Лепшы класны кіраўнік раёна працуе ў гімназіі Клецка

 

У конкурсе педагагічнага майстэрства класных кіраўнікоў “Самы класны класны”, які сёлета ўпершыню праводзіўся ў нашым раёне, за права называцца лепшым змагаліся 15 чалавек, 5 з іх выйшлі ў фінал і спаборнічалі між сабой у інтэлектуальных і творчых іспытах 19 лютага ў цэнтры дзіцячай творчасці (матэрыял быў змешчаны на сайце газеты).

Педагогі расказвалі аб сабе, прэзентавалі свае творчыя праекты, гаварылі пра штодзённыя школьныя клопаты і работу з дзецьмі. Усе яны, без сумненняў, таленавітыя, крэатыўныя, творчыя, артыстычныя людзі, кожнага з якіх іх выхаванцы лічаць самым найлепшым класным, сябрам і дарадцай.

Ды што і казаць, усе мы ведаем са школьных гадоў, што класны кіраўнік – гэта больш чым звычайны настаўнік. Яму не проста патрэбна шмат вучыцца і паспяваць за сучаснымі тэндэнцыямі ў навуцы, культуры, модзе, каб адпавядаць усім патрабаванням часу і крочыць у адну нагу з дзецьмі, яму неабходна быць сапраўдным чарадзеем – умець зазірнуць у душу кожнага свайго выхаванца, зразумець, падказаць, падтрымаць, засцерагчы ад неабдуманых учынкаў, усяліць веру і сілы рухацца наперад і дасягаць пастаўленых мэтаў.

А яшчэ ж патрэбна рыхтавацца да ўрокаў, вывучаць нарматыўную базу, афармляць дакументацыю, удзельнічаць у метадычных аб’яднаннях і павышаць кваліфікацыю на курсах, абмяркоўваць пэўныя пытанні з бацькамі і яшчэ многа што. Класны кіраўнік выконвае двайную місію – вучыць і выхоўвае юных грамадзян краіны, умела сумяшчае свае задачы, удала кіруе адукацыйна-выхаваўчым працэсам. А гэта вялікае майстэрства і цяжкая праца!

Як за ўсім паспявае, якія канкрэтна мэты ставіць перад сабой, як пры ўсім цяжары, ускладзеным на яго плечы, яму ўдаецца стаць блізкім чалавекам для дзясяткаў сваіх выхаванцаў? Аб гэтым пацікавіліся ў пераможцы раённага конкурсу “Самы класны класны” Жанны Аляксандраўны Макрэцкай.

Сёння я класны кіраўнік сёмага класа. У мяне 26 вучняў: 15 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак, розных па характары і знешне, але аднолькавых па непаседлівасці і цікаўнасці. Я ўсіх іх люблю, люблю такімі, якія яны ёсць. Пытаецеся, чым займаюся з імі? Выхоўваю асобу!

Поўнасцю згодна з тым, што паспяховую асобу трэба выхоўваць уласным прыкладам. Асаблівую ўвагу надаю дабрыні, адказнасці, фарміраванню грамадзянскай самасвядомасці. Мне цікава выхоўваць дзіця, якое будзе шукаць у сабе здольнасць, магчымасць рэалізацыі свайго шляху. Галоўнае імкнуцца да гэтага, шукаць, спрабаваць. А мая задача –падтрымаць і накіраваць.

Хтосьці з выпускнікоў аднойчы сказаў, што з усіх прадметаў памятае толькі настаўнікаў. І сапраўды, праз шмат гадоў пасля школы забываюцца арфаграфічныя і пунктуацыйныя правілы, фізічныя і матэматычныя формулы, але ў памяці застаецца на доўгія гады вобраз настаўніка, прычым у большасці яго ўрокі жыцця, а не па прадмету. Выхоўваючы вучня, класны кіраўнік (настаўнік) дапамагае яму адбыцца як чалавеку, як асобе. Класнаму кіраўніку трэба стварыць такія ўмовы ў класе, каб кожнае дзіця не змагло застацца ў баку ад выхаваўчага працэсу, стала актыўным яго ўдзельнікам.

Калі абяцаеш, то абавязкова выканай! Усе класныя справы рабіць толькі разам! Правіла “Калі хочаш зрабіць добра, зрабі сам!” у калектыве, дзе ёсць 26 пар вачэй, ніколі не будзе працаваць. Толькі ўсе разам, і толькі калі кожны выказаў сваю думку, і толькі калі прыйшлі да аднолькавага погляду на праблему, толькі тады, трэба пачынаць дзейнічаць. Тады будзе поспех, тады будзе задавальненне ад зробленага, толькі тады кожны адчуе, што ён асоба, што перамога залежала менавіта ад яго. Мы ўсё робім разам! Прыдумваем праекты і іх рэалізоўваем, удзельнічаем у канцэртах, спектаклях, дабрачынных і валанцёрскіх акцыях. Хлопчыкі і дзяўчынкі падтрымліваюць мае ініцыятывы, а я іхнія.

Так, стала добрай традыцыяй кожны навучальны год праводзіць паход выхаднога дня ва ўрочышча Старына, а летам трохдзённы паход на возера Свіцязь, ствараць летапіс класа, на фінішную прамую запрашаць бацькоў. Калі прапанавала прыняць удзел у этнаграфічным праекце, мае выхаванцы аднагалосна мяне патрымалі. І за два гады аб гэтым нават не пашкадавалі. На кожным такім занятку стараюся ў сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак пасеяць зерне нацыянальнай самасвядомасці, каб потым яно дало добры ўраджай у выглядзе суполкі сапраўдных патрыётаў, асоб, якія глыбока будуць ведаць свае родныя карані, якія будуць здольныя захаваць і памножыць вытокі нацыянальнай культуры, гонарыцца сваёй Клеччынай, сваімі землякамі.

У гэтым навучальным годзе хтосьці з вучняў прапанаваў правесці цыкл інфармацыйных гадзін, прысвечаных славутым людзям зямлі беларускай: Івану Хруцкаму, Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, Міхаілу Савіцкаму, Ігнату Дамейку, Ігару Лучанку. Ідэя спадабалася і з поспехам рэалізуецца. Рыхтуючыся да кожнага класнага мерапрыемства, стараюся ўпэўніць хлопчыкаў і дзяўчынак, што гэта дапаможа ім раскрыцца, падняць сваю самаацэнку, атрымаць новыя веды, знайсці новых сяброў?

Мы спрабуем розныя формы зносін – велапаходы і экскурсіі па родным краі, гутаркі, святы, дабрачынныя акцыі, конкурсы – дзеля таго, каб лепей пазнаць адзін аднаго, каб вучыцца ў сяброў і знаёмых, быць бліжэйшымі да акружаючых людзей, спасцігаць штосьці новае, абменьвацца, дзяліцца. Лічу, што мы з імі павінны пакінуць свой след і ў гісторыі гімназіі, і ў сэрцы тых, з кім мы будзем крочыць побач на працягу сямі гадоў. Скажу шчыра, мне будзе прыемна, калі праз некалькі гадоў мае хлопчыкі і дзяўчынкі патэлефануюць і запросяць на вечар сустрэчы.

Упэўнена, што нам будзе, што ўспомніць, з чаго пасмяяцца, а пра што лепш прамаўчаць. Я з любоўю і ўдзячнасцю ўспрымаю кожнага з іх. Мы разам усяго толькі трэці год, а я ўжо многаму ў іх навучылася. А яны добра засвоілі, што такое поспех і што азначае быць паспяховай асобай. Мая задача іх падтрымаць і накіраваць на гэтым шляху. Думаю...

Не, правільней будзе сказаць, што на сто працэнтаў пераканана: дзеля такіх момантаў і патрэбна станавіцца класным кіраўніком.

Быць на адной хвалі з дзецьмі і мець паразуменне з бацькамі – вось галоўная зброя класнага кіраўніка. На самай справе гэта вельмі складана і адказна – з дня ў дзень трымаць у полі зроку кожнага са сваіх падапечных. Каб быць спакойным душой, класны павінен ведаць, дзе выхаванцы і чым займаюцца. І ў той жа час, педагогі пацвярджаюць, што менавіта дзеці і трымаюць іх у тонусе.

Дзякуючы хлопчыкам і дзяўчынкам, класныя будуюць новыя планы, прыдумляюць, чым здзівіць іх школьнікаў у чарговы раз, чым зацікавіць, каб выклікаць у іх дапытлівасць, абудзіць на добрыя справы. Менавіта такія класныя кіраўнікі – мудрыя, уважлівыя, клапатлівыя, – якія штодня дораць сваю любоў і дабрыню дзецям, застаюцца ў памяці назаўсёды. Яны – арыенцір і прыклад для вучняў. Паспяховыя, сапраўдныя, балеючыя душой за кожнае дзіця  педагогі выхоўваюць Чалавека з вялікай літары.

Святлана Орпель.

Фота Яўгеніі Семянчук і з архіва гімназіі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *