Студенческий отряд в детском оздоровительном лагере «Нача»

IMG_0593На працягу года на тэрыторыі Клецкага раёна функцыянуе 21 атрад сельскагаспадарчага, педагагічнага накірунку і адзін выязны – сэрвісны. На пэўны момант задзейнічана каля 352 чалавек, якім была прадстаўлена магчымасць навучыцца працаваць у калектыве, арганізоўваць сябе і іншых. Карэспандэнтам газеты “Да новых перамог” выпала магчымасць паглядзець, як жывуць байцы працоўнага фронту – мы накіраваліся ў ДАЛ “Нача”.

Завяршылася трэцяя змена. Яна выдалася не такой эпічнай як папярэдняя – усяго 46 рабят вырашылі адпачыць перад школай. Нас сустрэла цішыня, якая панавала ў лагеры і здзіўляла – месца, дзе павінны звінець дзіцячыя галасы, напоўнена спакоем. Хутка стала зразумела прычына зацішша – хлопчыкі і дзяўчынкі заняты праглядам “Парка Юрскага перыяду”.

Пакуль выхаванцы атрымлівалі задавальненне ад фантастычнага кінафільма, некалькі важатых вырашылі адпачыць на свежым паветры, абмяркоўваючы выхадкі сваіх непаседлівых выхаванцаў. Юныя педагогі сустрэлі нас з усмешкамі на тварах. Хутка завязалася гутарка, у ходзе якой давялося даведацца пра ўражанні маладых людзей.

– Я першы раз трапіла працаваць у лагер, – пачала свой аповед важатая з атрада “Праметэй” Лізавета Васільеўна Ларчанка. – У маім атрадзе 26 рабят узростам 12-16 гадоў. За ўсю змену цяжкасцей не ўзнікала. Дзеці актыўныя, добразычлівыя, заўсёды старэйшым дапамагаюць, што вельмі прыемна. Са сваімі калегамі мы ладзім мерапрыемствы, з дапамогай якіх развіваецца і ўзмацняецца таварыскасць і актыўнасць. На пачатку змены праводзілі шмат гульняў на знаёмства. І хоць гэта проста забаўка, на самай справе рабяты паступова запамінаюць усіх удзельнікаў атрада, знаёмяцца паміж сабой, уключаюцца ў калектыў. А затым выхаванцы нават самі спрабуюць арганізаваць падобныя мерапрыемствы. Гэта бясцэнны вопыт для нас, пачаткоўцаў, бо ў бліжэйшым будучым набытыя тут навыкі спатрэбяцца.

Л.В.Ларчанка з’яўляецца студэнткай Нясвіжскага каледжа. Дзяўчына добрасумленна адносіцца да працы і ў будучым марыць стаць настаўнікам, які не толькі будзе вучыць, але яшчэ разам са сваімі навучэнцамі адпраўляцца ў падарожжы па сінявокай Беларусі. Высокі юнак Алексей Міхайлавіч Таўпенка сур’ёзна ставіцца да працы з дзецьмі. Гэта яго першая спроба праявіць свае педагагічныя здольнасці ў якасці важатага і, дарэчы, малады чалавек паспеў заваяваць сімпатыі ў падапечных.

– Тут рэальна працуеш для дзяцей. У лагеры жывая праца, дзе сутыкаешся з вынікам сваёй дзейнасці, – падзяліўся ўражаннямі Аляксей. – Выконваеш не толькі функцыю выхавацеля, але дапамагаеш рабятам вырашаць асабістыя пытанні.

Для мяне радаснымі з'яўляюцца тыя сітуацыі, калі яны пачынаюць здзяйсняць самастойныя ўчынкі, даводзячы пачатае да канца.

Я стараюся знаходзіць да кожнага з іх індывідуальны падыход, хаця гэта не заўсёды лёгка, праявіць фантазію і творчасць. Пасябраваў з важатымі з атрада ”Зорачкі”. Пасля адбою разам збіраемся, абмяркоўваем падзеі, дзелімся ўражаннямі, якія атрымалі за дзень, плануем мерапрыемствы. У далейшым, пасля змены, буду падтрымліваць адносіны са сваімі падапечнымі і калегамі.

На валейбольнай пляцоўцы нам давялося сустрэць маладога чалавека, які ўдала спраўляецца з мячыкамі. Гэта кіраўнік фізічнай культуры і здароўя Матвей Анатольевіч Пінчук. Ён распавёў пра спартыўнае жыццё ў ДАЛ “Нача”:

– Кожны дзень праводзяцца спартыўныя мерапрыемствы, у якіх задзейнічаны ўсе атрады. Арганізоўваюцца розныя конкурсы. Усе ўдзельнічаюць, усе ўзнагароджваюцца. Штораніцу дзяцей збіраю на гімнастыку, праўда, не ўсе хочуць ёю займацца (усміхаецца – аўт.). Рабяты актыўна гуляюць у валейбол і баскетбол, нават спрабуюць свае спартыўныя гульні прыдумаць.

Пачуліся дзіцячыя галасы, гэта азначае адно – прагляд фільма закончыўся. Задаволеная дзетвара панеслася да сваіх верных важатых. Хваля эмоцый і ўсмешак авалодала натоўпам апантаных рабят, якім хутчэй хацелася расказаць пра дыназаўраў.

Пасля бурнага абмеркавання выхавацелі сабралі ўсіх падапечных, якіх чакаў самы цікавы занятак – купанне на возеры. Сонейка грэла аголеныя плечы хлапчукоў і дзяўчат, якія ўжо ва ўсю плёскаліся ў вадзе. Важыты грозна памахаў пальцам гарэзлівым хлапчукам. Усе ведаюць, што гэты жэст азначае – нельга заплываць за буйкі.

– Самае цудоўнае, за чым можна назіраць, –  гэта як забаўляюцца дзеці, – пачала гутарку Вікторыя Міхайлаўна Калацкая, важатая першага атрада. – Увогуле, рабяты любяць водныя працэдуры. Іх абедам не кармі, дай толькі паплаваць.

Мы вырашылі пацікавіцца ў Вікторыі Міхайлаўны, ці цяжка быць выхавацелямі ў лагеры, на што яна адказала:

– Я думаю, што важатым ці настаўнікам заўсёды быць складана. Цяжка рабіць першыя крокі ў прафесію. Тут важна, каб заўсёды побач быў вопытны настаўнік, адчувалася падтрымка больш дасведчаных калег. А яшчэ, дарэчы, самае галоўнае, для чаго жыве педагог, – гэта ўсмешка і бляск у вачах дзіцяці. Тады ўсё атрымліваецца, тады адчуваеш сябе карыснымі, запатрабаваным.

Так незвычайна назіраць за тым, як твае равеснікі ліха спраўляюцца з малымі. Трэба кожнага выслухаць, адказаць на пытанні, знайсці індывідуальны падыход да дзіцяці. Менавіта тут, у лагеры, будучыя настаўнікі назапашваюць вопыт. Як сказаў важаты з атрада “Праметэй” А.М.Таўпенка: “Жыццё ў лагеры – гэта тое ж самае, што і жыццё ў школе. І што мы тут назапасім у свой педагагічны багаж, абавязкова спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці”.

Алеся Скрунда.

Фота Аляксандра Абрагімовіча.  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *