С оптимизмом по жизни

ababurkoГэта сёння лагодная ўсмешка на твары Ніны Мікалаеўны сведчыць пра стабільнае і размеранае жыццё. А на самай справе на долю гэтай простай вясковай жанчыны выпала нямала выпрабаванняў. Іншыя апусцілі б рукі, упалі б у дэпрэсію ці яшчэ што горш – кінуліся б у якія крайнасці, а яна не толькі не скарылася перад цяжкасцямі лёсу, а жыве так, што і павучыцца трэба. Што дапамагло гэтай сціплай сялянцы выстаяць на жыццёвых скрыжаваннях і крочыць наперад з горда ўзнятай галавой?

Як чалавек духоўны, глыбока веруючы, Н.М.Абабурка тлумачыць усё па-звычайнаму: "Бог не дае большых іспытаў, чым тыя, што мы можам вытрымаць". Безумоўна, яно так і ёсць. Але ў дадатак да гэтага, здаецца, трэба мець цвёрды характар і быць моцным духам, ставіць перад сабой мэты і накіравана ісці да іх. І яшчэ сёе-тое. Але аб усім па парадку.
Нарадзілася яна ў звычайнай сялянскай сям'і, але ў зусім не звычайным мястэчку – у самым сэрцы клецкага Палесся. Напэўна, той, хто хоць аднойчы пабываў у Морачы, не мог не захапіцца мясцовымі краявідамі і людзьмі, якія тут пражываюць. Кожны куточак гэтай самабытнай беларускай зямлі, нібы таямніца, якая раскрывае сваю скарбніцу перад любым дапытлівым і шчырым падарожнікам. Тут і сёння можна прама на вуліцы сустрэць бабульку ў нацыянальным убранні. Калі не ў касцюме цалкам, то ў вышываным фартуху, павязаным паверх паўсядзённага адзення. А калі яшчэ завесці з ёй гаворку, то пачуеш шмат цікавага пра мясцовыя традыцыі і абрады. І усё гэта – на чыстай, роднай, беларускай мове. Менавіта ў такія моманты і з'яўляецца адчуванне, што гэтыя духоўныя шчодрасці морацкага краю перадаюцца ад пакалення да пакалення з малаком маці. Інакш, як можна патлумачыць велікадушнасць, гасціннасць марачакоў, іх бязмернае жаданне праславіць свой край, зрабіць яго багатым.
Мая суразмоўца, як і многія яе землякі, лічыць сябе самай звычайнай асобай. З маленства разам з дзвюмя сёстрамі штодня працавала па гаспадарцы, дапамагала бацькам – вядома ж, раней вяскоўцы абраблялі добры надзел зямлі і трымалі вялікую гаспадарку. У 15 гадоў, пасля заканчэння 8-мі класаў, пайшла працаваць на ферму даяркай. У 21 – адразу як каханы вярнуўся з арміі, згулялі вяселле. Праз год нарадзіўся сынок, яшчэ праз адзін – другі. Калі старэйшаму споўнілася дзесяць гадоў, сям'я вырасла. У першыя хвіліны пасля нараджэння малодшанькага, нават нягледзячы на тое, што дзіцятка з'явілася на свет вельмі кволым і маленькім (усяго 900 грамаў вагой), Ніна Мікалаеўна адчувала сябе самай радаснай у свеце. Яно і зразумела: добры муж і трое сыноў – што яшчэ патрэбна для шчасця жанчыне. Але ўжо зусім хутка ўсмешку на твары, з якой яна заўжды крочыць па жыцці, змяніў змрок і адчай, вярэдзіў душу пачуты ад урачоў дыягназ – цэрэбральны параліч. Сэрца маці шчыміла. Не, яна думала не пра сябе, не пра тое, які цяжар зваліўся на яе кволыя плечы. Як і ўсе сумленныя і адказныя мацяркі найперш хвалявалася пра сына – трэба было вучыць яго жыць сярод людзей і не адчуваць сябе ўбогім. Дапамагла, як звычайна, уласная сям'я. Так было ў яе доме ўвесь час. Разам з мужам (дзе добрым словам, дзе лёгкім жартам, дзе справай) яны, як і належыць сямейнай пары, падтрымлівалі адзін аднаго і ў гадзіны нягод, і радасці. Увогуле, мая суразмоўца лічыць, што ёй пашчасціла з палавінкай – муж ніколі не абразіў, не сказаў крыўднага слова, не павысіў голасу. З адным дасюль не можа змірыцца, што нядоўгім быў яго век. Бяда прыйшла ў дом, калі Ніне Мікалаеўне ледзь споўніўся 41 год. Муж паехаў у Ленінград на прысягу да старэйшага сына і… Болей яна ніколі ў жыцці не адчула цеплыні яго рук і вуснаў. "Цяжка было, што і казаць, – прызнаецца падчас размовы ўдава і зазначае: – Страціць самага блізкага чалавека – гэта ўсё роўна, што застацца без паветра ці без вады". Але яна добра разумела, што трэба жыць. Дзеля дзяцей. І калі старэйшыя на той час былі ўжо амаль самастойнымі – Віця ў арміі, Сярожа рыхтаваўся да службы ў радах Узброеных Сіл, – то малодшаму, Сашку, яна была, ёсць і будзе неабходна да скону, бо з-за хваробы ён не можа існаваць без яе дапамогі.
Ніна Мікалаеўна , як і любая маці, гатова расказваць пра сваіх дзяцей гадзінамі. Да прыкладу, ад яе мы даведаліся, што старэйшы з сям'ёй асталяваўся ў сталіцы. Сярэдні жыве недалёка ад бацькоўскага дома, як кажуць вяскоўцы, у адным сяле. "А не так даўно, гадоў пяць таму, Бог падарыў мне дачушку,"– дзеліцца добрай навінай жанчына і стараецца неўпрыкмет краем хусцінкі змахнуць з вачэй слёзы радасці, маўляў, заслужыла ўрэшце. Ніна Мікалаеўна з усёй уласцівай жанчынам пяшчотай і цеплынёй у душы добра адзываецца пра жонку Сяргея і расказвае, як нявестка даглядала яе, калі давялося з траўмай доўга ляжаць у бальніцы, а затым – у паслятраўматычны перыяд. Бясконца ўдзячна яна Святлане за тое, што не пакінула яна без увагі ў той складаны час і хворага дзевера. Радуецца сёння сэрца маці, і, нягледзячы на тое, што бачацца яны часта, усё роўна штодня з заміраннем у сэрцы прыслухоўваецца, ці не бразне клямка дзвярэй – чакае, калі на парозе яе невялікага, але вельмі цёплага і ўтульнага дома з'явяцца дзеці. А ён (дом) у Н.М.Абабуркі, як і само яе жыццё, і сапраўды адметны. Ледзь толькі зайшоўшы ў сені, адчуваеш сябе як у казцы. Пад столлю, на сценах, на століку, крэслах – паўсюль вышыванкі незвычайнай прыгажосці. Пабачыўшы такія дзівосы, у галаве імгненна ўзнікае пытанне: што ж тады ў самой хаце? Прызнацца, журналісцкія сцежкі зводзілі мяне з рознымі людзьмі: з выдатнымі прафесіяналамі ў розных галінах, народнымі ўмельцамі і майстрамі-самавучкамі, рамеснікамі, але такое я бачыла ўпершыню – кожны метр гэтага дома, кожны прадмет мэблі быў упрыгожаны сурвэткай, накідкай альбо ручніком, абласканымі пяшчотнымі рукамі гэтай цудоўнай жанчыны.
– Вышываць я навучылася яшчэ ў школе, – прачытаўшы здзіўленне ў маіх вачах, нават не дачакаўшыся ад мяне пытання, пачала расказваць аб сваім захапленні мая новая знаёмая. – Раней у Морачы існавала такая традыцыя: з дванаццаці год дзяўчына разам з маці збірала сабе пасаг. Трэба было наткаць, навышываць цэлы куфар і затым на вяселлі паказаць, так сказаць, прадэманстраваць, якая ты майстрыха. Калі я ішла замуж, – працягвае гаворку жанчына, – такой традыцыі ўжо не было, але ўсё роўна хлопцы хацелі ўзяць у жонкі працавітую дзяўчыну. А ўменне вышываць было свайго роду сведкай таго, што дзеўка не лядакая, стрыманая, уседлівая, цярплівая. Многія з маіх сябровак вышываюць. Мы і цяпер усе разам наведваем клуб "Майстры" ў нашым Цэнтры рамёстваў. Так што, як бачыце, нічога асаблівага тут у мяне няма, як і ва ўсіх, – сціпла завяршыла аповед жанчына.
Нічога асаблівага? Калі я разглядала шэдэўры майстрыхі, пільна ўзіралася ў мудрагелістыя ўзоры на яе карунках і вырабах, вышытых гладдзю і крыжыкам (усе сюжэты, дарэчы, Ніна Мікалаеўна прыдумоўвае сама), то нават не магла ўявіць, колькі бяссонных начэй яна правяла з шыдзёлкам або іголкай у руках!? Колькі выплакала слёз, крыўдуючы на сваю нялёгкую бабскую долю і адначасова радуючыся, што не адна на гэтым свеце. Дзеці і ўнукі – яе галоўнае багацце.
Тое, што адбываецца ў нашым жыцціі, – ад Бога. У кожнага свой лёс, свой наканаваны жыццёвы шлях, з загадзя вядомым сцэнарыем, які, на жаль, мы не заўсёды маем магчымасць выправіць. Затое ўласным рукам толькі мы гаспадары! Ніна Мікалаеўна чыстае, бялюткае палатно хутка ператварае ў сапраўдны шэдэўр. Крок за крокам, шывок за шыўком яна дае жыццё новай рэчы, у "лёсе" якой – толькі кветкі і яркія фарбы. І ў гэтым яе аддушына.

Святлана Орпель.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *