Дзякуй за перамогу, ветэраны!

Дзень Перамогі – святая дата для Беларусі. Сёлета мы святкавалі 65-ую гадавіну Вялікай Перамогі. З гэтай нагоды 9 Мая на плошчы Маякоўскага ў Клецку адбыўся ўрачысты мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Позіркі прысутных былі скіраваны да людзей шаноўнага ўзросту, якія прайшлі ваеннымі сцежкамі, прынеслі нам гэты светлы мірны майскі дзень.

Мітынг адкрыў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М.М.Мацуль:

– Сёння мы адзначаем вялікае свята. У гэты гістарычны і ўрачысты дзень выказваем глыбокую ўдзячнасць ветэранам, усім, хто застаўся верным воінскай прысязе і вынес на сваіх плячах цяжар вайны, здзейсніў ратны і працоўны подзвіг, даў магчымасць будучым пакаленням жыць пад мірным небам роднай Айчыны. Мы схіляем галовы перад веліччу подзвігу тых, хто зрабіў крок у бессмяротнасць, хто прыняў смерць у імя будучага, дзеля жыцця на зямлі.

Са словамі шчырай удзячнасці, павагі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта А.С.Бойка:

– 65 гадоў назад адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны, пакінуўшы пасля сябе сотні тысяч разбураных гарадоў, мільёны пакалечаных лёсаў. Больш за мільён суайчыннікаў і ўраджэнцаў нашай краіны змагаліся з фашызмам на яе франтах. У тыле ворага на акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі 6200 партызанскіх атрадаў і падпольных груп. 441 беларус быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, 65 – сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

З кожным годам усё далей у гісторыю адыходзяць падзеі самай страшнай вайны ХХ стагоддзя. Але памяць аб тых, хто адстойваў свабоду і незалежнасць Радзімы, жывая. Яна, як іскры Вечнага агню, палае ў сэрцах мільёнаў людзей пасляваеннага пакалення, якія прыйшлі з кветкамі да самых святых мясцін, каб сказаць дзякуй за жыццё. І сёння з намі слаўныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай Х.І.Абрамовіч, І.А.Блінец, П. Д.Галенчык, М.Ф.Ганчарык, І.Д.Дзейка, К.І.Кіневіч, Л.І.Канявега, А.І.Куракоў, Л.В.Логутава, Л.Л.Рамашка, В.І.Салата, К.В.Семяновіч, М.М.Сакалоўскі, І.С.Спосаб, С.С.Шэйка. Ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў прыміце шчырыя віншаванні з 65-ай гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Віншавальныя словы кляччанам адрасавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь А.А.Новік, старшыня камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Мінаблвыканкама І.М.Шматко, начальнік штаба, першы намеснік камандзіра вайсковай часці 03522 Узброеных Сіл Ра­сійскай Федэрацыі Л.І.Сіналуп, старшыня Клецкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў А.Ф.Штэльмах, намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Гамма вкусов» Ю.П.Крыўко, першы сакратар Клецкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» К.В.Канановіч. У словах выступаючых гучала шчырая ўдзячнасць ветэранам, захапленне доблеснымі франтавікамі і працаўнікамі тылу за бясцэнны ўклад у Вялі­кую Перамогу, за гераізм і мужнасць. Наш абавязак – акружыць ветэранаў, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш, клопатамі, увагай і пашанай.

Кіраўнікі раёна і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў усклалі вянкі да помніка воінам-вызваліцелям. Благачынны Клецкай акругі настаяцель Свята-Уваскрэсен­скай царквы, Пратаіерэй Матфей Белаус адслужыў малебен за загінуўшых воінаў.

А затым пачалася тэатралізаваная літаратурна-музычная кампазіцыя «У імя жыцця на зямлі», у якой дэманстравалі сваё мастацтва танцавальныя калектывы ДШМ і РЦК, духавы аркестр. Бадзёра прайшла па плошчы калона спартсменаў раёна.

Пад гукі аркестра гараджане і госці накіраваліся ў парк адпачынку, дзе іх чакала шмат уражваючых мерапрыемстваў. Ветэраны Вялікай Айчыннай па­спрабавалі салдацкай кашы. Кляччан зачаравалі меладычныя гукі духавых аркестраў. Дзетвару захапіла забаўляльная праграма «Радуга детства». Лепшых выявіў другі фінал фестывалю франтавой песні «Песни юности наших отцов». А фінішаваў той незабыўны святочны дзень танцавальнай праграмай і неперадавальным відовішчам – феерверкам.

Свята – гэты майскі дзень – будзе заўсёды з намі. Таму што гэта даніна павагі нашым ветэранам.

Ірына Уласень.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *