Як святкавалі Новы год юныя кляччане

Як адно імгненне праляцела пара, якую з асаблівым пачуццём напярэдадні самай загадкавай і таямнічай ночы ў годзе чакаем усе мы, – свята Новага года. Прынамсі, яно дорыць адчуванне цуда, чароўнасці, казачнасці, мноства падарункаў і сюрпрызаў, сустрэчу з любімымі героямі – Дзедам Марозам і Снягуркай – не толькі дзецям, але і дарослым. Аднак найбольш уражанняў ад яго, безумоўна, застаецца ў памяці самых маленькіх прадстаўнікоў чалавецтва. І не дзіўна!

Штогод для хлопчыкаў і дзяўчынак Клеччыны напярэдадні Новага года ў агульнаадукацыйных установах, тэрытарыяльным Цэнт­ры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Клецкім дзіцячым доме, на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у РЦК праходзіць мноства разнастайных ранішнікаў, вечарын і дыскатэк. Сёлета культработнікі для юных гледачоў нашага раёна падрыхтавалі новую цікавую навагоднюю праграму, рэпертуар якой складаўся з тэатралізаванага спектакля “Навагоднія прыгоды Дзеда Мароза і Снягуркі” і забаўляльных конкурсаў ля ёлкі. Першымі казачныя героі са сцэны віталі хлопчыкаў, дзяўчынак, а таксама іх бацькоў і апекуноў, што былі запрошаны на раённы ранішнік для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і сірот, што выхоў­ваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, які адбыўся ў раённым Цэнтры культуры напрыканцы снежня. Напачатку спектакля перад рабятамі з пажаданнямі здароўя, здзяйснення самых запаветных жаданняў, узаемаразумення з акружаючымі людзьмі і радасці выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Алена Аляксандраўна Новік і намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Міхайлавіч Мацуль. Услед за імі на сцэне з’явілася казачнае белае мядзведзяня, якое ў літаральным сэнсе за­прасіла дзятву ў чароўную краіну прыгод, дзе ў вобразах Дзеда Мароза, Снягуркі, Пачвары, Ведзьмы і іншых герояў змагаліся Дабро і Зло. Хлопчыкі і дзяўчынкі суперажывалі разам з персанажамі, дапамагалі ім прайсці праз вы­прабаванні, каб Новы год змог уступіць у свае законныя правы, а Дзед Мароз – адарыць дзяцей падарункамі. Забавы, танцы, карагоды ля зялёнай прыгажуні, конкурсы навагодніх вершаў і пачастункі яшчэ больш узнялі настрой дзецям, а іх бацькам падарылі магчымасць хоць накрыху забыць пра жыццёвыя цяжкасці і праблемы і атрымаць асалоду ад шча­слівых усмешах дзетак, яскравага радаснага агеньчыка ў іх вачах.

Адчулі подых зімовага свята, радасць ад сустрэчы з яго галоўнымі героямі і дзеці, якія ў сілу жыццёвых акалічнасцей за некалькі дзён да Новага года апынуліся на бальнічным ложку. Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі самых маленькіх і юных пацыентаў дзіцячага і інфекцыйнага аддзяленняў Цэнтральнай раённай бальніцы старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ала Мікалаеўна Мялюк, старшыня Клецкага раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Людміла Паўлаўна Драчынская і дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Зоя Васільеўна Уласевіч. Усе разам яны павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак і падарылі ім салодкія ласункі і мяккія цацкі ад СЗАТ “Мальвіна”.

У календарным цыкле зімовых свят праз некалькі дзён пасля Новага года праваслаўныя вернікі адзначаюць Каляды. Гэта самы светлы, радасны і ўрачысты дзень для нас, зямлян. Ён духоўна аб’ядноўвае і ўзбагачае нас, сімвалізуе веру ў дабрыню, шчодрасць і міласэрнасць. Няхай гэтыя чалавечыя якасці заўжды пераважаюць у нашым грамадстве, бо толькі душэўныя і спагадлівыя людзі здольныя падарыць радасць і шчасце блізкім, напоўніць свет цяплом, радасцю і любоўю, як робяць гэта любімыя героі нашага дзяцінства – Дзед Мароз і Снягурка.

Святлана Орпель.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *