Жахі вайны вачыма шасцігадовай дзяўчынкі:  Успаміны былой выхаванкі Клецкага дзіцячага дома

 

“Памяць моцна трымае ўсё тое, што хацелася б вельмі забыць”… Гэтымі словамі пачынаецца рукапіс з успамінамі былой выхаванкі Клецкага дзіцячага дома Яніны Кірылаўны Філонавай (Майсюк), які знаходзіцца ў музеі гісторыі Клеччыны. Яго супрацоўнікі, даведаўшыся, што лёс гэтай жанчыны звязаны з нашым горадам, папрасілі, каб яна напісала аб перажытым ёю і яе роднымі ў гады ваеннага ліхалецця.

Яніна Кірылаўна Філонава (Майсюк)

 

“Нарадзілася я ў вёсцы Ганцавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і сялян: Кірыла Аляксандравіча і Гелены Мікалаеўны Майсюк. Сям’я была вялікая - сямёра непаўналетніх дзяцей. Самая старэйшая пятнаццацігадовая дзяўчынка памерла ў пачатку вайны.

Бацьку нашаму споўнілася 45 гадоў і ў войска яго не прызвалі, мабыць, не паспелі, як і другіх мужчын сяла.

Жахі вайны для нашай сям’і, і для аднавяскоўцаў,  пачаліся з самага яе пачатку. Дзед па бацькавай лініі, Аляксандр Іванавіч, быў жывым спалены ў калгаснай канюшні, затым два родныя браты і сястра бацькі з сем’ямі таксама загінулі ў агні ў вёсцы Усохі Барысаўскага раёна  бліз возера Палік, дзе хаваліся з землякамі на балоце ад немцаў.

Каб перадаць усе пакуты, якія прышлося перанесці за ваеннае ліхалецце, спатрэбілася б напісаць цэлую кніжку, таму пачну я толькі з блакады, якая адбывалася вясной 1944 года.

Некалькі вялікіх будынкаў, і ў тым ліку наша хата, чамусьці былі спалены амаль з першых дзён вайны. Таму мы жылі на кватэрах. Потым вёску Ганцавічы спалілі ўсю, і людзі перабраліся ў лес у зямлянкі.

Кадр из фильма "Жила-была девочка".

У блакаду наша сям’я хавалася ў лесе бліз вёскі Швабы Лагойскага раёна, у якой жыла матчына радня. Я ўжо казала, сям’я наша вялікая, і таму схавацца разам было немагчыма з-за таго, што карнікі вельмі ўжо старанна абшуквалі кожны куст, кожную яму. Бацька разам са старэйшымі дзецьмі – чатырнаццацігадовай сястрычкай Наташай і дванаццацігадовым Пецем – ў адным месцы, а маці з малодшымі чатырма – у іншым.

Ужо былі чуткі, што карнікі зусім блізка, і таму людзі спяшаліся схавацца.

Як сёння памятаецца тая страшэнная вясновая раніца 1944 года. Так ласкава свяціла сонейка, на ўсе лады шчабяталі птушкі, і балота зіхацела жоўтымі кветкамі.

Палыхаў агонь і маці штосьці варыла ў кацялку, а мы, галодныя, сачылі за ёй і забаўляліся, ірвучы кветкі. Раптам застракатаў кулямёт і раздаліся аўтаматныя чэргі. Бацька са старэйшымі паспеў схавацца, а маці з малымі - не. Перакуліла чыгунок, каб затушыць агонь, а нас паваліла ў траву, за куст.

Фото носит иллюстративный характер.

Лежачы, мы з жахам назіралі за карнікамі, якія ў чорным адзенні, з закасанымі рукавамі і нейкімі бляхамі на грудзях, з аўтаматамі нагатове ішлі зусім блізка. Можа б усё было добра, калі б, не тая доля-ліхадзейка. Карнікі прайшлі побач, мінулі нас, раздзяліліся на дзве шарэнгі і пайшлі далей. І тут раптам спрасонку закрычаў малодшы двухгадовы хлопчык, які спаў у маці на руках. Яны вярнуліся і пагналі, штурхаючы, нас уперад.

Што там рабілася на балоце - нельга апісаць! Крыкі, страляніна, плач дзяцей і лаянка на чужой мове. Адна з жанчын пакінула свайго трох-чатырохгадовага хлапчука і сама ўцякла. Гэтага малога немцы даручылі нашай маці. Лёс яго вельмі страшны, але пра гэта потым.

Кадр из фильма "Иди и смотри".

Усіх, схопленых на балоце людзей, а іх было вельмі шмат, выгналі на вялізны выган каля Швабы альбо в.Заполле. Стаіць страшэнная спякота, гараць навакольныя вёскі. Чорны дым клубамі ўздымаецца ў неба. Немцы рабуюць усялякае дабро: жывёлу, рэчы, скарб, а людзі з жахам пазіраюць на гэта і чакаюць, што будзе далей.

Рэшткі дня і ноч давялося ўсім правесці тут, пад прыцэлам аўтаматаў і кулямётаў. А назаўтра, ледзь развіднела, пагналі ўсіх у напрамку г.Барысава. Людзі былі стомленыя, напалоханыя, галодныя. Асабліва пакутавалі дзеці, а іх у гэтым вялізным натоўпе было нямала.

Фото носит иллюстративный характер.

Наша мілая добрая маці, як я яе цяпер добра разумею! Чацвёра дзяцей з ёй у гэтым страшэнным пекле і двое старэйшых разам з бацькамі, дзесьці там, у балоце, лёс якіх ёй застаўся невядомым. А мы, тры дзяўчынкі, не разумеючы матчынага болю, моцна трымаліся за яе спадніцу і прасілі піць і есці.

Малодшага, двухгадовага Косцю, яна ўсю дарогу несла на руках, а таго хлопчыка, што пакінула маці, старэйшая сястрычка Вера вяла за ручку. Ён увесь час быў з намі.

Да горада Барысава нас гналі некалькі дзён. Калі прыходзілася начаваць – усіх, як скаціну, згуртоўвалі і вакол абстаўлялі кулямётамі.

Памятаецца, у вёсцы Трасцяніца Барысаўскага раёна людзей сталі заганяць у вялікі будынак і загадвалі браць з сабой ахапкі саломы. Яны зразумелі, што іх будуць паліць жывымі, пра такія жахі ўжо ўсе ведалі і таму сталі плакаць, крычаць, упірацца, а немцы, як жывёлу, білі гумавымі палкамі і прыкладамі.

Фото носит иллюстративный характер.

Што тут рабілася, нельга перадаць на паперы! Можа б і спалілі ўсіх, хто ведае, але, на шчасце, пад’ехала легкавая машына мабыць з высокім начальствам, і нам пашанцавала застацца ў жывых.

Немцы, відаць, вельмі спяшаліся, таму што ў адной з вёсак людзей сталі пагружаць на грузавікі. У гэтай мітусні здарылася самая страшнае для нас, - мы згубілі сваю маці. І вось тут пачалася сапраўдная трагедыя! Нікому не трэба тлумачыць, што такое маці для маленькіх дзяцей, асабліва ў цяжкую гадзіну.

Разам з іншымі нас закінулі ў кузаў грузавіка, а нашы сэрцы разрываліся ад болю і пакут. Доўга плакалі і звалі матулю, пакуль зусім не стаміліся і не страцілі голас. У кузаве бітком набітага грузавіка была незносная жара, і ніхто не хацеў звяртаць увагі на нас, маленькіх дзяўчынак і хлопчыка, якога ўвесь час трымалі каля сябе. Кожны быў заняты думкамі пра сваё гора.

У Барысаве нас змясцілі ў канцлагер, які абнеслі калючым дротам, а па вуглах паставілі вышкі, дзе сядзелі вартавыя з аўтаматамі. Ноччу было вельмі холадна, і мы туліліся адзін да другога, каб крыху сагрэцца, затое днём стаяла нясцерпная спякота. Вельмі хацелася піць і есці, але прасіць не было ў каго. Тады браліся за ручкі і, прыціскаючыся да агароджы, прагна сачылі за немцамі, якія заўсёды, як нам здавалася, штосьці смачна елі.

Кадр из фильма "Мальчик в полосатой пижаме".

Мы працягвалі ручкі і прасілі: “Дзядзечка, дай!” Але “дзядзечкі” здзекваліся з нас: білі па руках гумавымі палкамі і, граючы на губных гармоніках, заходзіліся ад рогату. Старэйшая сястрычка

Вера памятае такі выпадак, калі немец даў маленькай дзяўчынцы ў ручку замест кавалачка хлеба каменьчык, тая хацела пакласці ў рот, потым, разгледзеўшы, кінула на зямлю і стала моцна плакаць, а немцы паваліліся ў траву ад смеху. Але былі і такія выпадкі, калі нам даводзілася выпрасіць па кавалачку хлеба, памазанага маргарынам, альбо цукерку.

У лагеры кармілі нейкай рэдкай баландай і раз у дзень выдзялялі па кавалачку хлеба, падобнага да гліны. Часцей за ўсё нам гэтага не перападала, таму што мы былі малыя і ў нас на чацвярых толькі адна кансервавая банка, якую, злітаваўшыся, хтосьці даў.

Налівалі нам у ее адзін толькі раз, а пра дадатак “забывалі”, бо прасачыць за гэтым не было каму. І гэтую баначку баланды мы дзялілі на чацвярых. Божа, як пакутавалі ад таго, што наша матуля не з намі! Думалі, калі б яна знаходзілася побач, то ўсё было б іншым.

Колькі мы там пакутвалі – добра не ведаем, можа, два месяцы, можа, тры. Нам, малым, здавалася, што гэта было бясконца.

Фото носит иллюстративный характер.

Аднойчы сказалі, што некуды ўсіх павязуць, але ніхто не ведаў куды. З гутаркі дарослых зразумелі: у лагер прыехала нейкае вялікае начальства. Па іх загаду людзей зноў, як скаціну, пачалі сартыраваць. Потым пагрузілі ў таварны цягнік і павезлі на Захад.

Я з жахам успамінаю гэту паездку! Вагон, бітком набіты дарослымі і дзецьмі, быў наглуха закрыты. Пад самай столлю маленькае, забруджанае акенца, ледзьве прапускала святло. У адным з куткоў стаяла, так называлі дарослыя, параша, куды ўсе спраўлялі сваю патрэбу. Нельга дыхаць. Людзі задыхаліся ад духаты і смуроду.

Адзін раз за суткі мянялі парашу і праз адчыненыя дзверы кідалі ў вагон некалькі буханак хлеба, важкага, як цэгла. Але далёка не ўсім шанцавала яго з’есці. Той, хто быў дужэйшы ды бліжэй знаходзіўся каля дзвярэй, толькі і мог ухапіць. З-за гэтага сярод людзей ледзьве не даходзіла да бойкі. Нам, як заўсёды, нічога не даставалася. Калі хто пашкадуе, дасць кавалачак, мы раздзелім на чацвярых, хуценька праглынём і зной сядзім, прытуліўшыся адзін да другога і пазіраем на дарослых.

Акрамя нас, у вагоне таксама былі малыя дзеці, але яны з татамі і мамамі.

Як мы толькі выжылі, я не ведаю. З гутаркі дарослых ведалі, што едзем больш за тыдзень, таму што цягнік часта заганялі ў тупік, каб уступіць дарогу цягнікамі больш важнага прызначэння.

Оккупированный Клецк.

Такім чынам давезлі нас да г.Клецка і тут усіх выгрузілі. Куды падзеліся дарослыя, так і не зразумелі. Памятаецца толькі, што мы, трое сястрычак і той хлопчык, засталіся каля нейкай сажалкі на лужку. Два-тры дні там сядзелі нікому не патрэбныя. Мясцовыя жыхары прыносілі нам ежу, жаласліва ўздыхалі, плакалі, гледзячы на нас. Потым прыехала падвода, пасадзілі ў яе і прывезлі ў нейкія памяшканні. Там іх было некалькі і яны стаялі паўкругам, абнесены высокай дашчатай, шчыльнай агароджай, двор вымашчаны каменнем.

Потым нас памылі, апранулі ў другое адзенне і змясцілі ўсіх дзяўчынак у адным пакоі. Хлопчыка забралі і далучылі да іншых. Сталая жанчына мыла  і плакала, прыгаворваючы: “А мае ж вы даражэнькія, а ці застанецеся ж вы жывымі?” Потым даведаліся, што ў дзяцей тут немцы бяруць кроў для сваіх параненых, а больш старэйшых забіраюць у Германію.

А справа тут была пастаўлена такім чынам, што як толькі шпіталь папаўняўся цяжка параненымі немцамі, адразу ж выбіралі больш здаровых дзетак і, нібыта на праверку, дастаўлялі ў шпіталь для забора крыві.

У старэйшай сястрычкі Веры бралі кроў два разы, пасля чаго ў яе доўга балела галава і з носа ішла кроў. У мяне таксама бралі, толькі не памятаю колькі разоў.

Фото носит иллюстративный характер.

Пасля гэтай працэдуры балела і кружылася галава, была такая слабасць, што увесь час хацелася спаць. Не буду сцвярджаць, бо дакладна не ведаю, але расказвалі (нашай маці, калі яна нас забірала), што непадалёку ад шпіталя была выкапана глыбокая яма, куды пасля забора крыві, кідалі ячшэ жывых, знясіленых дзетак, выратаваць якіх было ўжо немагчыма. Ды ці ж хацелі яны гэта рабіць, добра ведаючы, што возьмуць другіх?

А тых, хто яшчэ вытрымліваў, падлечвалі і вярталі назад. Кармілі дрэнна. Заўсёды хацелася есці, таму дзеці ўцякалі, каб раздабыць сабе ежы, і ячшэ па той прычыне, што старэйшых прымусова везлі ў Германію.  Быў нават загад – караць смерцю тых, хто ўкрываў беглых дзяцей.

Летам 1944 года Чырвоная Армія ўсё бліжэй і хутчэй падыходзіла да горада. Таму немцы старанна ўмацоўвалі яго абарону, падцягвалі жывую сілу і тэхніку.

Праз шчыліны ў агароджы мы бачылі, як бясконца ехалі танкі, а немцы абляпіўшы іх як мухі, весела наігрывалі на губных гармоніках вясёлыя песні. Цэлы дзень раздаваліся бравурныя маршы. Сквер, што знаходзіўся непадалёку, быў забіты зеніткамі і замаскіраванымі танкамі.

Нашае начальства і абслугоўваючы персанал, быццам ветрам здула. Усе, хто страціў сумленне, захапіўшы пажыткі, уцяклі, баючыся расплаты. Засталіся ўсяго некалькі чалавек, якія да канца нас не пакідалі.

Старэйшыя дзеці, хто не быў прымусова вывезены ў Германію, таксама паразбягаліся хто куды. Засталіся толькі малодшыя – 20-30 чалавек, якія збіраліся гурткамі і з жахам чакалі, што будзе далей. Зусім маленькія моцна плакалі і з перапугу забіваліся куды-небудзь у цёмны куточак.

Так і наш знаёмы хлопчык, якога пакінула маці, схаваўся пад ложак, і нельга яго было дастаць. Забягаючы наперад, скажу, што гэтае гаротнае дзіцятка, пра якое ў канцы ўсе забылі, так і згарэла, калі пачаўся пажар.

Кадр из фильма "Война Анны".

Мы, сястрычкі, не спалі ўсю ноч. Селі на падлозе, у куточку і прытуліліся да старэйшай Веркі, якой было 8 гадкоў, а тая, нібы дарослая, як магла, супакойвала нас.

На досвітку пачалася страляніна, ды такая моцная, што з вакон пасыпалася шкло. У аднаго з нашых будынкаў снарадамі знясло дах. Тады адзін з выхавацеляў, не ведаю ні прозвішча, ні імя яго, хуценька сабраў усіх дзетак і размясціў у падвале.

Мы, седзячы там, калаціліся ад страху і праз маленькія акенцы пазіралі на вуліцу, дзе адбывалася жорсткая танкавая бітва. Нечакана да нас спусціліся два немцы з аўтаматамі і, лаючыся, загадалі ўсім хуценька паднімацца наверх. Як толькі ўсе вылезлі, яны, агледзеўшы дзяцей, штосьці загадалі выхавацелю і хутка зніклі. Ён зной апусціў усіх у падвал.

Толькі прабылі мы там нядоўга. Ад снарадаў і разрыўных куль загарэліся амаль усе будынкі. Дым пранік у падвал, сярод дзяцей узнялася паніка. Выхавацель, які ні на хвіліну не пакідаў нас, з вялікай цяжкасцю вывеў усіх. Жудасная карціна прадстала перад вачыма: усе будынкі гарэлі, як свечкі, некаторыя ўжо дагаралі.

Фото носит иллюстративный характер.

Па двары, ачумеўшы ад страху і страшэннай жары, з дзікім іржаннем насіліся некалькі коней. А каля агароджы ляжалі абгарэлыя вялікія тушы свіней. Дзеці разгубіліся і не ведалі куды падзецца. Многія атрымалі апёкі і плакалі. Але наш добры дзядзечка не паддаўся роспачы і не разгубіўся: сумеў сабраць усіх і вывесці з гэтага крамешнага пекла на бульбяное поле. І тут, мы змаглі схавацца. А бітва тым часам разгаралася ўсё мацней і мацней.

Пачалася бамбёжка і паветраная бітва. Лежачы ў бульбоўніку батве, з жахам пазіралі ў неба і бачылі, як ад самалёта адрываюцца адна за другой кропкі і відавочна растуць. Затым чуецца рэзкі свіст, і страшэнны выбух скаланае зямлю. Бачыш, як ляціць бомба і думаеш: вось гэтая прама на мяне.

Стараліся мацней праціснуцца да зямлі і залезці ў густы бульбоўнік, нібыта ў яго гушчары было выратаванне ад бомбаў.

Ад грукату і свісту, нібы ватай, закладвала вушы. Рот перасыхаў, шчапаліся вусны - нічога не адчуваеш і толькі ціхенька шэпчаш: “Божачка, памажы нам,  Божачка, выратуй нас…”

За гэты час, што знаходзіліся на бульбяным полі, нейкім чынам нас двойчы адшуквалі немцы і хацелі кудысьці забраць. Потым ім мусіць моцна “прыпякала”, і яны кідалі нас і хуценька ўцякалі, а выхавацель зноў хаваў.

Увесь дзень да вечара ў горадзе працягваліся жорсткія баі, а мы, знясіленыя, галодныя, стаміліся нават плакаць. Пасля разам усё сціхла, толькі дзесьці далёка бухалі гарматы і дробна стракатаў кулямёт. Калі мы ўжо змаглі вылезці са сваіх сховішчаў, горад нельга было пазнаць: кругом руіны, пажарышчы, глыбокія ямы ад бомбаў, мноства разбітай ваеннай тэхнікі.

На скрыжаванні вуліц, каля былога “прытулку”, стаіць падбіты наш, савецкі танк. Вежа, пакарожаная снарадам, павернута ўбок. На зямлі ляжыць тварам уніз мёртвы абгарэлі танкіст, а каля яго зусім маладзенькі салдацік, падкурчыўшы ногі, але калі б не лужа крыві, якая з-пад яго выцякала, можна было б падумаць, што ён лёг адпачыць.

Фото носит иллюстративный характер.

Наводаль стаяць два разбітыя нямецкія танкі - магутныя “тыгры”, з аднаго яшчэ ідзе едкі чорны дым, вакол іх валяюцца трупы немцаў, відаць, таксама танкістаў. З чым прыйшлі - тое і атрымалі. Бітва толькі што скончылася, і трупы не паспелі падабраць. Пазіраючы на гэтую страшную карціну, мы ўспомнілі, што бітву паміж гэтымі танкамі назіралі праз маленькія падвальныя акенцы.

Потым настаў самы радасны для ўсіх нас час, якога так доўга чакалі! У горад уступілі нашыя войскі. З крывёю і з вялікімі стратамі вызваліўшы горад, яны цяпер ішлі далей, на Захад.

Спачатку бясконца рухалася тэхніка, затым калоны байцоў, якія са слязамі на вачах бралі нас на рукі і, пяшчотна прыхінаючы да грудзей, частавалі: хто лустачку хлеба дасць, хто кавалачак цукру, а хто нават цукерку. Для, дзяцей, гэта было сапраўдным святам! Але нашае свята хутка скончылася са знікненнем апошніх салдат, замыкаючых калону. Вайна для іх яшчэ пряцягвалася, шлях іх ляжаў далей, на Захад.

І тут толькі мы ўспомнілі, што галодныя, зусім знясіленыя, а галоўнае – няма куды прыхіліцца, каб хоць крыху адпачыць пасля ўсяго перажытага. Але і зараз наш выхавацель паклапаціўся аб нас. Можа, ён адзін, а можа, яму хто дапамагаў, аднак было адшукана ўцалеўшае памяшканне, якое прыстасавалі пад дзіцячы дом. Колькі там з сястрычкамі знаходзіліся, я ўжо не памятаю.

Ведаю толькі, што адразу пасля заканчэння вайны наша мамачка якімсьці чынам адшукала нас з намерам забраць дадому. Доўга яе ўсе адгаворвалі, прапаноўвалі застацца працаваць у дзіцячым доме, але яна наадрэз адмовілася, тлумачачы гэта тым, што ёй абавязкова трэба быць дома і дачакацца мужа з фронту. Так яна забрала нас і павезла на Лагойшчыну, туды, дзе з нецярпенням чакалі шаснаццацігадовая сястрычка Наташа і чатырнаццацігадовы брат Пеця і самы малодшы, трохгадовы брацік Косця.

Я ніяк не магу ўцяміць, чаму гэтая ўстанова, дзе мы ў вайну знаходзіліся, называлася дзіцячым домам? Калі наша маці нас забірала, ёй казалі, што гэта быў лагер для непаўналетніх на базе дзіцячага дома, існуючага да вайны.

Бацькі з вайны ячшэ не было, і ніхто з нас не ведаў, вернецца ён жывым ці не. У гэты памятны блакадны 1943 год, пасля таго, як нас забралі немцы, бацька добраахвотна пайшоў на фронт. Ён яшчэ паспеў з баямі дайсці да Берліна, а затым удзельнічаў у вайне з Японіяй. Быў двойчы паранены і меў пяць урадавых узнагарод.

Фото носит иллюстративный характер.

Дома сустрэла сумная карціна. Вёску спалілі немцы датла. Не ўцалела аніводнага будынка. Замест хат сіратліва стаялі заросшыя быллём, абгарэлыя чорныя печы. Людзі, якія  засталіся ў жывых, корпаліся на папялішчах, каб знайсці хоць які, цудам уцалеўшы чыгунок альбо міску. Жылі ўсе ў зямлянках. Такая ж зямлянка на старым папялішчы чакала і нас.

Бедная, бедная наша матуля! Шасцёра малалетніх дзяцей і ні апрануць, ні накарміць няма чым! А ні якай жывёліны не засталося, нават кошкі. За што зачапіць рукі? З чаго пачынаць? А тут неўзабаве напаткала цяжкая бяда: памерла наша малодшая сястрычка Манечка, якая з намі была ў Клецку, прайшла ўсе жахі вайны і ўцалела, а тут смерць скасавала ўсяго за два дні.

Нават пахаваць маленькую не было ў чым, завярнулі ў нейкую посцілачку, так і закапалі. Доўга аплаквалі сястрычку, а мамулечка дачушку, якую толькі што адшукала, ды не сумела зберагчы. Але нічога не зробіш, жыць трэба. Усе мы пачалі чахнуць з голаду. Тады маці ўзяла з сабой старэйшую сястрычку Наташу і падалася на заробкі ў Заходнюю Беларусь.

І ніхто з нас не ведаў, што бачым сваю маці ў апошні раз. Я не буду падрабязна апісваць, як чакалі яе, выбягаючы па некалькі раз за дзень на дарогу, але жывою яе ўжо не ўбачылі. Едучы з дачкой з заробкаў дадому, маці захварэла на дызентырыю. Яе непрытомную знялі з цягніка і разам з дачкою памясцілі ў бальніцу г.Барысава.

Кадр из фильма "Жила-была девочка".

Пасля таго, што ёй давялося перажыць, гэтую цяжкую хваробу яна ўжо перасіліць не змагла і пакінула нас змагацца з пасляваеннай разрухай, голадам і галечай.

Бацька з фронту вярнуўся двойчы паранены, кантужаны, таму часта хварэў і лячыўся ў бальніцы. Дзяцей гадаваць не было каму, тады сельскі Савет вырашыў здаць траіх малодшых у дзіцячы дом г.п.Плешчаніцы. Ды гэта ўжо другая частка нашага жыцця, аб якой таксама можна шмат напісаць.

На заканчэнне сваіх успамінаў я хачу нізка, да самай зямлі, пакланіцца і сказаць вялікі дзякуй (калі ён яшчэ жыве) таму, хто, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваў нас ад немінучай смерці, ні на хвіліну не пакідаючы малалетніх дзяцей.

Думаю, што са мною згодзяцца ўсе тыя, хто знаходзіўся разам з намі і застаўся ў жывых. Дзе Вы цяпер, дарагія мае пакутнікі апісаных падзей? Куды б Вас не закінуў лёс, абавязкова адгукніцеся!”

Падрыхтавана ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *