Дзякуй, Дзмітрыеўна!

Новую шаўковую сукенку яна парэзала на дробныя кавалачкі. Услед за ёй наступіла чарга прыгожай шалі з шыфону. Нажніцы спраўна “дзялілі” ўласную суцэльнасць прыгожай рэчы на “дробнаўласніцкія” квадрацікі і трохкутнічкі. Тое, што нядаўна было прыгожай сукенкай, вокаімгненна ператварылася ў незлічоны гардэроб лялькі Маруські. Мама, праўда, не ацаніла эксперыменты маленькай дачкі, і апошнюю, замест фанфарных мелодый падзякі і прызнання, чакаў знаёмы кожнаму чалавеку з дзяцінства вугал…

…Галіна вырашыла: Маладзечненскі вучэбна-курсавы камбінат. Спецыяльнасць – швачка-закройшчыца. Нездарма лялькі ў яе былі некалі апрануты “па апошняй модзе”. Дома сказала проста:

– Татачка-мамачка! Не спрабуйце адгаварваць – вырашыла для сябе так.

А яны і не адгаворвалі:

– Толькі б задавальненне ад працы сваёй атрымлівала, і была карыснай для людзей.

Скончыўшы вучобу, прыехала ў Клецк. Гэты горад для Галіны стаў другой радзімай з 13-цігадовага ўзросту, калі яе бацька – Дзмітрый Каваленка – пераехаў у наш горад на пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача з Пухавіцкага раёна.

Глянуўшы на фота, вы, пэўна, здагадаліся, што размова вядзецца пра касцюмера Клецкага РЦК Галіну Дзмітрыеўну Яраш. А пачынаецца замалёўка з апісання швачнага дэбюту маленькай Галі.

– Работу сваю я вельмі і люблю. І калі б прапанавалі пачынаць зноў усё з пачатку, не вагаючыся, выбрала б сённяшнюю справу, – прызнаецца жанчына.

Раней мая суразмоўца працавала ў Клецкім КБА. Давялося быць і швачкай, і закройшчыцай, і нават стаяць на чале брыгады па пашыве верхняга жаночага адзення. Але душа прагнула чагосьці большага, цікавейшага, магчыма. А калі пачула, што ў раённы Цэнтр культуры патрабуецца швачка-касцюмер – адразу вырашыла: туды мне і трэба! І вось з 2005 года яна стварае сваімі рукамі прыгожыя, захапляючыя хараством і непаўторнасцю, касцюмы для мясцовых артыстаў.

– А дзе вобразы шукаеце, узоры? – пытаюся.

– Што сама прыдумваю – а гэта часцей за ўсё, – нешта са спецыяльных выданняў бяру. Прагарнула старонкі, пазначыла аловачкам і схавала. Цяпер яно, можа, і не спатрэбіцца, але з цягам часу – штосьці прыдумаецца.

Дарэчы, як запэўніла жанчына, сапраўдны касцюмер павінен сачыць і за новымі песнямі, і за танцамі:

– Той касцюм, у якім можна выканаць песню Алы Пугачовай, не заўсёды падыйдзе да музычнага шлягера з рэпертуару Ратару. А брэйк-данц у народным касцюме полечкі-скакухі таксама не станцуеш.

Галіна Дзмітрыеўна плённа супрацоўнічае з харэографамі і рэжысёрамі, са спевакамі і дэкаратарам. Яна лічыць, што разам можна знайсці аптымальны варыянт, які спадабаецца і выканаўцу, і гледачу, цудоўна “ўпішацца” ў асяроддзе сцэны.

Народныя касцюмы для Паванькі, класічныя – для эстрады, цікавыя і вобразныя – для спектакляў – усё гэта і ёсць яе работа. Але, як і кожны прафесіянал, жанчына вельмі самакрытычна адносіцца да сваіх твораў, бо яно ж вядома: калі глядач заўважыць хібу ці халтуру – першы каменьчык будзе ў яе агарод. Таму стварае свае рэчы з вялікай адказнасцю, акуратна і асцярожна. Як для сцэны, так і для сваіх родных (дома маецца швейная машынка, якую падарыў бацька па заканчэнні дзяўчынай Маладзечненскага вучэбна-курсавога камбіната – аўт.).
Дачка Г.Д.Яраш неаднаразова пападала ў такую сітуацыю, калі сяброўкі – такія ж студэнткі – нібы птушыная чародка абляплялі яе з усіх бакоў, наперабой мацаючы рукамі новы плашч ці сукенку, зацікаўлена пыталі: “Колькі аддала?”, “Дзе купіла?”, “Што за фірма?”, “Хто вытворца?”, а тая з гонарам адказвала: “Маміна работа!”.
А ў паўсядзённым жыцці Галіна Дзмітрыеўна Яраш – шчырая сяброўка, любячая жонка, ласкавая матуля і проста шчаслівая жанчына, бо самыя частыя словы, якія ёй даводзіцца чуць ад калег: “Дзякуй, Дзмітрыеўна!”.

Яўген Кішко.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Дзякуй, Дзмітрыеўна!: 1 комментарий

  • 08.05.2010 в 9:57 дп
    Permalink

    Спасибо вам за сайт, очень полезный ресурс, мне очень нравится

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *