Праз мастацтва – да зоркі

Мастацтва бывае розным. Наглядным, актуальным, незвычайным, дрэнным, танным. Усё залежыць ад таго, які сэнс укладае кожны ў гэтае слова. Кожны з нас ставіцца па-рознаму да мастацтва. Для кагосьці гэта проста слова ці мара, а для некага – цэлае жыццё. Можна шмат казаць і прыводзіць пры­кладаў з літаратуры, кінематографа, музыкі ў падтрымку гэтага супярэчлівага пытання, але мастацтва ўсё роўна за­станецца мастацтвам. Бяда ў тым, што мала хто заўважае яго каля сябе, кожны дзень, кожную хвіліну. На жаль, людзі ў большасці сваёй прахо­дзяць міма, не бачаць гэтага з-за сваіх праблем, дрэннага настрою ці чаго-небудзь іншага, таго, што перашкаджае ім жыць па-сапраўднаму. Шмат непатрэбных спрэчак, шоу, перадач, фільмаў і музыкі дрэннай якасці. Усё гэта ўспрымаецца большасцю людзей на ўра. Яны вераць у тое, што бачаць і чуюць (магчыма, гэта іх лёс). Гэта ім замяняе чалавечыя адносіны, мараль, дзяцей, сонца, зоркі, усмешкі, каханне. У такім выпадку стаіць пытанне цаны і папулярнасці такога віду “мастацтва”. Танны і аднаразовы опіум для чалавецтва.

Мастацтва – як жыццё, як душа. Яго нельга не заўважыць. Яно паўсюль. Сустрэцца з мастацтвам можна ў любы момант, пры любых жыццёвых абставінах, бо жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, займацца любімай справай, шкадаваць і адносіцца з павагай да ўсяго жывога на зямлі – гэта і ёсць мастацтва. Радасць ад таго, што чуеш амаль забыты, але усё ж знаёмы голас па тэлефоне, спеў птушкі летнім ранкам каля вакна. І з’яўляецца жаданне быць, дзейнічаць. Мастацтва жыць, менавіта жыць, а не выжываць (а гэтым займаюцца многія!), заставацца самім сабой у любы момант.

Гледзячы на шэрыя і жорсткія моманты нашага жыцця, хочацца куды-небудзь дзецца, збегчы, знікнуць. Але бегчы няма куды. У галаву прыходзіць думка пра няздзейсненыя мары, якія жылі разам са мной. Успамінаю словы пра тое, што, калі ўбачыш зорку, якая падае, загадвай жаданне, і… яно збудзецца. Жаданне быць зоркай і зрабіць гэта шэрае жыццё больш цікавым, расфарбаваць яго рознымі колерамі.

Быць зоркай – таксама мастацтва. Глядзець зверху на тое, што робіцца. І калі нехта губляе надзею там на зямлі, ахвяраваць сабою дзеля гэтага чалавека, падаць уніз, не ведаючы, што будзе далей, пойдзе на карысць гэта ахвяра ці наадварот? З’явіцца на небасхіле і знікнуць назаўсёды ці на нейкі момант, а затым нарадзіц­ца зноў… Кожны выбірае сам.

Дзмітрый Мацейка, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *