Народны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца” адзначыў юбілей

 

“Жывіца» –такую пяшчотную і мнагазначную назву носіць народны клуб кампазітараў і паэтаў, які працуе пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Яе членамі з’яўляюцца творчыя людзі Мінскай вобласці, сярод якіх ганаровы білет “жывічаніна” маюць і нашы землякі з Клеччыны. Клуб быў створаны ў 2002 годзе, і ўжо праз чатыры гады змог атрымаць званне “народны”, якое прысвоіла яму калегія Міністэрства культуры. Аб’яднанне мае свой статут, пашпарт і песню-гімн, аўтарамі якой з’яўляюцца Лілія Мялешка (г. Клецк) і Алег Пяткун (Дзяржынскі раён).

У клубе прадугледжана фіксаванае членства. Сёння колькасць членаў “Жывіцы” перасягнула150 чалавек! Гэта людзі рознага ўзросту і розных прафесій, але ўсіх іх аб’ядноўвае неабыякавасць і любоў да паэтычнага слова і музыкі. Усе яны актыўныя, жадаюць мець зносіны з аднадумцамі, удзельнічаць у абмеркаванні сваіх уласных твораў, хочуць вучыцца на прыкладах масцітых паэтаў і кампазітараў.

Усе, хто прыязджае на творчыя спатканні, без сумнення застаюцца задаволенымі ад убачанага і пачутага. Кожны наведвальнік пакідае зал паседжанняў не толькі  ўражаны, але і натхнёны на новыя задумкі, у чым вялікая заслуга нязменнага кіраўніка народнага клуба Ірыны Аляксандраўны Карнаухавай. Дзякуючы яе арганізатарскім здольнасцям, шырокаму колу знаёмых, праграмы клуба заўсёды добра прадуманы, адбываюцца сустрэчы з кампазітарамі, вядомымі паэтамі, членамі Саюзаў пісьменнікаў і кампазітараў Рэспублікі Беларусь; выязныя пасяджэнні, знаёмствы з іншымі аб'яднаннямі, семінары-практыкумы, конкурсы і канцэрты, прэзентацыі дыскаў і зборнікаў. Работа клуба арганізуецца па дзвюх секцыях – паэтычнай і музычнай. Перыядычна праводзяцца і сумесныя пасяджэнні.

У “Жывіцы” існуюць свае цудоўныя традыцыі. Адна з іх –  справаздачныя гадавыя канцэрты, якія падсумоўваюць зробленае за год. Не змянілі жывічане сваю традыцыю і сёлета, толькі на гэты раз яна была вельмі прыгожая і з размахам. Яно і не дзіўна! Народны клуб святкаваў свой круглы юбілей –20 гадоў! Узрост проста зайздросны, яркі, малады, перспектыўны! Толькі, калі ўдумацца, што такі шлях прайшоў калектыў аднадумцаў, якія жывуць у самых розных куточках Міншчыны,  гэта не так і мала! А шлях які!  Самабытны, слаўны, плённы! За час дзейнасці “Жывіцы” выдадзена больш за 20 паэтычных і песенных зборнікаў, у якіх рэгулярна друкуюцца нашы землякі: Л. В. Мялешка, Г. І. Нупрэйчык (Плакса), Т.К. Цвірка і некаторыя іншыя. Убачылі свет таксама больш за 10 песенных дыскаў.

Творы аўтараў клуба неаднаразова публікаваліся на старонках газет “Мінская праўда”, “ЛіМ”, часопісаў “Маладосць”, “Полымя” і інш.  Кампазітары і паэты клуба перыядычна ўдзельнічаюць у конкурсах розных узроўняў (ад абласных да міжнародных) і атрымліваюць вышэйшыя ўзнагароды. Іх опусы гучаць у эфіры “Сталічнага тэлебачання”, БТ-1, БТ-2, АНТ, БТ-3, Беларускага радыё на I нацыянальным канале і канале “Культура”.

Супрацоўніцтва з іншымі таленавітымі людзьмі спадарожнічае развіццю кожнай індывідуальнай асобы, яе творчага патэнцыялу. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву і плённай працы саміх аўтараў, 28 паэтаў уваходзяць у склад АА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, тры з якіх – з Клечыны.

11 снежня у Доме літаратара па вуліцы Фрунзе, 5 у Мінску было шумна і інтрыгуюча. Актавая зала з самага ранку прымала “жывічан” і  ганаровых гасцей, сярод якіх былі старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, празаік, паэт, публіцыст Леанід Крыванос, намеснік дырэктара ДУ “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” Вікторыя Ярмоленка, член праўлення грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў” Ліліяна Анцух, старшыня Мінскага аддзялення Беларускага фонда міру Дзмітрый Карань, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэспубліканскіх СМІ, нацыянальнага радыё і іншыя.

Шыкоўныя строі, узнёслы настрой, мілыя ўсмешкі і непрыхаванае хваляванне… “Жывічане” святкуюць 20-гадовы юбілей! І так цёпла, так шчыра падтрымліваюць адзін аднаго! Перад справаздачным канцэртам у файе адбылося ўзнагароджанне самых актыўных членаў. 29 грамат Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, 3 граматы СПБ, ганаровыя граматы Беларускага саюза музычных дзеячоў і ГА “Беларускі фонд міра”; 9 падзяк Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (іх атрымалі і нашы зямлячкі Г. Нупрэйчык і Л. Мялешка) – такія ўзнагародызнайшлі сваіх герояў, удзельнікаў Мінскага абласнога народнага клуба.

А потым са сцэны Дома літаратара ліліся песні, гучалі вершы. Канцэртная праграмма клуба-юбіляра была насычанай і вельмі цікавай. Паэты з акцёрскім майстэрствам дэкламавалі свае вершы, а аўтары-выканаўцы і творчыя калектывы здзіўлялі сапраўдным прафесіяналізмам! Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, людзі змаглі дабрацца да Мінска з самых розных куточкаў вобласці. Сярод удзельнікаў канцэртнай праграмы – жыхары Жодзіна,Салігорска, Барысава, Маладзечна, Вілейкі, Стаўбцоў, Уздзеншчыны, Беразіно, Мінскага раёна, Нясвіжа, Пухавіцкага раёна, Смалявіч,Заслаўя, Фаніпаля і, вядома ж, Клецка. Наша трыо, у складзе Таццяны Цвірка, Галіны Нупрэйчык (Плаксы) і Івана Бобкі стварыла музычна-паэтычную кампазіцыю “Восеньскі дывертысмент”, якая, мяркуючы па  гучных апладысментах гледачоў, вельмі спадабалася.

Да самага вечара гудзеў Дом літаратара. Удзельнікі свята абменьваліся ўражаннямі, падарункамі, віншавалі свайго кіраўніка, выказвалі планы і пажаданні на будучае,  яшчэ доўга спявалі разам прыпеўкі пад баян, песні пад гітару, чыталі адзін аднаму вершы, байкі… Многія з “жывічан” напісалі прысвячэнні любімаму клубу, сярод якіх і верш Т. Цвіркі:

“ЖЫВІЦЫ”

Клуб паэтаў і музыкаў, ты адзіны

Верны сябра, родная крывінка!

Я звярнуся да цябе, як да жанчыны,

Ты – Багіня! Ты –  наша жывінка!

 

Ты паэтычна-песенная, сталая!

Прэстыжная, разважлівая, годная.

Надзейная, жывучая, трывалая,

Шаноўная, любімая, народная!

Заслужаная і аўтарытэтная!

Вытокнатхнення, кропка дум адпраўная.

Матуляклапатлівая, шматдзетная…

Чытай! Спявай! Жыві!

“Жывіца”слаўная!

 

Адшумела свята. А жыццё працягваецца! Будуць новыя сустрэчы, новыя кнігі, новыя песні! Вельмі хочацца, каб членамі абласнога клуба па магчымасці станавіліся і нашы таленавітыя клецкія паэты і самадзейныя кампазітары. Іх у нас нямала. Не саромейцеся праяўляць свой творчы патэнцыял, калі ёсць такая цудоўная магчымасць. Сустрэчы ў клубе “Жывіца” рэгулярна праводзяцца ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна,  па вуліцы Гікала, дом 4 кожую трэцюю нядзелю месяца.

Шчаслівага табе шляху ў трэцім дзясятку часу, народная “Жывіца”!

Т. Жнівеньская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *