Мясцовыя ўлады не ствараюць перашкод для збору подпісаў выбаршчыкаў

Мясцовыя ўлады не ствараюць перашкод для збору подпісаў выбаршчыкаў. Аб гэтым паведаміла ў Мінскім аблвыканкаме на семінары-нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. «Мы толькі ўступілі ў выбарчую кампанію, пакуль прэтэнзій да арганізацыі выбараў няма. Але, на жаль, мае месца местачковы эгаізм: значна прасцей узяць і не пусціць, чым стварыць умовы. Спачатку такое су­стракалася, але ўсе неабгрунтаваныя абмежаванні па правядзенні пікетаў аператыўна зняты», – сказала Лідзія Ярмошына, дадаўшы, што колькасць месцаў, дзе забаронена збіраць подпісы, абмежавана мінімальна.

Яна падкрэсліла, што кампанія па выбарах Прэзідэнта праходзіць у спакойнай абстаноўцы, палітычныя сілы краіны заняты вылучэннем кандыдатаў. На яе думку, больш складаным будзе этап утварэння ўчастковых выбарчых камісій, дзе за мандаты прагназуецца даволі жорст­кая барацьба. Менавіта да ўчастковых выбарчых камісій бу­дзе прыкавана пільная ўвага наглядальнікаў. Да 3 лістапада ўключна будуць сфарміраваны ўчастковыя камісіі.

Усяго ў Беларусі зарэгістравана 17 ініцыятыўных груп па збору подпісаў (у 1994 і 2001 гадах подпісы збіралі 18 груп, у 2006 годзе – 8 груп). Не ўсім з іх удасца са­браць 100 тыс. подпісаў. На выбарах у 1994 годзе было 6 кандыдатаў у Прэзiдэнты, у наступныя выбарчыя кампаніі толькі 4 кандыдаты сабралі звыш 100 тыс. подпісаў. Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэтым этапе (збору подпісаў) забаронена агітацыя, хоць ёсць факты, калі ў паштовыя скрынкі кідаюць агітацыйныя лісткі ў падтрымку аднаго з патэнцыяльных кандыдатаў. За гэта да ініцыятыўных груп будуць прымяняцца санкцыі.

Палавіну месцаў у тэрытарыяльных камісіях па выбарах прэзідэнта атрымалі прадстаўнікі партый і грамадскіх аб’яднанняў

Палавіну месц ў тэрытарыяльных камісіях па выбарах Прэзідэнта Беларусі атрымалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Аб гэтым паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Па ўсёй краіне сфарміравана 155 тэрытарыяльных камісій. У іх склад увайшлі 2 тыс. чалавек. Палавіну месцаў – 50 працэнтаў – занялі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, 33,5 працэнта месцаў атрымалі грамадзяне, якія вылучалі свае кандыдатуры шляхам падачы заяў, 16,5 працэнта месцаў у тэрытарыяльных камісіях атрымалі прадстаўнікі працоўных калектываў. Мікалай Лазавік растлумачыў, што практычна ўсе заяўкі на ўключэнне ў склад камісій, якія былі пададзены палітычнымі партыямі, былі задаволены. Аднак з прычыны таго, што партыйных вылучэнцаў было няшмат, у камісіях яны таксама займаюць нязначны працэнт месцаў 6 працэнтаў. Удзельнічаць у рабоце камісій будуць 87 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі, 14 – Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 6 – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 5 – Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 2 – БНФ, па 1 ад Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Найбольшую колькасць месц у тэрытарыяльных камісіях атрымалі грамадскія аб’яднанні – 44 працэнты, у тым ліку 11,7 працэнта прадстаўнікі ФПБ, 7,4 працэнта – «Белай Русі», 7,1 працэнта – БРСМ, 5,6 працэнта – Беларускі саюз жанчын, 4,8 працэнта – Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, 7,6 працэнта – іншыя арганізацыі.

С.Лебедзеў атрымаў першае пасведчанне міжнароднага наглядальніка на выбарах прэзідэнта беларусі

Цэнтрвыбаркам Беларусі акрэдытаваў першага міжнароднага наглядальніка на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Ім стаў кіраўнік місіі наглядальнікаў СНД Сяргей Лебедзеў, якому 6 кастрычніка пасведчанне наглядальніка ўрачыста ўручыла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Прымаючы дакументы, Сяргей Лебедзеў адзначыў, што беларускія выбаршчыкі могуць быць упэўнены ў аб’ектыўнасці ацэнкі, якую місія наглядальнікаў СНД дасць маючым адбыцца прэзідэнцкім выбарам. «Місія наглядальнікаў СНД заўсёды кіравалася і будзе кіравацца прынцыпамі аб’ектыўнасці, добразычлівага падыходу, неўмяшання ва ўнутраныя справы (дзяржавы, дзе праходзяць выбары. - Заўвага БелТА)», – падкрэсліў ён.

Сяргей Лебедзеў адзначыў, што ўжо ўзначальваў місію наглядальнікаў СНД у час парламенцкіх выбараў у Беларусі і бачыў, як была арганізавана выбарчая кампанія. Паводле яго слоў, намаганні ўлад заўсёды былі накіраваны на тое, каб арганізаваць выбары адкрыта і гарантаваць свабоднае волевыяўленне грамадзян. Кіраўніку місіі СНД вядома, што за апошні час выбарчае заканадаўства Беларусі было дэмакратызавана. У сувязі з гэтым ён разлічвае, што ў час маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў будзе высокі ўзровень арганізацыі, заўсёды характэрны для Беларусі.

БелТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *