Кляччанка стала пераможцай літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая»

Наша зямлячка, член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь і літаратурнага аб’яднання “Голас” Таццяна Канстанцінаўна Цвірка стала пераможцай рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага Году малой радзімы "Бацькаўшчына светлая мая". Гэта сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і часопіса "Маладосць".

Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі трох узроставых катэгорый (да 16 гадоў, ад 16 да 35 і больш за 35) змагаліся ў дзвюх намінацыях - "Паэзія» і «Эсэ", дасылаючы творы на разгляд строгага журы,  старшынёй якога быў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Мікола Мятліцкі. Работы прымаліся з 1 кастрычніка 2018 г. па 30 верасня 2019-га. Творчая група праекта атрымала 868 заявак ад 346 аўтараў. На працягу года цікавыя творы публікаваліся ў часопісе "Маладосць", гучалі ў радыёперадачах "Літаратурны калейдаскоп", "Спецыяльны праект", "Творчы вечар".

Па выніках штомесячных этапаў у фінал адабралі 72 канкурсанты і сярод іх - наша зямлячка Таццяна Цвірка, якая вярнулася са сталіцы з ўзнагародай за 1 месца! У час прайшоўшай урачыстасці лаўрэаты атрымалі дыпломы і падарункі, а сама цырымонія, на якой гучалі не толькі віншаванні, але і вершы, была запісана для праграмы "Творчы вечар", што трансліравалася ў эфіры 7 лістапада.

Вось што аб гэтым нам расказала сама Таццяна Канстанцінаўна:

- Пра конкурс, прысвечаны Году малой радзімы «Бацькаўшчына светлая мая", даведалася з аб'явы на сайце Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь . Адразу падумала, што пазней вярнуся да гэтай інфармацыі, але забыла. Толькі выпадкова, пачуўшы ў ліпені перадачу па радыё «Творчы вечар з Галінай Шаблінскай», у якім абмяркоўваліся ліпеньскія творы канкурсантаў, вырашыла, што паспею: яшчэ два месяцы. Мой верш «Маналог» увайшоў у фінал жніўня, быў надрукаваны ў №9 часопіса «Маладосць» як пераможца месяца.

Кожны літаратурны конкурс – гэта праца. Праца думкі, затрата часу, адказнае і трапяткое стаўленне да слова і абавязковае сяброўства з пані Музай, бо без яе – ніяк. Мне вельмі прыемна, што ладзяцца такія творчыя спаборніцтвы, у якіх прымаць удзел могуць усе жадаючыя, незалежна ад літаратурнага вопыту і рэгалій. А тым больш, калі тэматыка конкурсу такая блізкая і цікавая – Радзіма, Бацькаўшчына, карані, тое, што цепліцца ў сэрцы праз усё жыццё.

Шчыра прызнацца, пра перамогу не думала, бо была не знаёма з усімі творамі, а іх было так многа! Калі напачатку лістапада патэлефанавалі з радыё і запрасілі на ўзнагароджанне, паведаміўшы пра 1 месца, нават не верылася!

Самыя шчырыя словы падзякі хочацца сказаць у адрас арганізатараў і членаў журы літаратурнага праекта «Бацькаўшчына светлая мая». Гэта такая адказнасць! Разумею, як няпроста было вызначыцца з фіналістамі, а тым больш – з пераможцамі! Нізкі паклон за высокую адзнаку майго верша. Вельмі рада і віншую ўсіх, чые творы ўвайшлі ў прызавую тройку. Няхай гэты конкурс стане пачаткам адліку для новых мэтаў, задумак, праектаў! Няхай наша сакавітае беларускае слова льецца магутнай ракой па ўсёй краіне і за яе межамі!

На маю думку, поспех прыходзіць, калі тое, пра што пішаш, прапускаем праз душу, працуем шчыра, адказна і верыш у сябе! І мары абавязкова збудуцца!

Яшчэ раз віншуем Таццяну Канстанцінаўну з перамогай! Вельмі прыемна, што першымі чытачамі яе твораў становяцца падпісчыкі нашай газеты. Спадзяёмся, што і ў будучым усё тое, што выходзіць з-пад пяра мясцовай паэткі, атрымае заслужанае прызнанне як сярод землякоў, так і за межамі Клеччыны.

“ДНП”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *