«Тут карані — адсюль вытокі»: Жыхары Драбашчыны адзначылі свята вёскі

 

Такую назву мела свята вёскі ў Драбаўшчыне. І хоць гэты населены пункт па сутнасці сваёй з'яўляецца аграгарадком, аднак для мясцовых жыхароў ён заўжды будзе любай сэрцу старонкай, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе і зараз жывуць іх продкі.

Драбаўшчына адносіцца да населеных пунктаў раёна, найбольш аддаленых ад райцэнтра. Толькі нягледзячы на тое, што вёска мяжуе з лесам і практычна за ёю пачынаецца Брэсцкая вобласць – жыццё тут віруе. З 226-ці мясцовых жыхароў 122 – працаздольнага ўзросту. Ёсць і моладзь, і нават дзяцей і падлеткаў да 18-ці гадоў налічваецца 20 чалавек. Адным словам – усё годна і ладна.

З асаблівай павагай адносяцца ў названным куточку Клеччыны да сталых вяскоўцаў. Вось і ў час святочнага мерапрыемства 18 ліпеня тут шанавалі і дарылі музычныя прывітанні 80-гадовым юбілярам Вользе Фёдараўне Грабянёк, Міхаілу Іосіфавічу Гаўруку, Соф'і Мікалаеўне Карабчук, Алене Дзям'янаўне Прышчэпа; 75-гадовым Вользе Аляксандраўне Каржак і Васілісе Мікалаеўне Мазан; 70-гадовым Алене Мікалаеўне Жукоўскай і Ніне Уладзіміраўне Галуза. Нельга не адзначыць і тое, што не засталіся без увагі самыя юныя юбіляры – 15-гадовы Максім Жабіцкі і 5-гадовая Мілана Дрозд. Такім чынам кожны з жыхароў вёскі, хто сёлета з'яўляецца юбілярам, атрымаў сваю "хвіліну славы".

Заўсёды выклікае асаблівае хваляванне, калі назіраеш, як побач з людзьмі шаноўнага ўзросту туляцца малыя. Бабулі і дзядулі пяшчотна абдымаюць праўнукаў і прапраўнукаў, а тыя ў сваю чаргу моцна трымаюцца за маршчыністую, спрацаваную далонь і ні на крок не адыходзяцца ад роднага чалавека. Немаўляты – асаблівая катэгорыя дзетак, якіх хочацца аберагаць нават ад подыху ветра.

Упэўнена, што гэтак жа дрыготка адносяцца бацькі і да Сцяпана Грушы – самага маленькага жыхара Драбаўшчыны. Шчыра жадаем і хлопчыку, і яго тату з матуляй моцнага здароўя і здзяйснення ўсіх мараў!

А самай старэйшай жыхарцы вёскі Яўгеніі Сцяпанаўне Каржак, якой у гэтым годзе  споўнілася 92 гады, зычым добрага жыцця і спакою, бо ў такім узросце гэта і ёсць самае важнае.

Няма больш высакароднага пачуцця для чалавека, чым любоў да свайго куточка. Родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца першы крок у вялікае жыццё, першае слова, што прыйшло ад маці. Вёска –незабыўная казка, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, асабліва калі табе далёка за 60, 70, 80...

Гэта дзецям хочацца вырвацца хутчэй з абдымкаў бацькоў і свайго сяла і імчацца насустрач невядомаму, а калі мінаюць гады, з'яляўецца непераадольнае жаданне спыніцца, знайсці тую цішыню, якая супакоіць і прыдасць сілаў. Таму ўважліва слухалі і моладзь, і дарослае насельніцтва пажаданні старшыні Грыцэвіцкага сельскага Савета дэпутатаў Івана Аляксандравіча Галубовіча, які наказваў не губляць свае карані, берагчы і захоўваць непаўторнасць роднай старонкі, памятаць сваіх продкаў і іх справы дзеля агульнага светлага будучага.

Трэба адзначыць, што кожнаму домаўладанню было прысвечана музычнае прывітанне ад удзельнікаў аматарскай творчасці Грыцэвіцкага сельскага дома культуры, за што вяскоўцы дзякавалі атрыстаў гучнымі дружнымі апладысментамі.

Валянціна Сянкевіч.

Фота з архіва Грыцэвіцкага сельвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *