Час лозунгаў мінуў

- Ісці ад жыцця, вызначыць патрэбнасці людзей і дапамагчы ім - такую галоўную задачу ідэалагічных работнікаў назвала ў ходзе свайго выступлення першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Уладзіміраўна Пяткевіч у час рэгіянальнага семінара ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці, што праходзіў на мінулым тыдні ў Слуцку і дзе пабывала дэлегацыя ад Клецкага раёна. У рабоце семінара на тэму “Аб формах і метадах ідэалагічнай работы ў Мінскай вобласці і мерах па іх удасканаленню” прымалі ўдзел кіраўнікі аблвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, работнікі ідэалагічных структур райвыканкамаў і Жодзінскага гарвыканкама, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце буйных прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, якія зарэгістраваны і дзейнічаюць у вобласці. Падобныя мерапрыемствы прайшлі ўжо ў іншых рэгіёнах краіны. Удзельнікі семінара азнаёміліся з арганізацыяй ідэалагічнай работы ў Слуцкім раёне, наведалі вядучыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, адукацыйныя і культурныя ўстановы рэгіёна, дзе калегі дзяліліся з гасцямі вопытам работы.

Аўтару гэтых радкоў давялося пабываць на ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, у Цэнтры праваслаўнага асветніцтва і СВК “Аграфірма “Лучнікі”. Акрамя таго, што ў кожнага гэтага аб’екта свая цікавая гісторыя, не менш цікавае жыццё працякае там і сёння. Не столькі дэгустацыя смачных сыроў уразіла нашу групу іх асартыментам, колькі цалкам закрыты працэс іх вытворчасці, які, безумоўна, садзейнічае якасці вырабляемай прадукцыі, і умовы працы, створаныя на прадпрыемстве для ўсіх яго работнікаў: ад кабінета медыцынскай дапамогі да цэха па пашыву рабочага аддзення.

Аграфірма “Лучнікі” таксама можа пахваліцца як цэхамі па выпуску мукі, круп і макаронаў, так і падараным мясцовай урачэбнай амбулаторыі масажным крэслам, дзякуючы чаму паслугі масажнага кабінета працаўнікам СВК аказваюцца бясплатна.

Гэта толькі штрыхі з таго разнастайнага на яркія фарбы малюнка, што прадставілі на вочы гасцей случчане. Мясцовыя ідэолагі прадэманстравалі свае напрацоўкі. Акрамя таго,  ішла размова на прадпрыемствах і ў сельгасарганізацыях аб замацаванні маладых спецыялістаў, забеспячэнні іх жыллём, маральным і матэрыяльным стымуляванні работнікаў, аб арганізацыі вольнага часу ў навучальных установах, аб навучанні кадраў, патрыятычным выхаванні моладзі. Уражаны былі ўсе. Пад уплывам сустрэч з ідэолагамі Слуцкага раёна Н.У.Пяткевіч выказала такую думку:

- Эфект ідэалагічнай работы залежыць ад суб’ектыўных фактараў, ад чалавека.

Як прыклад яна прывяла Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж, дзе дырэктар гарыць той справай, якой займаецца, і гэта дае вынік. На яе думку, проста перанесці падобны станоўчы вопыт на іншыя прадпрыемствы, навучальныя ўстановы немагчыма, павінен быць запал у кіраўніка.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ў час сустрэчы з журналістамі розных друкаваных выданняў і тэлевізійных каналаў адзначыла каласальную работу, што праводзіцца ў Беларусі для сельскага насельніцтва, калі рукі даходзяць і да культуры, і да сацыяльнай сферы, тады сапраўды мае месца клопат аб чалавеку. Яна ж першай выступіла і на плянарным пасяджэнні, што адбылося ў гарадскім Доме культуры, якое адкрыў і вёў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Л.Ф.Крупец. Леанід Фёдаравіч падкрэсліў, што галоўным і рашаючым фактарам ідэалагічнай работы быў і застаецца чалавек. Задача ж ідэалагічных работнікаў заключаецца ў тым, каб весці адкрытую гаворку, даносіць да грамадства праўдзівую інфармацыю.

Дэталёвым, пабудаваным на канкрэтных прыкладах было выступленне першага намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Уладзіміравіча Шчэцька “Аб формах і метадах ідэалагічнай работы ў вобласці і мерах па іх удасканаленню”. Ён зазначыў, што на Міншчыне склалася пэўная сістэма, якая спрыяе правядзенню ідэалагічнай работы з насельніцтвам, але разам з гэтым існуе і нямала праблем.

З вуснаў ідэалагічных работнікаў, а ў гэты дзень падыходзілі да мікрафона П.Б.Даўгучыц, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце, Т.І.Хорава, дырэктар па выхаваўчай рабоце УА “Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж”, М.П.Яфрэменка, першы сакратар Бярэзінскага раённага камітэта ГА “БРСМ”, А.А.Разнярыца, дырэктар ВУП “Салігорскі тэлевізійны канал”, М.Р.Кузаўкіна, рэдактар ДУ “Рэдакцыя газеты “Шлях перамогі”, прагучалі цікавыя думкі пра работу з моладдзю, аб тым, як прыцягнуць юнакоў і дзяўчат у маладзёжныя арганізацыі, чым заняць іх вольны час, былі закрануты тэмы патрыятычнага выхавання, арганізацыі работы мясцовых СМІ.

Паўсядзённай работай з людзьмі заняты сёння ідэалагічныя работнікі раёна. Семінар паставіў перад імі новыя задачы, даў магчымасць знаёмства з цікавым вопытам работы на Случчыне.

- У арганізацыі ідэалагічнай работы ў сучасных умовах патрэбны новыя падыходы, - нацэліла Н.У.Пяткевіч. – Узрасла палітычная і эканамічная культура беларусаў. У выніку – стала больш крытычным стаўленне іх да жыцця, навакольнага свету. У сувязі з гэтым павінны змяняцца і ідэалагічныя метады. Неабходны нефармальны падыход, час лозунгаў мінуў.

Жанна Гардзіевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *