“Змен патрабуюць нашы сэрцы…”

Радкі гэтай знакамітай два дзесяцігоддзі назад песні Віктара Цоя на той час без перабольшвання былі сапраўды рэвалюцыйнымі. Яны адлюстроўвалі думкі тысяч людзей, гатовых і жадаючых перамен, але звыклых маўчаць. Іх сэрцы, аказалася, біліся ў адным рытме з маладым сэрцам не столькі эпатажнага, колькі магічнага рок-музыканта. Ён на ўсю моц свайго голасу заявіў аб тым, што грамадства гатова да новага жыцця, што многія сацыяльныя з’явы наспела неабходнасць пры­знаць, бо перамены так ці інакш настануць – час дыктуе новыя патрабаванні, змены непазбежныя, незалежна ад таго, гатовы мы да іх ці не.

У Цоя была свая філасофія. Дарэчы, інтуітыўна зразумелая многімі яго сучаснікамі. Успомніла пра гэта, можна сказаць, выпадкова – у гарадскіх дварах паміж двухпавярхоўкамі па вуліцы Савецкай, крыху здзіўляючыся філасофіі мясцовых жыхароў. Але спачатку невялікае тлумачэнне. Нядаўна яны знайшлі ў сваіх паштовых скрынках кароткія афіцыйныя пісьмы з аднолькавым тэкстам: “Клецкі райвыканкам прадпісвае Вам (у выпадку самавольнага будаўніцт­ва) правесці знос нежылой прыбудоўкі на самавольна занятым зямельным участку на прыдамавой тэрыторыі, размешчанай па вул.Савецкай у г.Клецку. У адпаведнасці з арт.223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь Вам неабходна ў тэрмін да 20 верасня 2010 года ў добраахвотным парадку выканаць патрабаванні, выказаныя ў прадпісанні, і прывесці зямельны ўчастак у прыгодны для выкарыстання стан. Пры невыкананні прадпісання ва ўстаноўлены тэрмін райвыканкамам будзе прынята рашэнне аб прымусовым зносе, а таксама прымяненне да Вас мераў адміністрацыйнага ўздзеяння ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Пры гэтым усе затраты па зносу будуць пакрыты за Ваш кошт”.

Рэдакцыя ў сваю чаргу  вырашыла яшчэ раз зафіксаваць “для гісторыі” аб’екты, тэрмін эксплуатацыі якіх у прымусовым парадку з неабмежаванага скарочаны да некалькіх тыдняў. І крыху да гэтай гісторыі вярнуцца. Цагляныя хлеўчыкі будаваліся для кватэракарыстальнікаў каля іх жа дамоў як падвальныя памяшканні, не запланаваныя праектам навабудаў, як гэта рабілася некалькімі гадамі пазней ў пяціпавярхоўках. А драўляныя прыбудоўкі з’яўляліся, як нарос­ты, у залежнасці ад архітэктурных здольнасцей гаспадароў, іх “узводзіўшых”, і якасці падручнага матэрыялу. Магчыма, была спроба вытрымаць на зямлі нейкую гарызантальную лінію, а вось вертыкалі кожны бачыў, бадай, з вышыні ўласнага росту ці вугла запатрабаванняў сваёй канкрэтнай сям’і. Хтосьці разлічваў развесці курэй, другія адразу вызначыліся, што пачнуць гадаваць свіней. Не бяруся сцвярджаць пра наяўнасць за зачыненымі дзвярыма рагатых жывёлін, аднак не адчуваю ўнутранага супраціўлення, каб не выказаць здагадку, што козачкі таксама маглі знайсці месца на гэтых гаспадарчых дворыках. Не здзіўляйцеся, прадстаўнікі малодшага пакалення, усё гэта і для горада здавалася вельмі лагічным. Вакол быў прыватны сектар, дзе на поў­ным праве рохкала-квахтала такое ж чатырохногае і птушынае царства.

З гадамі прыбудоўкі, безумоўна, страцілі тую сваю асноўную функцыю, з якой калісьці ствараліся. Але пазбаўляцца іх ніхто не збіраўся. Туды зносіліся непатрэбныя грувасткія рэчы, ад якіх іншы раз вельмі цяжка пазбавіцца, як ад сведак пражытых гадоў. Зноў жа – філасофія чалавека: пакуль стаіць радыёла, купленая ў гады маладосці, малады і я. Ну, ды няхай сабе і так, з гэтым можна было б жыць. Зрэшты, унукам будзе што здаць у музей. Але ж так і самі двары на музейны рарытэт пачынаюць быць падобнымі. А тым самым унукам і разгарнуцца няма дзе. Ды да бяды становіцца недалёка: трываласці ў канструкцыях ХХ стагоддзя год ад году становіцца менш. Пра яркасць колераў перад вокнамі ўжо і гаварыць не даводзіцца. Чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя намі, перадаюць іх з 99-працэнтнай дакладнасцю.

Літаральна ў першыя мінуты, як мы пачалі вывучаць дваровы ландшафт, якому вынесены даўно наспелы прыгавор, пачулі:

– Даўно пара было гэта зрабіць! – вітала нас адна з жанчын, якая, відаць, зразумела, што не проста так мы “даследуем” мясцовасць.

– Толькі разбіраць трэба па парадку. Няхай пачынае той, хто будаваўся крайнім, – дадала другая пенсіянерка.

Да кампаніі сталых жанчын далучылася маладзіца, зрабіўшая адразу ж параўнанне “не на карысць”:

–  Гэта нейкі сорам для горада! Я разумею, што гадоў дваццаць назад у гэтых хлеўчыках сапраўды была неабходнасць, а цяпер яны навошта?

Жанчына і мяне прымусіла ўспомніць шматмятровую чаргу за каўбасой, якую прыватнік прадаваў праз дарогу ў самаробнай краме мала лепшай, чым гэтыя збудаванні з дошак.

– Не хапала прадуктаў, быў такі час. Хто хацеў, трымаў жыўнасць, каб крыху разнастаіць асартымент “спажывецкага кошыка” тых часоў, – працягвалі разважаць уголас жанчыны. – Дзякаваць Богу, мы пайшлі далёка наперад: у магазінах не толькі асартымент, але і расфасоўка дазваляе купляць кожны дзень свежыя прадукты ў любой патрэбнай спажыўцам колькасці.

З паралельнай лініі дамоў падышла жанчына сярэдніх гадоў, каб даведацца, ці на ўсіх аднолькава будзе распаўсюджвацца распараджэнне. Стрымана расчараваная сцвяр­джальным адказам, пакрочыла дадому.

– Яна трымае парасят, – пракаменціравалі нам “перабудоў­шчыкі”. – Ну, скажыце, па­трэбен нам гэты пах у вокны? Усё ж такі горад!

Усё гэта было цікава слухаць не толькі таму, што давала адказ з першых вуснаў на пытанне, як адрэагавалі на атрыманы афіцыйны дакумент адрасаты. Але і па больш “філасофскай” прычыне. Пры большасці “за” прыданне двару нармальнага, задуманага першапачатковым – афіцыйным – праектам яго забудовы, выгляду, ніхто з жыхароў не ўзяўся за гэту справу год назад, два, тры, пяць. Ну, адчувалі ж, ведалі, што ўжо не будзе там ніколі нічога квахтаць-рохкаць. Самі ж нам і пацвердзілі, што “змен патрабуюць сэрцы”. Чаго чакалі? Распараджэння? Забудоўвалі самавольна, можна сказаць, незаконна займалі тэрыторыю – смела і без дазволу, а знесці страціўшыя сваё прамое прызначэнне курнікі-свінушкі, каб зрабіць парадак, даць прастор двару, не рашаліся? Дзіўныя ўсё ж такі ў чалавека адносіны да жыцця…

…Вялікі кантэйнер блакітнага колеру, які ўстанавіла камунальная служба, у дзень нашага наведвання глядзеўся як нерэальных памераў дзіцячая цацка, згубленая сярод двара і ад таго адзінокая. Днямі першыя рэшткі драўляных прыбудовак пачалі запаўняць кузавок як сведчанне, што надышоў-такі час назаўсёды развітацца з нікому непатрэбным сёння баластам мінулых гадоў.

Жанна Гардзіевіч.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *