Арганізацыя, якая служыць людзям

Місія Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа – пачэсная і ганаровая. Гэта грамадская арганізацыя прымала ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, заклікала аказваць дапамогу ахвярам ваенных канфліктаў і катастроф, адзінокім састарэлым і інвалідам, насельніцтву ў экстрэмальных умовах. Дастаткова шырокае поле дзейнасці ў Клецкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Аб гэтым гаварылася на справаздачна-выбарнай канферэнцыі РАБТЧК, якая нядаўна адбылася ў цэнтральнай раённай бальніцы.

Уступным словам канферэнцыю ад­крыў і вёў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта М.М.Мацуль. У сваім справаздачным дакладзе старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Н.І.Малышка спынілася на здзейсненых добрых справах і міласэрных актах, якімі быў азнаменаваны сёлетні год. У іх ліку – штогадовы конкурс на лепшы атрад хуткага рэагавання па надзвычайных сітуацыях, у склад якога ўвайшлі работнікі раённых прадпрыемстваў; акцыі па аказанні дапамогі малазабяспечаным і матэрыяльна-неабароненым катэгорыям насельніцтва, а таксама да Дня пажылых людзей і пад назвай «Клопат» – у Даматканавіцкай бальніцы сястрынскага догляду. Шэраг мерапрыемстваў быў прымеркаваны да Дня маці. Сярод іх – наведванне маладых мам у радзільным аддзяленні ЦРБ, уручэнне ім падарункаў і сродкаў асабістай гігіены, Клецкага дзіцячага дома і сацыяльнага прытулку. У дзіцячых дашкольных установах сумесна з урачамі цэнтральнай раённай бальніцы праводзіліся лекцыі «За здаровы лад жыцця», выхаванцам былі ўручаны сродкі асабістай гігіены. Да таго ж, 22 мнагадзетным сем’ям выдзелена гуманітарная дапамога. Атрымалі яе яшчэ 12, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Наогул, сёлета атрымана гуманітарнай дапамогі на сумму 6116 тыс. рублёў – гэта прадуктовыя наборы, адзенне, сродкі асабістай гігіены, перавязачны матэрыял, – зазначыла ў сваім выступленні Наталля Іванаўна. – За справаздачны перыяд сабрана звыш 20 млн.руб. узносаў. Цяпер колькасць членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа складае каля 2,5 тысячы. Створана 16 пярвічных арганізацый, якім пад сілу выкананне самых складаных пачэсных задач. Разам мы будзем культываваць у грамадстве прынцыпы чалавекалюбства і гуманнасці.

Перад прысутнымі трымаў справа­здачу старшыня рэвізійнай камісіі В.В.Сёмуха.

У абмеркаванні выступленняў прынялі ўдзел і далі станоўчую адзнаку праведзенай у справаздачным перыядзе рабоце старшыні пярвічных арганізацый: ад цэнтральнай раённай бальніцы – Н.М.Карповіч, раённага аддзела адукацыі – Г.У.Пішч, РА НС – А.П.Галавач.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі актыўны ўдзел у выбарах членаў прэзідыўма раённай арганізацыі, рэвізійнай камісіі. Узначаліць раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа па-ранейшаму даверылі Н.І.Малышка, рэвізійную камісію – Т.Р.Дзямідчык. Клецкі раён на абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі будуць прадстаўляць галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Л.В.Квецень і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Н.І.Малышка.

У рабоце канферэнцыі прыняў удзел старшыня раённага выканаўчага камітэта А.С.Бойка, які быў абраны старшынёй прэзідыўма раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Анатолій Сцяпанавіч адказаў на пытанні медыцынскіх работнікаў.

Ірына Уласень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *