Инна Дударевич — самодеятельная артистка и просто обаятельная женщина

IMG_1381На першы погляд – усё ў ёй звычайнае. Мілавідная абаяльная жанчына, самадзейная артыстка, работнік культуры. Такой Іна Дударэвіч была для мяне літаральна да нядаўніх дзён. І толькі на адным з апошніх валанцёрскіх мерапрыемстваў углядзелася ў яе вочы, твар, пачула не проста голас са сцэны, а з душы і  адзначыла для сябе яе неардынарнасць. Не памылілася. Яна аднолькава пранікнёна выкладваецца як перад самым строгім журы праекта тэлеканала АНТ, так і перад непераборлівай аўдыторыяй пасівеўшых бабуляў. Яна ўсё робіць так – шчыра і ад душы.

Талент… у спадчыну
– Колькі сябе памятаю, яшчэ са школьнай парты – заўсёды ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. А як жа было яе не любіць? Тата Рыгор Маркавіч Жданко быў некалі дырэктарам Нагорнаўскага дома культуры, граў на баяне і акардэоне, кіраваў хорам, у якім спявала і мама Алена Феліксаўна.
Часам наіўныя, дзіцячыя вершы Іна занатоўвала ў школьным сшытку. А ў восьмым класе дзяўчына-падлетак асвоіла некалькі акордаў на шасціструнцы. Здавалася б, лёс выпускніцы дзясяцігодкі прадвызначаны – толькі інстытут культуры. Туды яна і ўзяла накірунак, але…
“Прабачце, Вы для iнстытута надта маладая…”
Уступных экзаменаў Іна чакала з нецярпеннем. Адштудзіравана песня “Малінаўка” пад гітару, верш пра салдата і нейкая падабраная разам з татам проза для першага іспыту, які абітурыентка здала на пяцёрку. Вось ужо амаль 5 балаў у заліковым бланку за сцэнарый свята і пантаміму, як адзін з членаў прыёмнай камісіі настойвае на сваім рашэнні: “Прабачце, Вы для інстытута надта маладая…”. І працягнуў ліст: “Вось Вам накіраванне ў культасветвучылішча, Вас там прымуць без экзаменаў”.
Надта маладая… Да глыбіні душы апанавала Іну крыўда за такую агаворку. Расчараваная, дзяўчына адмовілася ад сваёй мары.
Шлях да сцэны праз магазiн, сталоўку i дзiцячы сад
Кажуць, лёс кожнага чалавека прадвызначаны недзе там – на нябёсах. Што павінна адбыцца, тое абавязкова будзе.
Іна паступіла ў кааператыўнае вучылішча, уладкавалася прадаўцом, потым – працавала ў сталоўцы мясцовага сельгаспрадпрыемства, загадвала дзіцячым садам, і ўвесь гэты час удзельнічала ў вакальнай групе Лазавіцкага дома культуры, пісала сёе-тое для сябе. Неўзабаве, гадоў сем назад, з-за не зусім спрыяльнага дэмаграфічнага становішча ў аграгарадку дзіцячы сад аб’ядноўваюць разам з мясцовай школай, а Іну Рыгораўну прымаюць на працу… у дом культуры.
Вырваўся талент на волю
Па-іншаму проста і не скажаш. Тут жанчына ажыла, расправіла свае творчыя крылы. Пачала пісаць вершы. Не, не так. Вершы пачалі пісацца! Падчас хатніх спраў, на рабоце, разам са словамі ў галаве круціліся мелодыі. Тут жа занатоўвала Іна Дударэвіч вершы на паперы, а з рытмамі спяшалася да калегі Уладзіміра Васількевіча дадому або ў клуб. Музыкант ствараў аранжыроўку і нараджаліся песні. Сёння іх больш за тры дзясяткі, а вершаў – на цэлы зборнік. А душа… спявае, гараць вочы, не пакідае натхненне, талент вырваўся на волю.

“Лазiнка” замацавалася
Была звычайная вячэрняя рэпетыцыя ў доме культуры, ішло абмеркаванне чарговай канцэртнай праграмы, калі хтосьці з удзельнікаў вакальнай групы ўнёс прапанову аб’яднацца ў ансамбль. Падтрымалі. Так і разышліся па хатах. Некалькі дзён і начэй Іну Рыгораўну непакоілі думкі пра назву калектыва, яго нараджэнне.
– Лазавічы. Лаза, лазінка. Ансамбль, яшчэ зусім малады, як парастак лазы. Так – сугучча, сэнс. Будзе “Лазінка”, – з такім роздумам жанчына звярнулася да калег, якія яе ўміг падтрымалі. І ўжо за некалькі дзён нарадзілася і першая песня для ансамбля – “Лапці”. Літаральна праз год з гэтым нумарам лазавічане трапілі на праект тэлеканала АНТ “Песні маёй краіны”, пераадолеўшы адборачны тур. У фінал малады калектыў не прайшоў, але на золку свайго зараджэння пра сябе заявіў гучна. Сёння, праз тры гады з моманту заснавання, “Лазінка” ўжо выдатна знаёма клецкаму гледачу, ведаюць яе і прыхільнікі сталічнай сцэны.
“Мне тут камфортна i добра”
Кажуць, шчаслівы той чалавек, які атрымлівае задавальненне ад сваёй справы. Іна Рыгораўна Дударэвіч адносіць сябе да гэтай катэгорыі людзей:
– Здаецца, калі я прыйшла на працу ў культуру, у мяне змянілася жыццё. Іду на работу і хачу туды ісці. Адчуваю сябе ўтульна і добра, і рада, што вярнулася да той прафесіі, з якой хацела пачаць сваю працоўную біяграфію, працягваю бацькаву справу. Не ўяўляю ніводнага дня без песні, рэпетыцый. Люблю спяваць, складаць песні, атрымліваю задавальненне ад выступленняў.
Відавочна, усё гэта адбіваецца і на творчасці самадзейнага аўтара. Не валодаючы музычнай граматай, яна нараджае мелодыі. Цяпер часам і шкадуе, што адмовілася ад культасветвучылішча, бо мела б больш-менш прафесійныя навыкі. Але гэта не перашкаджае жанчыне цалкам аддаваць сябе таму асабліваму і прыцягальнаму, што можа быць у прафесіі культработніка. Яе ніколькі не пужае адсутнасць дома ў выхадны дзень, перавага грамадскім справам часам ва ўрон асабістым, бо яна жыве культурай, знайшла сябе і можа поўнасцю тут рэалізавацца, да сваёй справы далучае дачку, якая таксама ўдзельнічала ў мясцовай мастацкай самадзейнасці, і сына, якого навучыла іграць на гітары.
Слова, мелодыя, сцэна –
гэта арыенціры Іны Дударэвіч у працы і па жыцці. У ёй сумяшчаюцца прастата і інтэлігентнасць. Яна заўсёды аптымістычна адносіцца да розных падзей. Ніколі не зайздросціць і ўсім жадае толькі дабра. І гэтая шчырасць ззяе ў вачах жанчыны. Той, хто ўдумліва слухае яе аўтарскія песні, можа адчуць яе і ў глыбокім поглядзе Іны Рыгораўны на жыццё, які крануў і мяне, ды настолькі, што захацелася расказаць пра яе чытачам менавіта сёння – напярэдадні яе прафесійнага свята.
Гэты дзень – сапраўды Ваш, Іна Рыгораўна. Няхай менавіта Вам (а таксама ўсім Вашым калегам) будуць прысвечаны асеннія мелодыі дабрыні, пяшчоты і радасці.

Ірына Шаг.

Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *