Крестная мама

Цудоўныя яе вочы заварожваюць глыбінёй і дапытлівасцю, добразычлівасцю і выразнасцю. Вялізныя, нябесна-блакітныя, шчырыя і цёплыя… Светлыя!
Калі яна з’явілася ў нашай школе №1, мне запомнілася не сустрэча на ўрачыстай лінейцы, не зносіны ў настаўніцкай, а выезд на бульбу: на ёй была ясна-блакітная, у тон вачэй, вельмі прыгожая лёгкая куртачка-вятроўка. Яе твар нібы вырастаў з гэтай куртачкі – спакойны, добры, ласкавы, і маўклівы. Яна ніколі наогул не вылучалася шумнай гаманлівасцю. Можа, якраз з-за гэтай нягучнай гаворкі да яе заўжды прыслухоўваюцца. Яна ніколі не скажа лішняга слова, і ўсё, ёю сказанае – узважанае і дакладнае. Можа, таму яе ў школьным калектыве адразу і палюбілі. Яна стала нібы «дачкой палка»: усе разумелі яе праблемы – і догляд за цяжка хворай маці, і тое, што ўвесь клопат аб доме і гаспадарцы (няхай сабе і невялікай) лёг на яе, у прынцыпе, зусім яшчэ студэнцкія плечыкі. І для ўсіх яна стала не толькі паважанай настаўніцай Святланай Васільеўнай, але і проста Светкай Маліноўскай. Бо многія тут яшчэ памяталі яе разумненькай прыкладнай вучаніцай, якая на лінейках атрымлівала свае нязменныя пахвальныя граматы і лісты.
Яе прафесійны шлях складваўся паспяхова. Кантакт з дзецьмі наладжваўся даволі лёгка, ды і кафедра матэматыкі ў СШ №1 заўжды была дружнай, характэрызавалася ўзаемападтрымкай і ўзаемадапамогай. Адзін толькі Іван Дзянісавіч Дзейка чаго быў варт! Дысцыплінаваны, мудры, бліскучы матэматык і адміністратар, цудоўны прафесіянал, ён апякаў сваю кафедру як строгі і разумны бацька. У значнай меры можна сказаць, што многімі сваімі дасягненнямі і ўдачамі ў навучанні і выхаванні нашы юныя «матэматыкі» былі абавязаны менавіта яму.
З цягам часу назапашваўся і ўласны вопыт. Сёння ўжо яна сама можа падзяліцца многімі сваімі здабыткамі і набыткамі – і не толькі з моладдзю, але і са сталымі калегамі. Яна выкладае і матэматыку, і інфарматыку, а часам, калі патрэбна, здольна дапамагчы вучню і па фізіцы, і па астраноміі. У яе вялікая прафесійная бібліятэка, якую яна пакрысе збірала яшчэ з інстытуцкіх гадоў – павольна, спакойна, нетаропка, абдумана…
Дарэчы, аб яе нетаропкасці. Яна нетаропка пачынае ўрок, спакойна яго вядзе. Цярпліва выслухоўвае адказы вучняў, павольна складвае сшыткі, падручнікі, дапаможнікі ў партфель. Нават нейкія матэматычныя падлікі на чарнавіках яна робіць няхутка – у яе ніколі не бывае нервова закрэсленых радкоў…
Мабыць, таму яна ўсё і паспявае, бо нікуды не спяшаецца. Яны абодва з мужам Сашам у гэтым сэнсе блізкія па складу характараў. Неяк непрыкметна расшырыўся іх дом, дзе з’явілася і прасторная кухня, і ўтульная ванная. Нібы самі сабою набыліся і аўтамабіль, і камп’ютар; інтэр’ер дома, дворык і ўчастак набылі прыгожы і сучасны выгляд. Усё гэта – вынік іх агульнай працы – немітуслівай, але спорнай і акуратнай.
Акрамя сумеснай работы ў школе нас паступова пачало звязваць і яшчэ сёе-тое. Бывала, што мы разам ішлі дадому з работы. І заўжды – разам з педсаветаў. Гэта была вялікая кампанія: Лямцаў, Гасцееў, Варановіч, Сенькевіч, Кунігель, Апанасевіч, мы са Светкай… (калі забылася пра каго – даруйце). А потым, з 1984 года, мы з ёю пачалі хадзіць у царкву на Вялікдзень. У той час гэта яшчэ было небяспечным – і па рабоце, і па партыйнасці… Але і яна, і я (хоць і трус па прыродзе) гэтага не баяліся, бо на могілках ужо ляжалі і мая бабуля, і яе мама.
А яшчэ ў нас былі агульныя тыдні, праведзеныя ў Гаграх і на прылеглых турбазах. Нас было там з Клецка шасцёра дарослых і двое дзяцей, у тым ліку Святлана Васільеўна і я з мужам Колем і дачкой Вітай. Там я ў чарговы раз здолела пераканацца ў яе цудоўных чалавечых якасцях: спакойнай весялосці і мудрай разважлівасці.
Успамінаюцца некаторыя цікавыя выпадкі нашых зносін. Аднойчы мы ішлі ўдваіх з работы. Была мяцеліца, густы снег лупіў у вочы, нельга было адкрыць рот, і я ледзве вымавіла: «Ой, хутчэй бы дадому – ды ў цяпло». А Светка дабавіла: «І вялікі кубак падсалоджанага цёплага малака, і паўбатона – і на печ – і парашаць…». Я нічога не адказала. Але ўражана была бязмерна: «…і парашаць»…
А яшчэ быў такі выпадак. Мы ішлі з работы. Здаецца, таксама была зіма. Настрой быў дрэнны: мы вярталіся з нейкай нарады, на якой нам, як часта здаралася, нічога добрага не паведамілі. Доўга маўчалі, а потым Светка сказала: «І калі тая пенсія?». А я кажу: «Чакай, зараз палічу. Так…Гэта я з 48-га… Значыць, у 2003 годзе. Ой-ёй, ёй, 13 гадоў – гэта ж проста цэлы крымінальны тэрмін!...".
…Неяк хутка, амаль незаўважна прайшоў гэты мой «крымінальны тэрмін», а пасля я працавала яшчэ да 2009 года… Цяпер ужо і ёй – лічаныя гады да пенсіі. А ў мяне ўсё стаіць перад вачыма тая нябесна-блакітная куртачка, пасля – прыгожае зімовае паліто з раскошным каўняром, пасля – утульная бэжавая цёплая куртка з капюшонам… А яшчэ яе яркія святочныя строі – стракатыя ці аднатонныя, але заўжды некрыклівых і строгіх пакрояў (як і яна сама). Так, нават сваю сённяшнюю паўнату яна нясе лёгка, годна, прыгожа. Не мітусіцца. Не хаваецца за каго-небудзь, не тушуецца. І на калектыўных фотаздымках яна – не з краю, не збоку, а даволі часта ў цэнтры – не выпячваючы сябе, проста радасна і хораша. Няшумна. Спакойна. І выраз твару – заўжды добразычліва-уважліва-усмешлівы. І ніколі не ганаровы. Не пераможны. Яна не імкнецца заваёўваць. Гэта атрымліваецца само сабой. Бо не падпарадкуе, а прыцягвае. Свеціць (ну, Святлана!). А на святло заўжды ідуць, да святла заўсёды цягнуцца. Мабыць, нездарма ёй мама і імя дала такое…
Ёсць ў сусветнай цывілізацыі такое паняцце – «A Self Made Man» – «Чалавек – які стварыў сябе сам». Баюся саграшыць, каб так яе назваць. Але ўсё ж-такі, хоць мама яе калісьці і «лягла касцьмі», каб для яе усё зрабіць… Даруйце, але ж часта так бывае: як ты ні падпірай чалавека, а ён валіцца. У Светкі так не адбылося. І як чалавек – выжыла. І як настаўнік – сябе стварыла. І як прафесіянал – усяго заслужыла.
А зараз хачу сказаць галоўнае: яна не толькі настаўнік, але – маці. Шмат сваіх вучняў яна хрысціла ў прафесію. Нават тых, якія не сталі матэматыкамі, але пайшлі ў фізікі, юрысты, эканамісты, біягенэтыкі. А яшчэ – да яе ідуць і бягуць малыя і вялікія з вуліцы Заслонава і з усіх прылеглых: «Святлана Васільеўна, задачка не выходзіць»; «Святлана Васільеўна, дапамажыце з вылічэннямі…». І вельмі часта звяртаюцца бацькі: «Святлана Васільеўна, «падцягніце»…»; «Святлана Васільеўна, папрацуйце на экзамен…». І яна працуе, «падцягвае», дапамагае. І свеціць усім, часта чужым вучням. Часам да яе звяртаюцца і студэнты: спецыяльна прыязджаюць на выхадныя, каб пазаймацца па праблемных інстытуцкіх тэмах. І яна дапамагае ўсім як маці – цярпліва, умела, адказна.
Па праўдзе, мацярынства – яе сутнасць. Таму яна не толькі, як я напісала вышэй, многіх хрысціла ў прафесіі, але і па-сапраўднаму – у царкве. Колькі ў яе цяпер хроснікаў я не ведаю: збілася з ліку. Ды і даўно мы з ёю на гэту тэму не гаварылі. Калісьці было 9, пасля – 11… І на ўсіх хапае шчырага і добрага сэрца Святланы Васільеўны, усіх сагравае гэта высакародная душа. Усім свеціць…

Лілія Мялешка, г.Клецк.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *