Думкі ўслых. «Вайна за праўду»

 

 

Пра наша мінулае не могуць не помніць 1,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай і 8,5 тысяч суайчыннікаў, што пацярпелі ад наступстваў вайны – у асноўным гэта вязні канцлагераў. Яны яшчэ побач з намі! Аднак горка ад таго, што самаму малодшаму сёння ажно 96 гадоў. Настане той час, калі пойдзе ад нас апошні ветэран.

Прайшлі дзесяцігоддзі, аднак пах таго пораху і ў ХХІ стагоддзі мы востра адчуваем у паветры. А як жа інакш? Гэта цяжкія ўспаміны для беларусаў.

У Беларусі пастаянна гараць 20 Вечных агнёў, яшчэ 100 запальваецца дадаткова ў дні святкавання важных нацыянальных і гістарычных свят. У назвах многіх дзяржаўных  мерапрыемстваў прысутнічаюць паняцці «памяць», «помніць».

Народ, які ведае, шануе сваіх герояў – вялікі, святы, непераможны. Многія дзесяцігоддзі мы здолелі пранесці высакародны заклік: ніхто не забыты, нішто не забыта!

Сённяшняе пакаленне не ведае жахаў вайны: не бачыла спаленых, разбураных вёсак, мястэчкаў, гарадоў, не чула стогнаў параненых. Мы павінны расказваць нашым дзецям і ўнукам пра драматычныя падзеі таго часу. Нельга забываць, што бяда не абышла і тых, каму пашчасціла  вярнуцца дадому з крывавых палёў вайны. Многія затым памерлі ад франтавых ран, засталіся інвалідамі. Вайна, бясспрэчна,  пакінула меткі на кожным пакаленні. Колькі ў нас спаленых і неадноўленых вёсак!

Важна разам з дзецьмі наведваць месцы пахаванняў, высвятляць, хто тут загінуў. І калі яшчэ адна сям’я ўстановіць хаця б адно прозвішча невядомага салдата ‒ гэта будзе найвялікшай узнагародай для душы. Гэта стане духоўным ордэнам для памяці і гістарычнай праўды.

Ніколі не загояцца раны на сэрцы маёй Беларусі. У розных кутках нашай краіны, якая страціла кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на шматпакутнай зямлі.Сёння ў нашых вёсках, гарадах каля 9 тысяч помнікаў і пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі, з’яўляюцца святымі мясцінамі ўшанавання загінуўшых, вечным напамінам нам, нашчадкам, пра тое, які бясцэнны мір. Гэта асабліва актуальна ў сёлетні Год міру і стварэння.

З пакалення ў пакаленне павінна перадавацца эстафета гэтай усенароднай  памяці. На жаль, сярод нас шмат і тых, хто ніяк не хоча ўсвядоміць, што мір прыйшоў дзякуючы тым салдатам, афіцэрам, партызанам,  у каго хапіла стойкасці і адвагі, каб рашуча  супрацьстаяць  фашыстам.  Байцы не задумваліся, што рызыкуюць сваім жыццём. Яны проста аддана ішлі абараняць сваю зямлю, сваю Радзіму. Менавіта абаронцы падараваў нам мір. Мы пажыццёва павінны быць абавязаны ім.

На жаль, чым далей адыходзяць ваенныя  падзеі, тым больш імкліва навязваюцца нам «новыя» варыянты гісторыі Вялікай Айчыннай. У нас, нашчадкаў тых, хто цаной уласнага жыцця выратаваў свет ад фашысцкай навалы, спрабуюць адабраць галоўную святыню ‒ Перамогу. І таму сёння мы як ніколі ў адказе за праўду пра вайну, каб урокі  Вялікай Айчыннай беларусам больш ніколі не давялося перажыць. Нам усім разам трэба даваць адпор фальсіфікатарам і псеўдагісторыкам, абмяркоўваць шляхі захавання і перадачы агульнай гістарычнай памяці, неміфічнай, нефэйкавай праўды.

Горка, аднак сёння дыскрэдытуецца ў свеце само паняцце патрыятызму, подзвігу, навязваюцца непраўдзівыя пункты гледжання пра сапраўдных герояў, якія перамаглі ў крывавай вайне. Гістарычныя аргументы,  факты проста выцясняюцца з кантэксту падзей, скажаючы іх. Таму і ўзнікае  шмат тлумачэнняў па спрэчных пытаннях пра сімвалы, калабарацыі, пра даваенныя тэрыторыі дзяржаў. Гэтым і  карыстаюцца нашы заморскія ворагі, каму стабільнасць, мір зусім не патрэбны. Фальсіфікацыі падзей вайны, наўмыснае скажэнне гістарычных фактаў, прыніжэнне ролі савецкага народа ў перамозе – тыя  актуаліі, якім апошнім часам вымушана супрацьстаяць беларуская грамадскасць.

У Беларусі прапрацоўваецца пытанне, каб у кожнай вобласці і раёне былі створаны цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі. Для таго, каб паспяхова будаваць шчаслівую Беларусь, мы ўсе разам павінны ствараць у краіне атмасферу нецярпімасці, якая б не дазваляла прарастаць гістарычнай хлусні, крывадушшу, жорсткасці, невуцтву.

Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» – вельмі актуальны. Ён утрымлівае поўны паняційны апарат, які тлумачыць нам, што такое нацызм і нацысцкія злачынцы , што такое нацысцкая сімволіка і атрыбутыка.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *