Краязнаўства – неад’емная частка захавання культурных традыцый Клеччыны

Сустрэча калег – гэта заўсёды значная падзея ў жыцці прадстаўнікоў тых ці іншых прафесій. Маладыя і пачынаючыя з задавальненнем пераймалі майстэрства і вопыт у сталых бібліятэкараў,  вучыліся ў іх зносінам з людзьмі ў час правядзення семінара "Роля краязнаўства ў захаванні культурных традыцый рэгіёна", які адбыўся на базе Галавацкай СБ.

Задачы семінара ва ўступным слове акрэсліла дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л.У.Цімавец.

Тых, хто даўно не быў у гэтай бібліятэцы, прыемна ўразіў будынак – адноўлены ў рамках будаўніцтва аграгарадка Галавачы. Адбыліся змены і ў рабоце самой культурнай установы. Аб іх паведаміла, а заадно  і правяла экскурсію бібліятэкар Г.В.Карсюк. Удзельнікі семінара атрымалі задавальненне ад новага, з густам аформленага пакоя, дзе ўсё падпарадкавана зручнаму і аператыўнаму абслугоўванню маленькіх чытачоў. Там размясціліся кніжны фонд, вырабы, створаныя  рукамі ўдзельнікаў клуба дзіцячай творчасці "Самоделкин". І на нейкі момант, напэўна, здалося, што любімыя казачныя героі, прыгожы церамок, кораб казак, неверагодная драўляная кніга перамясціліся з кніжных старонак  на палічкі гэтага  дзіцячага пакоя.

Затым удзельнікам семінара быў прапанаваны вечар успамінаў "Прекрасное далеко" з мультымедыйным суправаджэннем. На сустрэчу з бібліятэкарамі прыйшлі людзі, якія шмат гадоў аддавалі свае веды і вопыт вучням. Гэта настаўнікі Павел Пятровіч і Лілія Адамаўна Шостакі, Ніна Антонаўна Янава, Галіна Сцяпанаўна Шыкуць – з непаўторным лёсам, авеяным ваенным ліхалеццем, раннім сіроцтвам, пазбаўленыя дзяцінства. Але, нягледзячы ні на што, гэтыя людзі вывучыліся, атрымалі патрэбную грамадству прафесію, радаваліся кожнаму дню. Радуюцца жыццю яны і  сёння.

Усё ўбачанае і пачутае, уключаючы паказальнае мерапрыемства  "Прекрасное далёко", не пакінула нікога раўнадушнымі. А.І.Войцік, Г.К.Пільневіч – загадчыкі Сіняўскай і Кухчыцкай СБ і бібліятэкар Тучанскай В.І.Здрок абмяняліся вопытам работы ў рамках вучобы кадраў і выказалі свой пункт гледжання наконт тэмы семінара. Шмат карыснага для сябе перанялі прысутныя і з выступлення загадчыка аддзела маркетынга ЦБ Л.А.Рудэнка "Бібліятэка – цэнтр адраджэння нацынаяльнай культуры, літаратуры, гісторыі свайго краю".

У рабоце семінара прымалі ўдзел начальнік аддзела культуры райвыканкама С.А.Чалык, якая падагульніла вынікі, і вядучы спецыяліст Н.К.Зуйкевіч.

Ірына Уласень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *