“Зыгмунт Шчасны Фялінскі – святы лік на Беларусі”

У парафіяльным касцёле Святой Троіцы ў Клецку 19-20 чэрвеня адбудзецца сімпозіум “Зыгмунт Шчасны Фялінскі – святы лік на Беларусі” з нагоды кананізацыі і прылічэння да ліку святых Вялікага мужа славянскіх народаў Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі.

Фялінскі – архіепіскап-мітрапаліт Варшаўскі, архіепіскап Тарсенскі – нарадзіўся ў 1822 годзе на Валыні, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце на матэматычным факультэце, па заканчэнні якога адправіўся ў Парыж, дзе знайшоў сабе славу суайчыннікаў. У 1848 годзе ён прымаў удзел у рэвалюцыйным руху ў Познані і быў цяжка паранены. Праз год Фялінскі вярнуўся ў Парыж і вырашыў прысвяціць сябе рэлігіі. У 1855 годзе пасля заканчэння курса ў каталіцкай духоўнай акадэміі прыняў сан святара, сем гадоў быў у Пецярбургу вікарыем у касцёле Святой Кацярыны, затым – прафесарам філасофіі ў Духоўнай акадэміі. Дзякуючы яго намаганням, у горадзе на Няве быў заснаваны прытулак для старцаў і сірот, вынікам яго дзейнасці ў якасці духоўніка з’явілася сачыненне «Konferencje duchowne». У 1862 годзе Фялінскі атрымаў у Рыме сан архіепіскапа-мітрапаліта Варшаўскага, усту­піў у кіраванне сваёй епархіяй, але становішча і ўзаемаадносіны з уладай яго былі вельмі складанымі, што і выклікала пераезд. Фялінскі быў вымушаны каля 20 гадоў жыць у Яраслаўлі, у 1883 го­дзе адмовіўся ад варшаўскага архіепіскапства і прыняў тытул архіепіскапа Тарсенскага, у тым жа годзе ездзіў у Рым, а астатак жыцця правёў у Галіцыі. Стварыў там школу і дзіцячы сад, пабудаваў царкву і адкрыў жаночы манастыр сясцёр Сям’і Марыі. Ён атрымліваў ад рускага ўрада значную пенсію, аднак амаль усё раздаваў бедным. Калі ў 1895 годзе Фялінскі памёр, пры ім не аказалася сродкаў для пахавання.

18 жніўня 2002 года Папа Іаан Павел ІІ далучыў Фялінскага да ліку блажэнных. 11 кастрычніка 2009 года Папа Бенедзікт ХVI – да ліку святых.

А цяпер аб тым, якое дачыненне мае Фялінскі да Клеччыны. Яго маці – Ева Фялінская, якая пасля страты свайго бацькі разам з маці і старэйшым братам жыла ў в.Галынка. Ахрышчана Ева была ў касцёле Святой Троіцы ў Клецку, вучылася ў Галынцы ў школе з дзецьмі прос­тага люду, скончыла Слуцкую гімназію і працавала ў Клецку гувернанткай – выкладала музыку. У 17-гадовым узросце Ева стала жонкай Герарда Фялінскага і пераехала жыць да яго на Валынь, дзе і нарадзіўся іх сын Зыгмунт. У свае студэнцкія гады юнак бываў на Клеччыне, дзе і пройдзе прысвечаны яму сімпозіум.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *