Как Клецкие пенсионеры отнеслись к увеличению пенсии

У адпаведнасці з данымі сацыялагічнага апытання аналітычнага цэнтра ЕСООМ, што праводзілася ў рэспубліцы ў верасні бягучага года, большасць беларусаў, дакладней 56,9%, ацэньваюць узровень свайго дастатку здавальняюча, 21,4% – добра і 2,7% – выдатна. Незадаволены матэрыяльным становішчам 14,3% грамадзян, 4,7% – не адказалі на пытанне сацыёлагаў. Каб высветліць, як ацэньваюць узровень свайго жыцця кляччане, я вырашыла пагутарыць з імі непасрэдна на вуліцах горада і аграгарадка Кухчыцы, у якім была нядаўна па службовых абавязках. А ў якасці выбару рэспандэнтаў перавагу аддала людзям сталага ўзросту, бо, як вядома, у многіх краінах свету за аснову ацэнкі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы бярэцца менавіта ўзровень жыцця сацыяльна абароненых слаёў насельніцтва, у тым ліку і пенсіянераў.

Таццяна Антонаўна Шалоха, г.Клецк:

– На мой погляд, зусім нядрэнна жывецца сённяшнім пенсіянерам. Грэх скардзіцца, бо пакуль што мы не застаемся па-за ўвагай Кіраўніка нашай краіны. Вось і з 1 лістапада Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі павялічаны памер працоўных і сацыяльных пенсій. А любая дадатковая “капейка” – гэта пад­трымка, магчымасць урэшце набыць няхай сабе і не дарагую, але патрэбную рэч, пакупка якой адкладвалася на пасля, адцягвалася з-за таго, што не была прадугледжана сямейным бюджэтам.

Іван Пятровіч Буката, г.Клецк:

– Я сам былы работнік «райсабеса», а таму ведаю, што магчымасць умацаваць сацыяльную падтрымку пенсіянераў напрамую залежыць ад фінансавага становішча ў краіне: чым багацейшая дзяржава – тым больш сацыяльна абаронены яе грама­дзяне. Я атрымліваю пенсію дзяржслужачага, а значыць, у параўнанні з другімі пенсіянерамі маю крыху большы даход. Аднак усё роўна вельмі рады любому павышэнню, бо з’яўляецца магчымасць яшчэ і ўнукам дапамагчы. Вось і ў гэтым месяцы за кошт таго, што пенсія павялічылася, змагу зрабіць лепшы, чым планаваў, падарунак для ўнучкі, якая адзначыць свой дзень нараджэння ў снежні.

Соф’я Уладзіміраўна Калейнік, г.Клецк:

– У мяне пенсія ніжэй за яе сярэдні памер па краіне, таму я з радасцю і ўдзячнасцю Прэзідэнту прыняла вестку аб тым, што з 1 лістапада яна павялічыцца. За гэтыя “незапланаваныя” грошы аформ­лю падпіску на сваю сяброўку-раёнку на наступнае паўгоддзе. А ўвогуле лічу, што чалавеку, які не цураецца працы, хвалявацца няма чаго, асабліва тым, хто жыве ва ўласным доме і мае магчымасць вырасціць на прысядзібным участку свой гурок, бульбу і іншую гародніну, а ў хлеўчыку – парася, труса ці хаця б курку. Дзякуючы гэтаму, ўжо галодны не будзеш, а на рэчы самай першай неабходнасці пенсіі хопіць.

Ніна Аляксандраўна Грыцаль, агр.Кухчыцы:

– Увага да людзей сталага ўзросту і дзецей – гэта барометр дабрабыту краіны. Не пакрыўлю душой, калі скажу, што кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь пастаянна праяўляе клопат пра нас, пенсіянераў. У адпаведнасці з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны памер пенсій узнімаецца некалькі разоў у год. Чарговае яе павышэнне асабіста мне дасць магчымасць купіць унуку кнігу для яго інтэлектуальнага развіцця. Акрамя гэтага я мару аб падарожжы. Каб не сурочыць, не буду казаць куды, бо веру, што калі-небудзь жаданне ўсё ж здзейсніцца.

Вячаслаў Міхайлавіч Шыбко, г.Клецк:

– Пакуль што я атрымліваю льготную пенсію, а не па ўзросту. Аднак маю сілы і жаданне працаваць, чым і займаюся.  Удзячны кіраўніцтву краіны за тое, што дае нам такую магчымасць, і веру: так яно бу­дзе і надалей, бо добра памятаю словы Прэзідэнта на апошнім, 6-ым з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў, які казаў: “... Мы павінны падтрымліваць пенсіянераў, бо пенсіі ў краіне зусім не высокія, таму, калі хочуць людзі, няхай працуюць – гэта ж нядрэнная прыбаўка да іх сямейнага бюджэту”. А тым больш, калі ўлічыць, што грошы гэтыя ўсё роўна трацяцца на дапамогу дзецям ці ўнукам. Вось і я працую, бо хачу дапамагчы дачцэ, набыць мэблю ў нядаўна пабудаваную кватэру.

Гутарыла Святлана Орпель.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *