На Клетчине устроили веселые гулянья на Масленицу

Яшчэ з суботы склалася ўражанне, што менавіта на канец масленічнага тыдня зіма сабрала свае асноўныя сілы. Снег так сур'ёзна стаў ляпіць, што літаральна за некалькі гадзін вярнуў нас у снежны студзень. Гэтая бялюткая, няхай сабе і тонкая коўдра, не знікла і ў нядзелю, аднак кляччане і госці горада не звярталі на яе ніякай увагі, спяшаючыся на традыцыйную сустрэчу вясны...
Як і мінулыя гады, дзеі разгортваліся на пляцоўцы перад раённым цэнтрам культуры. Цудоўнае мерапрыемства пад назваю "Масленка гадавая вас гасцінна сустракае" прапанавалі самадзейныя артысты Янавіцкага сельскага дома культуры. Да вызначанага часу, нягледзячы на сцюдзёны вецер і мінусавую тэмпературу паветра, назбіралась шмат людзей. Вабіла і тое, што артысты прыгатавалі для кляччан не толькі песні і жарты, але і самыя сапраўдныя бліны і аладкі, каб кожны з прысутных адчуў і пасмакаваў Масленіцу.
Вось ужо гаспадар з гаспадыняю запрашаюць паўдзельнічаць у загадках і жартах, і тут жа вясёлыя скамарохі (Васіль Жданко і Кірыл Логутаў) ідуць "у народ". Напачатку, як і належыць, некалькі пытанняў наконт самога свята. Найбольш дасведчаныя атрымлівалі адразу ж падарункі. Добры настрой, сутрэча з сябрамі і мілагучныя песні янаўскай "Весялухі" вабілі да ўдзелу дарослых і дзяцей!
Спрабавалі скамарохі для гаспадароў Масленіцы выбраць зяця: давалі пасмакаваць мужчынам "беленькай" з розных бутэлек: нехта з усмешкаю прагаворваў, што там – вада, а іншыя крывіліся, даючы зразумець, што вадкасць надта ж ужо моцная на градусы. А скончыліся гэтыя выбіранкі прызначэннем "нявесткі" і арганізацыяй "народнага ансамбля", што яшчэ больш узняло настрой. З задавальненнем усе адгадвалі загадкі пра зіму і вясну, а потым пачаліся мужчынскія гульні.
Самым чаканым штогод з'яўляецца час, калі на слуп падвешваецца кошык, а ў ім – жаданая вадкасць для аматараў "раслабіцца". Нехта, наадварот, не цікавіўся зместам кошыка на слупе, а проста хацеў сябе паспрабаваць у лазанні. Так ці інакш, а гэтую перашкоду бралі тройчы з лёгкасцю, самы спрытны юнак увогуле залез на верх слупа і памахаў адтуль рукою! Атрымалі падарункі за свае шчырыя намаганні і малыя хлапчукі, прычым як у гэтым конкурсе, так і ў падняцці 24-кілаграмовай гіры. Шмат шчырага смеху выклікаў конкурс, калі маладыя людзі збівалі адзін аднаго падушкамі. Масавым па ўдзелу стала і перацягванне каната: на яго "ляпіліся" як дарослыя, так і малыя.
Паўтары гадзіны доўжыліся вясёлыя забавы. Гучалі песні, жарты, Зіма пасля спрэчкі саступіла ўладу Вясне-прыгажуні, частавалі янавіцкія жанчыны прысутных блінамі і аладкамі са смятанаю ды тварагом, каб адчулі госцейкі Масленіцу па-сапраўднаму. Здавалася, і надакучліва-сцюдзёны вецер ад гэтага менш прабіраў, і ногі прытанцоўвалі не ад марозу, а ад добрага настрою.
А потым прасілі ўсе адзін у другога прабачэння, абдымаліся і цалаваліся. І так хораша было глядзець на гэтую, няхаў толькі хвілінную, усеабдымную любоў! Менавіта вось так, без крыўды і абурэння, пакінуўшы ў небыцці адмоўныя імгненні жыцця трэба ўступаць у Вялікі пост. Будзе ён доўжыцца да 16 красавіка, калі мы з радасцю сустрэнем Светлае Уваскрасенне Хрыстова. Дасць Бог – дажывём! А пакуль трэба па меры сваіх сіл папасціцца. Не, не на дыету садзіцца, а з радасцю адмовіцца ад мясных страў, па магчымасці – ад малочных прадуктаў. Толькі ўсё ж галоўнае – пост духоўны: не абгаворваць нікога, не жадаць дрэннага, не радавацца чужой бядзе, а прасіць адзін другому здароўя ў Бога. Трэба вучыцца даваць, спачуваць, любіць проста так, а не за нешта! Маліцца за тых, хто зрабіў вам балюча, пераступіць цераз свой гонар і папрасіць прабачэння ў тога, каго пакрыўдзілі, няхай сабе і не наўмысна. Толькі тады Вялікдзень стане святам сапраўднага Уваскрасення Хрыстова, якое запоўніць радасцю нашы сэрцы!

Валянціна Сянкевіч. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *