Пра дзень учарашні з поглядам у заўтра

Заастравецкі сельскі Савет тэрытарыяльна да пачатку бягучага года быў самым шматлікім па колькасці насельніцтва. У аграгарадку і вёсках, што да яго адносяцца, пражывае нямала дзяцей і моладзі. Тут жа размешчана адметная на ўсю вобласць па комплексу адукацыйных напрамкаў школа. Таму няма нічога дзіўнага, што на сваёй чарговай сесіі сельскі Савет разглядаў у якасці асноўнага пытанне рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”. Яго старшыня В.М.Садкоўскі спыніў сваю ўвагу на шматлікіх момантах, у тым ліку і на рабоце з мнагадзетнымі сем’ямі і тымі бацькамі, якія вядуць асацыяльны вобраз жыцця. Агульную зацікаўленасць у вырашэнні праблем выказалі, прыводзячы прыклады работы сваіх арганізацый, дырэктар Заастравецкай сярэдняй школы А.А.Бялаш, загадчык мясцовага дзіцячага сада Г.Я.Янучок, загадчыца бібліятэкі В.М.Фалітар, урач-педыятр А.М.Альшэўская. Прававой тэматыцы было прысвечана выступленне інспектара ІСН Клецкага РАУС Н.Р.Палівода.

Не спыняцца на дасягнутым, не заплюшчваць вочы на недапрацоўкі, павялічваць якасць той работы, якой займаецца дэпутацкі корпус, заклікалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь А.А.Новік і старшыня раённага Савета дэпутатаў С.У.Чакун.

Акрамя гэтага, на сесіі дэпутаты распрацавалі прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскага Савета, заслухалі інфармацыю аб дзейнасці дэпутата па сельскай выбарчай акрузе № 6 Н.І.Гаўрук. Выканання бюджэта сельсавета за мінулы год і свабодных рэшткаў тычыліся чацвёртае і пятае пытанні сесіі.

Жанна Гардзіевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *