Стымул – рухавік плённай працы

Моладзь Клеччыны адрозніваецца сваёй заўзятай зацікаўленасцю ў выніках выконваемай справы, нераўнадушная да абставін і падзей, што адбываюцца ў раёне, прымае ў іх самы непасрэдны ўдзел. Вось і падчас чарговай масавай сельскагаспадарчай кампаніі – вясенняй пасяўной – адзначаецца актыўнасць маладых працаўнікоў: аратых, сейбітаў, хлебаробаў.

Найперш адзначу, што напярэдадні сяўбы быў створаны маладзёжны штаб па забеспячэнні вясенняй пасяўной, начальнікам якога з'яўляецца Л.В.Абрамовіч, а таксама база дадзеных аб маладых працаўніках, задзейнічаных на ёй. Усяго ў масавай кампаніі прымае ўдзел 61 механізатар ва ўзросце да 31 года, у асноўным – члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Найбольшая колькасць маладых кадраў (але гэта зусім не азначае, што нявопытных) у РУСП "Племянны завод "Чырвоная зорка" – 18 чалавек, па 6 – у "Шчэпічах" і "Морачы", па 5 – у "Заастравеччы" і "Лазавічах". Усе яны разам аўтаматычна прымаюць удзел у абласной інтэрнет-акцыі "Дошка гонару", раённых спаборніцтвах сярод маладых механізатараў, задзейнічаных на вясенняй пасяўной, пераможцы якой будуць ўзнагароджаны ў ходзе аднаго з раённых рухомых шматпрофільных цэнтраў.

Літаральна днямі члены маладзёжнага штаба разам з райкамам прафсаюза работнікаў АПК правялі акцыю "Самы малады ўдзельнік пасяўной", якім вызначаны мезанізатар Дзмітрый Валчок з СВК "Грыцэвічы". Юнаку ўсяго 19 гадоў. Маючы за плячыма набытую спецыяльнасць у Клецкім СПЛ, уладкаваўся на працу ў гаспадарку. Напачатку атрымаў у распараджэнне старэнькі МТЗ-82, з якім быў задзейнічаны на абслугоўванні жывёлагадоўчай галіны. Але цяга да зямлі, працы на бязмежных палеткавых прасторах перамагла. Неўзабаве кіраўніцтва даручыла яму больш новы трактар – МТЗ-1221, які ён сам рамантаваў, "падлечваў". І вось мы сустрэлі юнака на палетках, дзе ён рыхтаваў агрэгатам КЧН-4,2 глебу да сяўбы.

Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Л.В.Абрамовіч, узнагароджваючы Дзмітрыя, выказала надзею, што ён з годнасцю будзе несці званне хлебороба, стане адным з перадавых у раёне, магчыма, прыме ўдзел у конкурсе на лепшага аратага, а пакуль што атрымаў сімвалічны падарунак – спецаддзенне з надпісам "Малады працаўнік Міншчыны".

Сціплы, нешматслоўны, але задаволены сваёю работай, Дзіма хутка ўскочыў у кабіну трактара, адрэгуляваў агрэгат і рушыў наперад. Атрымаўшы стымул да далейшай плённай працы, прыступіў да добрасумленнага выканання сваіх абавязкаў.

Ірына Шаг.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *