Яркiя фарбы дзяцiнства

Сонейка весела заглядвала ў вялікія вокны, заліўшы зала­цістым святлом пакоі. Спякотныя промні быццам «гулялі ў хованкі» з выхаванцамі Морацкага дзіцячага садка «Сонейка», «купаліся» ў маленькім вадаёме. І малышы ахвотна бавілі час на свежым паветры: хтосьці забаўляўся з раслінамі, хтосьці «лавіў» лялечныя рыбкі ў штучным азярцы, а хтосьці прос­та адпачываў, пад­клаўшы пад бок коўдру. У вачах педагогаў Людмілы Аляксандраўны Кулік, Святланы Іванаўны Харуты, Ганны Аляксандраўны Нупрэйчык, якія сачылі за сваімі выхаванцамі, было столькі цеплыні… І, здаецца, самі яны былі створаны з пяшчоты і дабрыні.

– У садку працуюць разумеючыя і спагад­лівыя людзі, якія ахвотна знахо­дзяць агульную мову са сваімі выхаванцамі, – гаворыць загадчык дзіцячага сада Соф’я Рыгораўна Лаган. – Увогуле няма добрых і дрэнных дзяцей. У кожнага, вядома, свой характар. І асноўнае, на мой погляд, што патрэбна выхавальні­ку, – разумець дзіця. Аднаму, напрыклад, неабходна ласка, другому – клапатлівая ўвага… Усе малышы такія розныя… І да кожнага неабходна пада­браць свой «ключык».

Назіраючы за дзецьмі, падумала: калі б, напэўна, бацькі маленькіх марачанцаў выбіралі самы лепшы садок для сваіх дачушак і сынкоў, то, відавочна, спынілі б свой выбар на мясцовым. І мелі б рацыю: лепшы той, дзе дзецям добра. А гэта напрамую залежыць ад умоў, якія створаны для рабят у дашкольнай установе.

У дзіцячым садку «Сонейка» пануе цікавая творчая атмасфера, і маленькім выхаванцам няма калі сумаваць. Ужо з двара, які патанае ў кветках, заўважаеш парадак і ўтульнасць. Жывыя кветкі, непаўторныя самаробныя вырабы – неад’емныя атрыбуты кожнага пакоя. Усюды адчуваецца фантазія і ўменне калектыву стварыць прыгажосць і ўтульнасць.

У дзіцячай дашкольнай  установе малышы могуць не толькі пагуляць з равеснікамі, але і развіць свае здольнасці і таленты. На свежым паветры праводзяцца заняткі па маляванні, фізкультуры, развіццю мовы, завучванню вершаў на памяць, азнаямленню з навакольным светам. Дашкаляты  спасцігаюць азы матэматыкі, роднай мовы, вучацца чытаць і нестандартна мысліць. У іх пашыраецца кругагляд, фармі­руецца пачуццё ўпэўненасці. Ім лягчэй наладжваць зносіны са сваімі равеснікамі.

Асноўны ж напрамак, па якім працуе калектыў дзіцячага садка «Сонейка», –  адра­джэнне нацыянальнай культуры і экалогіі. Нямала карыснага адкрываюць для сябе выхаванцы ў час наведвання этнапакоя, дзе сабрана шмат рэчаў, якімі карысталіся продкі.

Шмат працы і фантазіі ўкла­дзена калектывам садка ў афарм­ленне экалагічнага пакоя, які ўпрыгожвае мноства пакаёвых кветак. Тут жа змешчана дзіцячая літаратура на экалагічную тэму, з якой выхаванцы пры дапамозе педагогаў чэрпаюць цікавыя для сябе звесткі пра раслінны свет роднай Беларусі.

А бачылі б вы, з якім азартам і захопленасцю малышы шчыруюць у кветніках, сваім міні-агародчыку, дзе спачатку са­дзяць, пасля полюць буракі, моркву, гарох, фасолю, сланечнікі, а восенню ўбіраюць вырашчаны сваімі рукамі ўраджай. І вельмі радуюцца таму, што іх праца прыносіць добрыя вынікі. І яшчэ з большым апетытам ядуць у сталоўцы смачныя і каларыйныя, насычаныя вітамінамі сняданкі і абеды, прыгатаваныя клапатлівымі і ўмелымі рукамі повараў Валянціны Іванаўны Рудко і Валянціны Паўлаўны Сасіновіч.

А ў вольны ад заняткаў і работы час дзеці з задавальненнем прымаюць удзел ва ўсіх формах фізічнага выхавання, гульнях і забавах на свежым паветры, пешых прагулках з элементамі турызму па раней складзеных маршрутах – у лес, магазін, на вадаём, па аб’ектах сацкультбыту. Апрача гэтых мерапрыемстваў, фізрук дзіцячага садка Юлія Іванаўна Мінец наладжвае для выхаванцаў дыхальную гімнастыку і карэктыруючую –  для прафілактыкі плоскаступнёвасці, парушэння паставы. Вялікая ўвага ўдзяляецца загартоўваючым працэдурам – хадзьбе басанож ад 20 да 30 хвілін па «Сцежцы здароўя», мокрай траве, гігіенічнае мыццё ног перад дзённым сном, паласканне роту халоднай вадой. Усё гэта садзейнічае загартоўванню арганізма малышоў, умацаванню іх здароўя. А што гэта сапраўды так, пацвярджае медыцынская сястра Марына Іванаўна Лятчэня. А яшчэ да паслуг юных спартсменаў – выдатна аснашчаная зала.

Цікава і нестандартна арганізаваны культурны адпачынак выхаванцаў дзіцячай дашкольнай установы. Дзякуючы вопытнаму і творчаму музычнаму кіраўніку Святлане Адамаўне Таранда, кожнае мерапрыемства  – «Прывітанне, лета краснае», «Дзень нараджэння», «У госці да дзеда і бабулі», тэатральная пастаноўка «Дзеці ў ролях казачных герояў» і інш., – што праводзіцца ў добра абсталяванай музычнай зале, ператвараецца ў маленькую    непаўторную падзею і становіцца своеасаблівым сонечным праменьчыкам у жыцці малышоў. Звычайныя атрыбуты такіх забаў – гумар, песні, танцы, тэатралізаваныя сцэнкі. Удаюцца на славу і святы.

Дасягненні і заслугі педагагіч­нага калектыву можна пералічваць доўга, але галоўнае тое, што дзеці ідуць у садок з добрым настроем. А выхавальнікі ведаюць, што асноўны вітамін дзяцін­ства – гэта любоў да іх. Так што нездарма Морацкі дзіцячы садок «Сонейка» стаў сапраўдным сонейкам у жыцці мясцовай дзетвары, куточкам разумення, клопату, ласкі і цяпла.

Ірына Уласень.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *