве лёс падкінуў ім выпрабаванне: Яўгенія Пятровіча назначылі старшынёй калгаса імя Жданава. Як бы ні хацелася, а сям’і давялося пакінуць абжытае месца і ехаць на чужыну. Больш за дзесяць гадоў старшынстваваў Я.П.Шыкуць у гэтым краі, а Марыя Міхайлаўна была дырэктарам школы.
–Насычаным і няпростым было наша жыццё ў Ардзе, – на хвіліну адарваўшыся ад фотаальбома, які падчас нашай размовы дапамагаў аднавіць сямейную храналогію, гаспадыня скіравала свой позірк удалячынь.
На нейкі момант нават здалося, што яна перамясцілася ў прасторы і апынулася ў далёкіх сямідзесятых. Успаміналася ўсё: нараджэнне дачушкі, работа, якой яны абодва аддаваліся спаўна, бо інакш працаваць не маглі – з дзяцінства былі прывучаныя да адказнасці і дысцыпліны, калгасныя суботнікі і іншыя грамадскія справы, сустрэчы з вышэйшым начальствам і некаторыя моманты тагачаснага жыцця беларускай вёскі і ўвогуле раёна, святы і вясёлы адпачынак...
У 1981 годзе па волі лёсу сям’я Шыкуцяў зноў змяніла месца жыхарства. У Клецку планавалася пачаць будаўніцтва першага ў вобласці НПК. Яўгенію Пятровічу, як чалавеку рашучаму і ініцыятыўнаму, прапанавалі ўзяць гэту справу ў свае рукі. Так ён стаў дырэктарам Клецкага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната, а Марыя Міхайлаўна ўладкавалася на працу ў школу №2 г.Клецка, дзе доўгі час – да выхаду на заслужаны адпачынак – займала пасаду завуча па вучэбнай рабоце. Нягледзячы на ўласныя школьныя клопаты і турботы, яна ўсяляк падтрымлівала мужа. Разам працавалі спачатку на будоўлі новага аб’екта, затым на добраўпарадкаванні тэрыторыі, а пазней неаднойчы ўдваіх абмяркоўвалі педагагічныя пытанні. Адным словам, аб’яднаныя агульнымі справамі, інтарэсамі, яны сталі яшчэ бліжэй адзін да другога.
Яўгеній Пятровіч і Марыя Міхайлаўна Шыкуці – людзі ў раёне асабліва паважаныя. Кожны з іх унёс значны асабісты ўклад у развіццё Клеччыны і выхаванне некалькіх пакаленняў землякоў.
Сёння ў іх усё як і належыць. Кватэра. Дача. Дзяцей добрых выгадавалі. І нават не адно дрэва пасадзілі. І перад ніякімі цяжкасцямі не скарыліся. А іх, як і ва ўсіх, нягледзячы на знешні дабрабыт, хапала. Тым не менш, запомніліся толькі найбольш яркія эпізоды сямейнага жыцця. У першую чаргу – нараджэнне дзяцей, потым унукаў і праўнукаў. Работа... Калі Яўгеній Пятровіч пасля выхаду на заслужаны адпачынак лёгка прызвычаіўся да свайго новага статусу, то Марыя Міхайлаўна і сёння побач з вучнямі. Школьную настаўніцу роднай мовы і літаратуры памятаюць былыя выпускнікі школы, пастаянна тэлефануюць, каб павіншаваць са святамі і пацікавіцца яе ўласнымі справамі, і здароўем нават часта заходзяць у госці. Цяпер многія з іх ужо самі бацькі, і просяць вопытнага педагога, каб пазаймалася з іх дзецьмі. Марыя Міхайлаўна не адмаўляе, бо ў зносінах з хлопцамі і дзяўчатамі яна адчувае сваю настаўніцкую годнасць і чалавечую запатрабаванасць. Яна да гэтага часу размаўляе выключна па-беларуску, бо бясконца любіць сваю мову і культуру беларускага народа, а таму іх вытокі і лепшыя традыцыі з задавальненнем перадае дзецям. Я не аднойчы на вуліцах горада станавілася выпадковай сведкай яе сустрэчы з былымі вучнямі. “Здароў, любоў мая!”, “Як я цябе даўно не бачыла! Як пажываеш, мой дружа?!” – так ветліва яна пачынае размову. І што самае дзіўнае, настаўніца памятае імёны ўсіх. У яе лексіконе ў большасці словы памяншальна-ласкальнай афарбоўкі. Яна размаўляе з чужымі дзецьмі, як з роднымі , – Волечка, Андрэйка, Наташка... Мабыць, за гэта яны і цягнуцца душою і сэрцам да яе.
...Перагортваючы адну за другой старонкі сямейнага фотаальбома, я ўважліва слухаю гісторыю жыцця і кахання Шыкуцяў, углядаюся ў іх вочы, сачу за рухамі і спрабую адшукаць адказ на пытанне: што дапамагае людзям быць разам ажно паўстагоддзя?
– Мы шчасліва пражылі гэтыя пяцьдзесят гадоў, – нібыта прачытаўшы па маім позірку думкі, уступіў у размову галава сямейства. – У нас ёсць добрыя дзеці, якія сталі сапраўднымі, паважанымі людзьмі, цудоўнымі бацькамі, – з пачуццём гонару тлумачыць Яўгеній Пятровіч. – Сын працуе генеральным дырэктарам Барысаўскага крыштальнага завода, дачка – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце школы №53 г.Мінска. Ды і ўнукі стараюцца ім ні ў чым не саступаць. Усе яны разважлівыя, самастойныя, працавітыя. Дашка закончыла інстытут Парламентарызму і прадпрымальніцтва, працуе ў банку, цяпер – у водпуску па догляду за дзіцем; Антошка – займаецца прыватным бізнесам; Ільюшка – выпускнік вучылішча алімпійскага рэзерву, прымаў удзел не толькі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па вольнай барацьбе, але і ў міжнародных – у Варшаве, плануе прадоўжыць спартыўную кар’еру. Адным словам, мы ўдзячны лёсу за тое, што ён нам падарыў.
Прызнацца, падчас усяе нашай гутаркі гаспадар дома вельмі актыўна паводзіў сябе, што звычайна не характэрна для мужчын: моцная палова чалавецтва не надта ахвотна дзеліцца сваімі эмоцыямі, разважаннямі, пачуццямі. А ён... У памяці адразу ўсплылі словы вядомай амерыканскай журналісткі Хэлен Роўленд, якая казала: “Каб быць шчаслівай з мужчынам, трэба вельмі добра разумець яго і, тым не менш, усё яшчэ кахаць яго”. Напэўна, у гэтым і ёсць сакрэт сямейнага шчасця? З такім пытаннем я звярнулася да Марыі Міхайлаўны як захавальніцы сямейнага ачага, мудрай і клапатлівай жонкі. А пачула:
– Сямейнае шчасце – гэта павага, клопат і, безумоўна, каханне, – так у адзін голас адказалі бацькі двух дзяцей, бабуля і дзядуля трох унукаў і двух праўнукаў.
Яны і сёння, як 50 гадоў назад, амаль кожную мінуту разам. Усё лета Шыкуці праводзяць на дачы – сялянскія карані, любоў да зямлі і маці прыроды атрымліваюць вяршыню над гарадскім камфортам. Яны вырошчваюць і апрацоўваюць сад і агарод, таму да стала заўсёды ёсць свежыя фрукты і гародніна. Разам ходзяць па грыбы і ягады. Разам адпачываюць ля тэлевізара – вельмі любяць тэлегульню “Што?Дзе? Калі?”. Разам на кухні гатуюць стравы, калі чакаюць у госці дзяцей і ўнукаў. Разам трывожацца за іх і радуюцца іх радасцям і перамогам. Разам сустракаюць сяброў, якіх у іх вельмі шмат.
...Час нашай сустрэчы прабег вельмі хутка. Тэлефонны званок майго мабільніка нагадаў аб тым, што ўжо даўно на рабоце чакаюць іншыя неадкладныя справы. Мне так не хацелася развітвацца з гэтым утульным, цёплым домам і яго гаспадарамі – добразычлівай, гасціннай, моцнай сямейнай парай. Але душу супакойвала думка аб тым, што мы жывём у адным горадзе, на адной вуліцы, а значыць, яшчэ сустрэнемся не раз. Яшчэ не аднойчы з замілаваннем я зазірну ў іх чыстыя і добрыя вочы, адчую гарачы подых улюбёных сэрцаў, і ў памяці ізноў, як і ў дзень перадюбілейнай сустрэчы, гледзячы на іх, усплывуць радкі з верша беларускай паэткі, у якіх, без сумненняў, заключана філасофія і іх жыцця:
Пачынаецца ўсё з любві…
А інакш і жыць немагчыма.

Святлана Орпель.

Яўгенія Семянчук (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *