У Клецку прайшла выстава «Мова арнаменту»

 

17 жніўня супрацоўнікі музея гісторыі Клеччыны арганізавалі выставу пад адкрытым небам "Мова арнаменту" і правялі экскурс  з элементамі інтэрактыву для наведвальнікаў.

Вольга Яфрэмава, старшы навуковы супрацоўнік музея, расказала, што на выставе прадстаўлена найбольш цікавая частка экспанатаў з двух калекцый музея: «Тканіны», якая ўключае 342 прадметы, і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» – 165 экзэмпляраў.

 

 

– Раней людзі не ўмелі чытаць і пісаць, таму майстрыхі свае думкі, пажаданні, пачуцці вобразна паказвалі ў тканых ручніках, посцілках, абрусах, – паведаміла спецыяліст. – Што ні ўзор – то сімвал, які меў сваё значэнне. У сённяшняй экспазіцыі прадстаўлены ручнікі з найбольш распаўсюджанымі вобразамі: ураджаю і ўрадлівасці, вады, жаночай долі, кахання, дзяцей. Некаторым з іх ужо больш за 100 гадоў. Вышытыя карціны мясцовых майстрых зроблены ў 50-60 гадах. Ёсць таксама і сучасныя.

Вольга Мікалаеўна адзначыла, што выстава цікавая тым, што ў ёй сабраны прадметы, якія тычацца менавіта нашага раёна. Яны з’яўляюцца бяздоннай крыніцай культурна-гістарычных звестак, своеасаблівай аповесцю пра жыццё народа і яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні.

Ірына ЖДАНКО.

Фота Іны ФЕДАРЧУК і музея гісторыі Клеччыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *