Паштальёнаў не будзе?..

У вяскоўцаў, як вядома, не надта многа свабоднага часу, асабліва ў перыяд пасяўной, корманарыхтовак, уборкі вырашчанага ўраджаю. Ды й наогул, работа не па распарадку дня ў полі, сям’я, уласная гаспадарка, хатнія клопаты нярэдка так закружаць, што забываеш і пра адпачынак. І ўсё ж заўжды хочацца быць у курсе падзей у раёне, рэспубліцы. І тут шмат аб чым даведваюся са старонак сваёй раёнкі, якая бліжэй да мясцовага жыцця, пастаянна інфармуе аб важнейшых навінах горада і раёна. А гэта куды больш цікава, чым, скажам, глядзець па тэлевізары бясконцыя серыялы з аднымі і тымі ж сюжэтамі ды нейкія вар’яцкія шоў, якія ўжо проста надакучылі, быццам тая самая рэклама ці голыя ў пасцелі.

Словам, са сваёй раёнкай большасць жыхароў нашай вёскі заўжды падтрымліваюць самыя цесныя моцныя сувязі, з’яўляючыся яе пастаяннымі падпісчыкамі. А вось у будучым годзе гэта сяброўства можа парушыцца. Справа ў тым, што ў вёсцы плануюць ліквідаваць пасаду пашталь­ёна, а гэта значыць, што ніхто канкрэтна ні падпіскай газет і часопісаў, ні іх дастаўкай займацца не будзе. Кажуць, да вызначанага месца, дзе абсталююць паштовыя скрынкі, усю карэспандэнцыю будзе прывозіць спецмашына, і на гэтым місія паштавікоў завяршаецца. А ці ўсе вяскоўцы змогуць забіраць яе адтуль, калі для большасці з іх наведаць магазін за буханкай хлеба ці прынесці вядро вады ад калонкі – ужо праблема? А як быць з атрыманнем пенсій, дастаўкай якіх цяпер спраўна займаецца паштальён? А што будзе зімой, калі вясковыя вуліцы рэдка чысцяцца ад снегу, і дайсці састарэламу чалавеку да сваёй паштовай скрынкі наогул немагчыма?

Усе гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з новаўвядзеннем у рабоце паштавікоў на будучы год, вельмі хвалююць усіх жыхароў нашай вёскі. Таму мы і звяртаемся за дапамогай у сваю раёнку: растлумачце, калі ласка, вышэйстаячаму паштоваму начальству, што падобны эксперымент, магчыма, мае права на існаванне ў невялікай вёсачцы, дзе ўсяго толькі каля дзесятка двароў. А ў нашага ж паштальёна – больш чым 140 адрасатаў. І па­збаўляць людзей магчымасці своечасова атрымаць свае любімыя газеты, у тым ліку і раённую, у якой можна знайсці самую разнастайную інфармацыю, проста негуманна. Мы хаця і простыя вяскоўцы, але жывём не толькі думкамі аб чарцы і шкварцы на стале, маем права на духоўныя патрэбнасці, сваё любімае перыядычнае выданне, у якім маглі б выкласці свае погляды па тых або іншых пытаннях нашага жыцця, узняць хвалюючыя праблемы.

Ірына Магілевіч,

пенсіянерка, жыхарка вёскі Заельня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *