Свята да Дня беларускага пісьменства адбылося ў Клецку

 

Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца нацыянальнае свята, у час якога мы аддаём даніну павагі продкам, якія стварылі фундамент адукацыі і пісьменства, а таксама ўсім тым, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто ўпрыгожваў айчынную і сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі.

Па традыцыі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі пад адным дахам збіраюць у гэты дзень не толькі мясцовых паэтаў і празаікаў, але і актыўных наведвальнікаў бібліятэкі, хто не ўяўляе свайго жыцця без друкаванага слова. Вось і ў суботу, 3 верасня, час за размовай праляцеў вельмі хутка.

Чыталі свае новыя творы паэты Клеччыны, чые імёны добра вядомы чытачам раённай газеты праз літаратурную старонку літаб'яднання "Голас". Гэта: Аляксандр Жукоўскі, Віктар Худавец, Галіна Нупрэйчык, Юрый Эверт, Іван Бобка, Вольга Лабажэвіч, Анатоль Белы, Святлана Тамбулатава, Дзмітрый Бобка, Вольга Герасімовіч, Ларыса Гадун.

Сапраўднай ізюмінкай гэтага мерапрыемства стала сёлета паэтычная кампазіцыя пад назваю "Восеньскі настрой", якую спецыяльна падрыхтавалі Іван Бобка, Таццяна Цвірка і Галіна Нупрэйчык. Верш Т.Цвірка чытала Святлана Гарбуз.

Дарэчы, менавіта гэты нумар будзе гучаць на справаздачным канцэрце да 20-годдзя Мінскага народнага клуба кампазітараў і паэтаў "Жывіца" ў сталіцы нашай краіны.

Прагучала на Дні пісьменства ў Клецку і тэма 2022-га – Года гістарычнай памяці. Навуковы супрацоўнік ДУ "Музей гісторыі Клеччыны" Ганна Байрашэўская правяла для ўдзельнікаў свята сапраўднае падарожжа ў мінулае, за што хочацца сказаць Ганне Канстанцінаўне асаблівае "Дзякуй!".

Таксама на працягу ўсяго часу, што доўжылася творчая сустрэча, для ўдзельнікаў святочнай дзеі гучалі прыгожыя песні ў выкананні таленавітых землякоў. Музычныя нумары суправаджаліся гучнымі апладысментамі, якія сведчылі аб прызнанні таленту выканаўцаў.

У кожнага з нас ёсць свой любімы паэт ці пісьменнік, творы якога мы перыядычна перачытваем, на старонках чыіх кніг шукаем адказы на шматлікія пытанні, цытуем вершы ўголас ці зусім ціхенька, калі сумна або надзвычай добра на душы. І так трэба каб было, бо толькі слова мае тую магутную сілу, што можа заставіць нас жыць, змагацца і перамагаць, кахаць і верыць…

Валянціна СЯНКЕВІЧ.

Фота Іны ФЕДАРЧУК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *