Як у Лазавічах адрадзілі традыцыйны абрад Шчадравання

 

Народнае свята Шчадрэц традыцыйна адзначаецца пасля Каляды – 13 студзеня. Прыйшло яно да нас з часоў языцтва, але за многія стагоддзі амаль знікла. Толькі ў некаторых рэгіёнах Беларусі сёння можна яго ўбачыць. На Клеччыне ўнікальны абрад праводзяць у аграгарадку Лазавічы. За адраджэнне спадчыны больш за 30 гадоў назад узяўся дырэктар мясцовага Дома культуры Сяргей Машко.  

Мужчына родам з гэтых мясцін. Нарадзіўся ў вёсцы Кунцаўшчына сярод прыгожых краявід. З дзяцінства даражыў роднай хатай, бацькамі, сваякамі і аднавяскоўцамі. Маленькім хлопчыкам услыхоўваўся ў меладычныя народныя песні, якія гучалі з кожнага сялянскага двара. Сачыў за руплівай працай землякоў, якія да сёмага поту працавалі з ранку да вечара ў полі, а вечарам стваралі прыгожыя вышыванкі, ткалі, пралі, займаліся разьбой па дрэве і бондарскай справай. Усё гэта залегла ў сэрца, таму сваё будучае звязаў з творчасцю. Ён і гарманіст, і спявак, і мастак па вырабе рэчаў з дрэва. А яшчэ – знаўца народнай культуры, які нясе яе ў масы, перадае маладому пакаленню.

–Усё пачалося з таго, што я сустрэўся з носьбітам і рэжысёрам шчадравання, аднавяскоўцам Віктарам Крулем, які быў адметным скрыпачом-самародкам, – гаворыць Сяргей Іванавіч. – Чалавек сталага ўзросту ўсё ведаў пра гэты абрад. Расказваў, што такога Шчадраца нідзе па клецкаму рэгіёну не было. Хоць і працаваў ён у калгасе, але быў адданы культуры. Чалавек стварыў першы калектыў шчадроўнікаў і хацеў, каб спадчына жыла.

С.Машко зацікавіўся старажытным абрадам. Пазнаёміўся з Мікалаем Бурдзейка, які быў родам з Макран. Мужчына падказаў, што на гарышчы яго аднавяскоўца Апанаса Зылевіча знайшоў Калядную зорку. Праўда, яна была ў зусім кепскім выглядзе. Тады ў кіраўнік мясцовай культуры нарадзілася ідэя – патрэбна яе адрадзіць.

У маладога культработніка ўсё атрымалася. Як прызнаецца аматар народнай творчасці, прыходзілася часта займацца яе рэканструкцыяй – то зімовая непагодзіца, то мароз, то дождж, а аднойчы сучасныя маладыя дзяўчаты ўкралі яе на сувенір.

Так работнік культуры стаў працягваць збор звестак ў старажылаў і даведаўся, што калісьці ў іх мясцінах на Шчодры вечар праводзіліся калядныя абходы з віншаваннямі, традыцыйнымі песнямі, дзе ўдзел прымалі толькі мужчыны. Вадзілі яны жарэбную кабылу – сімвал урадлівасці і дастатку.

Сёння старынны абрад поўнасцю адроджаны і працягвае сваё жыццё. Кожны год лазавічане чакаюць да сябе ў госці шчадроўнікаў, сярод якіх такія дзеючыя асобы як Зазывала, Звяздар, Кабылка, Механошы, Музыкі. Людзі радуюцца, калі ў іх хату пастукаюцца гэтыя героі, бо іх з’яўленне звязваюць з добрымі весткамі, якія будуць радаваць на працягу ўсяго года. А яшчэ падпяваюць артыстам. Некаторыя нават папраўляюць гасцей. 80-ыя мясцовыя бабулі гавораць, што тут не зусім правільныя словы ў песні. А сучасным шчадроўнікам гэта толькі на руку.

Па словах субяседніка, кожны год артысты з народа імкнуцца ўнесці ў сцэнарый нешта новае, каб здзівіць гаспадароў. Задоўга да Шчадраца ўдзельнікі дзейства пачынаюць рыхтавацца. Развучваюць калядныя песні, робяць Калядную зорку, ствараюць касцюмы, распрацоўваюць сцэнарый, выкарыстоўваючы мясцовы фальклорны матэрыял. Кіраўнік сучаснага абраду вельмі ўдзячны Раману Цераховічу, Вадзіму Гарэцкаму, Арцёму Рудзяку, Аляксандру Сасіновічу, якія не лічацца з часам і находзяць хвіліны, каб парадаваць землякоў.

Увечар 13 студзеня ўдзельнікі абраду збіраюцца разам у адной хаце, а затым накіроўваюцца з песнямі па вёсцы. “Ішла Каляда ды на Іванаў двор” гучыць па ўсёй акрузе. А ў хаце гаспадары не спяшаюцца аддаваць падарункі, а хочуць чуць спевы шчадроўнікаў. Лірычныя пажаданні адрасуюцца кожнаму: нежанатым – жаніцца, дзяўчатам стаць маладзіцамі, дбайным гаспадарам – прыбытку ўдвая, немаўлятам расці, састарэлым не хварэць… І, канешне, галоўнае роля  тут Кабылкі, якая танцуе, потым падае на падлогу, бо хоча “ мерку аўса, каб была каўбаса, цукеркі і сала”.

Шчадроўнікі песнямі і прыказкамі дзякуюць за шчодрыя пачастункі, жадаюць у Стары Новы год (14 студзеня) дачакаца гэтага дня зноў  і ў міры і здароўі сустрэць іх на сваім парозе.

Алена КАРАЖАН.

Фота з архіву Лазавіцкага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *