Пракладаючы шлях да зорак

Космас  у нашай  свядомасці трывала  асацыіруецца з імёнамі касманаўтаў Юрыя Гагарына, Германа Цітова, Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і іншых. З вучоных – “бацькоў” касманаўтыкі можам назваць хіба што К.Цыалкоўскага ды С.Каралёва. А між тым, кожнаму палёту папярэднічае вялікая работа навуковых калектыва, у якой задзейнічаны спецыялісты самых розных абласцей – матэматыкі, фізікі, медыкі, псіхолагі і інш. Пра іх грамадскасць, як правіла, не ведае. Але без іх карпатлівай працы касмічныя палёты так бы і засталіся няздзейсненай марай. Адным з тых, хто пракладваў шлях да зорак першым савецкім касманаўтам, быў наш зямляк Аляксандр Аляксандравіч Піваварчык.  Яго прозвішча ўнесена ў энцыклапедычны даведнік “Великая Россия. Имена”.  На жаль, у беларускіх энцыклапедыях яно не згадваецца.

Ён нарадзіўся 1 лістапада 1937 г. у вёсцы Загорная (тады яна называлася Балвань)  у  сям’і Аляксандра і Марыі Піваварчыкаў.  Бацькі працавалі на зямлі, ніколі не пакідаючы  роднай вёскі. Тут жа жыве малодшы брат Аляксандра Аляксандравіча  Георгій і старэйшая сястра Яніна. А вось яму самому быў наканаваны іншы лёс. Скончыўшы з залатым медалём Грыцэвіцкую сярэднюю школу, Аляксандр паступіў на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1960 г. малады спецыяліст з  дыпломам  настаўніка матэматыкі сярэдняй школы, як адзін з лепшых выпускнікоў, атрымаў незвычайнае накіраванне – у Навукова-даследчы  інстутут № 4, які знаходзіўся ў падпарадкаванні Міністэрства абароны СССР.  Тут яму давялося працаваць пяць гадоў, спачатку інжынерам, а потым малодшым навуковым супрацоўнікам. Спецыялісты НДІ-4 займаліся навуковымі распрацоўкамі першых касмічных палётаў. Даследваннямі кіравалі піянеры савецкай ракетна-касмічнай тэхнікі, выдатныя навукоўцы, лаурэаты Ленінскай прэміі П.Эльясберг, І.Яцунскі, А.Брыкаў. Начальнікам упраўлення, дзе пачаўся працоўны шлях нашага земляка, быў І.Мешчаракоў – будучы Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы.

1960 г. – час касмічнай гонкі. Савецкі Саюз ужо вывеў на арбіту першы штучны спадарожнік Зямлі; ужо вярнуліся з палёта першыя “касманаўты” – сабакі Белка і Стрэлка. Поўным ходам ішла падрыхтоўка да палёту чалавека. Касмічнымі даследаваннямі займаліся лепшыя вучоныя краіны.  А.Піваварчыку давялося весці распрацоўкі, звязаныя з палётамі першых касмічных аб’ектаў серыі “Космас”  і першых касманаўтаў (Ю.Гагарына, А.Нікалаева, П.Паповіча, В.Церашковай, В.Быкоўскага). Акрамя таго, ён прымаў удзел у аператыўных работах па забеспячэнні палётаў у Каардынацыйна-вылічальным цэнтры. За паспяховае выкананне пастаўленых задач неаднаразова быў адзначаны падзякамі ад розных інстанцый, у тым ліку і ад  Галоўнакамандуючага  Узброенымі сіламі СССР.  Пры  гэтым сам ён свае заслугі ацэньвае сціпла, у аўтабіяграфіі піша: “… у той час я быў шараговым супрацоўнікам. Такіх, як я, працавалі дзесяткі тысяч і кожны з іх заслугоўвае ўсялякіх пахвал. Гэта былі людзі апантаныя: ішла барацьба новых ідэй і новых накірункаў. Яна была жорсткай, але справядлівай. Тыя, якія працавалі побач са мной, былі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, і у іх можна было многаму навучыцца – было б жаданне. Мне пашанцавала, што свой працоўны шлях я пачаў менавіта ў такім калектыве.”

Неўзабаве перад НДІ была пастаўлена новая задача. Належыла вызначыць магчымасць стварэння  аднаступенчатага касмічнага апарата, здольнага выходзіць на арбіту Зямлі. Цяпер яны называюцца паветрана-касмічнымі самалётамі (ПКС). Непасрэдна А.Піваварчыку было даручана  разгледзець магчымасці выкарыстання розных камбінаваных рухавікоў.  Пазней быў створаны асобны праектна-канструктарскі сектар, дзе Аляксандр Аляксандравіч працаваў старшым інжынерам.  Практычную работу ён сумяшчаў з навукова-доследнай дзейнасцю. У 1969 г. абараніў дысертацыю на званне кандыдата тэхнічных навук, прысвечаную распрацоўцы новых касмічных апаратаў. Вучоная рада аднагалосна падтрымала суіскальніка. Праз нейкі час асноўныя палажэнні дысертацыі былі надрукаваныя ў другім выданні кнігі “Асновы тэорыі палёту і элементы праектавання штучных спадарожнікаў Зямлі”. Аўтарскі калектыў, якім кіраваў акадэмік М. Ціханраваў, саратнік С.Каралёва, і кіраўнік брыгады, якая ў 1933 г. запусціла першую савецкую ракету ГІРД-09, палічыў неабходным дапоўніць першае выданне распрацоўкамі нашага земляка.  Ужо адзін гэты факт сведчыць пра іх значнасць.

У 1971 г. А.Піваварчык перайшоў на выкладчыцкую работу ў Падольскі інстытут. Працаваў на кафедры “Вышэйшай матэматыкі”, якую пазней узначаліў. У 1999 г. яму было прысвоена навуковае званне прафесара. У 2002 г. Еўрапейская акадэмія інфарматызацыі прысвоіла А.Піваварчыку вучоную ступень "Гранд доктара філасофіі" і вучонае званне "Фул прафесара". За ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі ён адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн М.Ламаносава,  Ганаровы знак  “Выдатнік вышэйшай школы СССР”, Знак падзякі ад горада Падольска “220 гадоў Падольску”, Ганаровы  знак  Падольскага інстытута “За усердие и заслуги”.

Хаця працоўная дзейнасць А.Піваварчыка праходзіла далёка ад Беларусі, пра Радзіму ён не забываўся ніколі. Яшчэ ў 70-ыя гг. збіраўся пераехаць у Мінск, кіраўніцтва аднаго НДІ гатова было прадаставіць працоўнае месца таленавітаму вучонаму. Але не атрымалася, давялося застацца ў Падольску. Тым не менш, 16 артыкулаў даследчыка былі надрукаваныя ў выданні “Вести Национальной Академии наук Беларуссии”.

Усяго ж да сяр. 2009 г. на рахунку нашага земляка значылася звыш 140 навуковых прац. Сярод іх дзве манаграфіі і тры вучэбных дапаможніка. Прыблізна палова гэтых работ прысвечана касмічным даследаванням. Невыпадкова Расійская акадэмія касманаўтыкі імя К.Цыалкоўскага ў 2003 г. абрала вучонага сваім акадэмікам.  Федэрацыя касманаўтыкі Расіі (ФКР) прысвоіла выпускніку Грыцэвіцкай школы званне “Ветэран касманаўтыкі Расіі” і “Заслужаны стваральнік касмічнай тэхнікі”. Ён узнагароджаны ордэнам К.Цыалкоўскага і 11 медалямі федэрацыі. Сярод іх - медаль “За заслугі” (вышэйшая ўзнагарода ФКР), медалі Ю.Гагарына, В.Церашковай, Ю.Кандрацюка, К.Цыалкоўскага і інш.

Сёння А.А.Піваварчык узначальвае кафедру “Вышэйшай матэматыкі” Падольскага інстытута. Студэнты лічаць яго строгім, але справядлівым выкладчыкам. А па-іншаму ў навуцы і нельга, асабліва, калі гаворка ідзе пра такую дакладную навуку як матэматыка. А ў вольны час загадчык кафедры  піша вершы.

А.Блінец, навуковы супрацоўнік ДУ "Музей гісторыі Клеччыны"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *