Вядомы беларускі ілюстратар зрабіў мастацка-гістарычную рэканструкцыю старога Клецка

 

Як выглядаў старажытны Клецк, доўгі час мы маглі ўявіць толькі дзякуючы гравюры польскага мастака Томаша Макоўскага. Аднак існуе яшчэ адна вядомая выява былога горада, выкананая ў тэхніцы акварэльнага жывапісу. Гэты малюнак з’явіўся значна пазней.

 

Яго аўтар – беларус П.Татарнікаў, уладальнік вышэйшай еўрапейскай узнагароды для кніжных ілюстратараў “Залаты яблык”, дацэнт кафедры графікі Беларускай дзяржаўная акадэміі мастацтваў. Павел Юр’евіч згадзіўся расказаць газеце “Да новых перамог” аб працы над мастацка-гістарычнай рэканструкцыяй Клецка.

Праект па мастацка-гістарычнай рэканструкцыі сярэдневяковых гарадоў Беларусі я распачаў больш 15 гадоў назад. Малюнкі не рабіліся спецыяльна для нейкай кнігі. Пачалося проста з майго інтарэсу да гісторыі. Дэбютаваў з нагоды святкавання 1000-годдзя Ваўкавыска.

Пасля гэта перарасло ў нешта больш сур'ёзнае. Працаваў, абапіраючыся на гістарычныя крыніцы і матэрыялы.

Пазней у некаторых выданнях выкарыстоўваў ход з рэканструяванымі выявамі гарадоў, калі апавяданне ішло на тэму мінулага. Так было, напрыклад, калі я супрацоўнічаў з пісьменнікам Алесем Краўцэвічам над кнігай “Рыцары і дойліды Гародні”. Так назбіралася нейкая колькасць мастацка-гістарычных рэканструкцый. Потым ад беларускага празаіка Уладзіміра Арлова атрымаў прапанову аздобіць яго твор “Айчына”, які ахопліваў перыяд ад Полацкага княства да канца Рэчы Паспалітай.

Зрабіў шмат новых малюнкаў і выкарыстаў тое, што ў мяне ўжо было. Праект захапіў. Зараз працую над працягам, які адлюструе выгляд беларускіх гарадоў і мястэчак у XIX стагоддзі.

Як ужо казаў вышэй, падчас рэканструкцыі заўсёды абапіраюся на шэраг крыніц. У асноўным гэта навуковыя даследаванні археолагаў-урбаністаў, рэстаўратараў, гісторыкаў. Адзначу, што гэты напрамак у нас менш развіты, чым у суседзяў і, увогуле, у Еўропе, але матэрыялаў даволі шмат.

Ёсць грунтоўныя публікацыі, захаваліся архітэктурныя планы і матэрыялы, дзякуючы якім высвятляюцца цікавыя дэталі. Таксама заўсёды можна звярнуцца за кансультацыямі да навукоўцаў.  

Гравюра Томаша Макоўскага.

Пачынаючы працу над мастацка-гістарычнай рэканструкцыяй Клецка XVI-XVII стагоддзяў, канешне, у першую чаргу звярнуў увагу на гравюру мастака Томаша Макоўскага.

Гэты таленавіты чалавек пакінуў нам шмат матэрыялаў. Больш таго, я ўпэўнены, што мы знаёмы не з усімі яго творамі, якія яшчэ адкрыюцца з цягам часу.   

Таксама выкарыстоўваў інфармацыю пра старажытны Клецк, якую знаўшоў у гістарычных апісаннях горада. На жаль, дакладнага плана, дзе знаходзіліся тыя ці іншыя будынкі і гаспадарчыя прыбудовы, няма, але ў такім выпадку варта прыгледзецца да аналагічных аб’ектаў у рэгіёне.

Фармат кнігі вымушаў да адпаведных рашэнняў. Напрыклад, прыйшлося “сплюснуць” тапаграфію. Але ў дастатковай ступені ўсё засталося на сваіх месцах.  

Сцвярджаць абсалютна дакладна, што брама і вежа над ёй выглядала менавіта так, як на маім малюнку, і ніяк інакш, я не магу. Нават у  даследчыкаў існуе некалькі версій на гэты конт. Але ёсць, так скажам, алгарытм, па якім робіцца рэканструкцыя.

Мастак часта абапіраецца на архітэктурныя аналагі, якія яму давялося ўбачыць у радыусе прыкладна 500 кіламетраў ад вывучаемага аб’екта. Абавязкова знойдзецца нешта падобнае. Паколькі на малюнку Клецка шмат дробных дэталяў, то ў памерах і вышынях пабудоў прысутнічае элемент дапушчэння.

Ці ёсць увогуле месца мастацкай выдумцы на рэканструкцыях? Існуе такое паняцце, як рэтраспектыўны метад. Яго я выкарыстоўваў, працуючы над Бярэсцем, Вільняй, Магілёвам і яшчэ некаторымі гарадамі. Вырашыў змясціць на адным малюнку архітэктурныя аб’екты, якія адначасова не існавалі. Таму рабіў подпісы на канкрэтны час.

У нейкім сэнсе гэта і можна лічыць як выдумку. Гісторыкі вельмі не любяць такія рэчы, але ілюстратарам кніг гэта дазваляецца. Чытачу цікава ўбачыць, якія здабыткі былі на тым ці іншым месцы. Калі глядзець на гэты метад так, то ён мне, як мастаку, здаецца падыходзячым. Хоть у гэтым і ёсць момант вульгарызацыі навукі.

Са мной часта звязваюцца гісторыкі наконт нейкіх недакладнасцей у малюнках. Я не спецыяліст, а ёсць людзі, якія ведаюць выдатныя мясціны нейкага горада да квадратнага метра, таму варта пагутарыць з такімі даследчыкамі яшчэ на этапе эскізаў.

Папраўляў не раз свае працы,  стаўлюся да гэтага вельмі прыязна.

Цікавы выпадак адбыўся падчас мастацка-гістарычнай рэканструкцыі старога замка ў Гародні. Пісьменнік Алесь Краўцэвіч прапанаваў мне намаляваць адну з вежаў так, як ён думае, яна, па яго гіпотэзе, выглядала раней.

Ён мяне папярэдзіў, што хутчэй за ўсё гэты малюнак вызаве навуковую дыскусію. І сапраўды так і атрымалася.  

На мастацка-гістарычнай рэканструкцыі старажытнага Клецка я размясціў не толькі аб’екты, але і гістарычнага персанажа – князя Міхаіла Глінскага.

Ён быў адным з цэнтральных удзельнікаў аднаго з слаўнейшых момантаў у гісторыі нашай краіны – перамогі над крымскімі татарамі пад Клецкам.  

Такім чынам, да працы над рэканструкцыяй выгляду горада прыбавіўся і клопат па рэканструкцыі аблічча чалавека. Прыжыццёвай іканаграфіі Міхаіла Глінскага не захавалася. І, канешне, вобраз на малюнку мной прыдуманы.

Ведаў, што ў яго татарскае паходжанне, таму зрабіў яго трошачкі з раскосымі вачамі. Ростам ён, трэба думаць, не быў гігантам. Я ўявіў яго сабе менавіта такім.  

Праца над такімі мастацка-гістарычнымі рэканструкцыямі – не хуткая справа. Яна можа заняць ад пары тыдняў да некалькіх месяцаў.

Мне хацелася зрабіць усё яшчэ больш маштабней, з падрабязнымі дэталямі, але фармат кнігі не дазваляў развярнуцца. Часта кампазіцыйныя рашэнні вымагаюць мастака ахвяраваць чымсьці, што ідзе на карысць агульнай якасці.

Эмацыйна гэта праца аднімае шмат энергіі. Хутка выгараеш. Можна бясконца ўдасканальваць рэканструкцыі, але трэба пакідаць сілы на іншыя гарады.         

Стараюся наведаць месцы, якія збіраюся маляваць. У вашым райцэнтры я таксама пабываў, прайшоўся па вуліцах. Часам раблю панарамныя фотаздымкі, каб тапаграфічна разабрацца ў мясцовасці. Лепш за ўсё мець аб ёй уяўленне, гледзячы з вышыні палёту птушкі.

Мне ў вас спадабалася. Перадавайце прывітанне ад мяне гораду і кляччанам!  

Гутарыў Юрый Мысліцкі.

Фота з асабістага архіва Паўла Татарнікава.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *