Чараўніца з «Ізабэлы»

Прыгажосць выратуе свет»  – з гэтымі словамі вялікага класіка Ф.М.Дастаеўскага складана спрачацца. Яны прыходзяць мне на розум, калі бачу за работай сапраўднага майстра, цырульніка Ірыну Забэла. Я ўжо не першы год з’яўляюся яе кліенткай і заўсёды здзіўляюся, з якой любоўю і прафесіяналізмам яна выконвае сваю справу. Кожнай жанчыне і дзяўчыне яна падбірае стрыжку і прычоску па густу, што надае ўпэўненасці ў сабе, стварае добры настрой. За час нашага знаёмства мы з Ірынкай сталі сябрамі. Дарэчы, у цырульніцкую справу яна прыйшла зусім невыпадкова.

З ранняга дзяцінства дзяўчынка марыла стаць дызайнерам. Рабіць прычоскі пачынала на ляльках, добра малявала, сама стварала эскізы. І яе мары ўдалося здзейсніцца. Ірынка паступіла ў Віцебскі дзяржаўны індуст­рыяльна-педагагічны каледж на бюджэтнае аддзяленне. Вучоба ёй вельмі падабалася. На заняткі ішла з задавальненнем, кожны дзень адкрывала штосьці новае і цікавае. За час вучобы з’яўлялася ўдзельнікам шматлікіх конкурсаў і фестываляў цырульніцкага майстэрства, вынікам якіх былі ганаровыя граматы і дыпломы. Асабліва паспяховым стаў фестываль «Залатыя нажніцы», дыплом па выніках якога красуецца на рабочым месцы Ірыны.

Пасля заканчэння каледжа працоўны шлях пачынала ў салоне «Рэгіна», дзе адшчыравала тры гады – плённа, паспяхова, мела сваіх пастаянных кліентаў, якім рабіла прыгожыя і стыльныя прычоскі. І нездарма многія кляччане майстэрства Ірыны адзначалі «знакам якасці».

Спярша кліенткай Ірыны Забэла стала мая дачушка, а затым – і я сама. Мы заўсёды вярталіся з цырульні ў добрым настроі, з прыгожымі прычоскамі і ўсмешкамі на тварах.

Так праляцелі тры гады. Здавалася, усё складалася ў майстра паспяхова. Але Ірынка з катэгорыі тых людзей, якія не задавальняюцца дасягнутым. Яна – у пастаянным пошуку, любіць эксперыментаваць, у паўсядзённай працы імкнецца знаходзіць штосьці новае.

Бясконцыя пошукі і спробы прывялі дзяўчыну ў сталічны салон «Азалія», дзе Ірына ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства, чэрпае шмат новага для сябе, робіць розныя сучасныя стрыжкі і – не адвесці вачэй – прычоскі. Адным словам, дэманструе свой уласны почырк майстра. У Мінску ў яе таксама з’явіліся свае кліенты. Здавалася, усё ў жыцці дзяўчыны скла­дваецца найлепшым чынам.

Але Ірына, як асоба неардынарная і творчая, вырашыла ўзяць яшчэ адзін жыццёвы рубеж і, на мой погляд, даволі па­спяховы. Яна вяртаецца на радзіму і адкрывае ўласную цырульню «Ізабэла». Спачатку з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, а затым  стварае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. І вось ужо 2 гады з дапамогай бацькоў, сяброў, знаёмых шчыруе на ўласнай ніве,  укладваючы ў цырульніцкую справу часцінку сваёй шчодрай душы і чулага сэрца. Яе стрыжкі і прычоскі, над якімі чаруюць спрытныя і таленавітыя дзявочыя рукі, маюць фірменны стыль, дапамагаюць жанчынам стаць прыгожымі і спрыяюць іх уласнай індывідуальнасці.

Поспехаў і плёну ў працы табе, Ірынка! А шматлікія кліенты, упэўнена, не раз яшчэ цябе адораць шчырым «дзякуй».

Людміла Цімавец, г.Клецк.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *