«Праз прызму шкла». Кляччанка аднавіла ў раёне мастацтва роспісу на шкле

 

Народны майстар Беларусі Вольга Пілецкая тры гады таму аднавіла на Клеччыне прызабыты від мастацтва – роспіс на шкле.

Зямлячка расказала, калі зацікавілася маляваннем карцінак, якія ў 60-я называлі відзікамі, ад слова «від».

– Падчас удзелу ў выставе «Калядныя ўзоры» ў Мінску мяне вельмі здзівілі малюнкі на шкле на чорным фоне, – успамінае Вольга. – Захацелася самой паўтарыць такія вырабы. Пачала знаёміцца з тэхналогіяй. Чытала інфармацыю ў кнігах. Вельмі каштоўным аказаўся вопыт Яўгена Сахуты, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Вывучаючы гісторыю рамяства, В.Пілецкая даведалася, што найбольшага развіцця роспіс на шкле дасягнуў у 20-я і 60-я гады. У тыя часы у кожным вясковым доме маляванкі былі абавязковым элементам інтэр’ера. У наступныя дзесяцігоддзі інтарэс да іх знізіўся, і яны выйшлі з моды. У 90-я напісаныя фарбай карціны на шкле прызналі кічам і больш не даследавалі. А цяпер яны зноў вызываюць цікавасць у мастацтвазнаўцаў і знаходзяцца на піку сваёй папулярнасці.

Карыснымі для майстра аказаліся экспедыцыі сумесна з супрацоўнікамі музея гісторыі Клеччыны. У рабочых паездках па вёсках нашага раёна спецыялісты знайшлі захаваўшыяся да нашых дзён вырабы.

– Фотаздымкі з энцыклапедый не перадаюць усё хараство малюнкаў на шкле, – патлумачыла Вольга. – Відзікі, якія трымаеш у руках, – найлепшы «падручнік» па вывучэнні тэхнікі роспісу. Па ім можна ўбачыць асабісты почырк аўтара. Напрыклад, работы Аляксандры Кутняй з вёскі Дамарацкія Клецкага раёна адрозніваліся ад традыцыйных, але яна таксама прымяняла пяро і туш. У выніку даследавання навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольгі Трубач высветлілася, што жанчына (1919 -1988 г.н.) малявала да сотні відзікаў у месяц. Сёння адна з яе карцін захоўваецца ў мясцовым музеі. А Ганна Лобка з Кухчыц да гэтай пары зберагла даўно набыты роспіс-абраз.

Па словах суразмоўцы, па свайму прызначэнню карцінкі на шкле падзяляліся на тры віды: рэлігійнага характару, інтэр’ерныя розных жанраў, карціны-рамкі для фатаграфій. Найбольш распаўсюджанымі сюжетамі былі: выявы галубкоў, паненкі з капялюшамі, кветкі, казачныя героі.

Ідэі мінулага зямлячка рэфармуе пад сучаснасць:

– Бяру традыцыйныя карцінкі і раблю іх больш гарманічнымі. Стылізую, дапрацоўваю дэкор. Стараюся, каб выраб выглядаў стылёва і ўпісаўся ў любы інтэр’ер. Калі малюю сучасны вобраз, то захоўваю ранейшую тэхналогію выканання. Заўсёды прытрымліваюся пэўных канонаў: выкарыстоўваю туш, пяро, фон раблю блакітным або чорным.

В.Пілецкая адзначыла, што прыхільнікам яе творчасці больш за ўсё палюбіліся выявы тыграў і галубкоў. Яны маюць попыт не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

– Спачатку тыгрыкаў, якія адлюстроўваюць каханне, намалявала на сумачцы па замове дызайнера з Мінска Таццяны Іоські, – удакладніла субяседніца. – Потым перанесла іх на шкло. Пазітыўны матыў выклікаў інтарэс сярод людзей.

Вольга Аляксандраўна расказала, як нараджаецца шкляное палатно. Адразу яна робіць эскіз. Гэта самае цяжкае. Наступны этап – прыкладае шкло і пяром чорнай тушшу абводзіць контур карцінкі ў становішчы «наадварот». Затым залівае фон. Фарбы наносіць так, каб яны не дакраналіся тушы. Дарэчы, малюе з аднаго боку, і кожны колер прасушвае паасобку. Напрыканцы кладзе змятую фольгу пад памер шкла.

– Апошнія штрыхі самыя цікавыя, – прызнаецца Вольга. – Бо не ведаеш, як будзе выглядаць выраб. З нецярплівасцю чакаю моманту, калі перавярну шкло на фольгу і ўбачу, што атрымалася. Дзякуючы ёй відзік набывае пералівы. А само шкло стварае 3D-мадэль.

Загадчык сектара традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага цэнтра культуры пастаянна ўдзельнічала са сваімі работамі ў выставах і кірмашах раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў, праводзіла майстар-класы, навучала выхаванцаў гуртка «Чердачок» роспісу на шкле. Нягледзячы на тое, што цяпер Вольга знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, яна знаходзіць магчымасць заняцца творчасцю.

Варта адзначыць, што такая праца карпатлівая, патрабуе сіл і часу. З ёй можа справіцца толькі сапраўдны прафесіянал. В.Пілецкая шчыра сказала:

–  Для мяне – гэта асалода для душы. Роспіс на шкле – частка нашай гісторыі. Калі ты маеш статус народнага майстра Беларусі, то твая задача – захоўваць і папулярызаваць мастацтва. Каб яно жыло і перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Ірына ЖДАНКО.

Фота Іны ФЕДАРЧУК.

«Праз прызму шкла». Кляччанка аднавіла ў раёне мастацтва роспісу на шкле: 1 комментарий

  • 05.09.2023 в 9:41 пп
    Permalink

    Пашана народным умельцам!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *