Хай поўдзень затрымаецца

Задумка напісаць аб гэтым неардынарным чалавеку, кіраўніку аднаго са стабільных, набіраючых моц сельгаспрадпрыемстваў раёна Міхаілу Пятровічу Аскерку выношвалася даўно – яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі малады старшыня калгаса “Чырвоны сцяг” умела супрацьстаяў эканамічнай неразбярысе, існуючаму цэнаваму дысбалансу на сельгаспрадукцыю і тавары прамысловай вытворчасці, ухітраўся трымаць калектыўную гаспадарку на плаву, не дапускаць зніжэння аб’ёмаў вытворчасці. Толькі вось узяцца за пяро ўсё неяк не выпадала. І ў першую чаргу стрымлівалі пярэчанні самога Міхаіла Пятровіча, яго просьбы пачакаць з “меднымі трубамі”, ухваленнямі ў свой адрас. Маўляў, не ўсё яшчэ зроблена, што задумана, не ўсе надзённыя праблемы вырашаны. Не схільны быў да самаўхвалявання, поўнай задаволенасці дасягнутым Міхаіл Пятровіч і пазней, калі, ужо перайменаваны ў СВК “Лазавічы”, яго калектыў з году ў год упэўнена крочыў па шляху росту, пастаянна павялічваючы аддачу палёў і фермаў, пакідаючы нярэдка ў сябе за спіной яшчэ ўчарашніх “маякоў”, якія без ранейшай “падпіткі” сталі губляць свае пазіцыі. А ў лазавіцкіх земляробаў і жывёлаводаў яны, наадварот, – толькі ўмацоўваліся. І ва ўсім гэтым адчувалася ўмелая, гаспадарлівая рука кіраўніка, які робіць сваю справу дзелавіта, грунтоўна, з сялянскай кемлівасцю і разважлівасцю.

– Дзіўна неяк, – усміхаецца юбіляр, – здаецца, толькі ўчора ў школу бегаў, на канікулах у дзеда Уладэка вучыўся касіць, араць, зямлю даглядаць. А тут ужо глядзіш – і большая частка жыцця праляцела…

Міхаіл Пятровіч нечакана змаўкае, гле­дзячы кудысьці за вакно, удалячынь. Пасля працягвае гаварыць, вяртаючыся думкамі ў мінулае. Расказвае нетаропка, што яму, зрэшты, не ўласціва, іншы раз задуменна паціраючы скроні і, канешне ж, ні на хвіліну не па­кідаючы ў спакоі сваю кучаравую чубрыну, ужо прыкметна прыцярушаную сівізной.

Дарэчы, з выгляду ён, як толькі кінеш вокам, зусім, здаецца, не змяніўся з таго часу, калі яшчэ працаваў парторгам, намеснікам старшыні калгаса “Праўда”. Гэткі ж рухавы, энергічны, прадпрымальны, валявы мужык, гатовы, здаецца, у любую работу ўпрэгчыся, асабістым прыкладам паказаць, што і як выконваць. Менавіта гэтыя рысы характару, плюс ініцыятыўнасць, творчасць у рабоце, увага да людзей выгадна вылучалі тады маладога спецыяліста сярод сваіх калег, а дзейнасць партарганізацыі гаспадаркі ставілі ў прыклад іншым.

Толькі нешта не так і не туды пайшло ў нашай ранейшай вялікай дзяржаве, што тут жа прывяло да радыкальных змен, разбурэння, самароспуску партыі. У такой няпростай сітуацыі многія былыя калегі Міхаіла Пятровіча кінуліся ўпарадкоўваць асабісты быт – хтосьці падаўся ў фермеры, іншыя заняліся камерцыяй. Прызнацца, нечага падобнага чакаў я тады і ад Аскеркі. Бо з яго разваротлівасцю, энергіяй, у рэшце рэшт, набытымі, наяўнымі сувязямі з многімі структурамі павесці, наладзіць самастойную справу здавалася цалкам вырашальнай задачай. І быў прыемна здзіўлены, калі даведаўся, што ён застаўся ў калгасе, па-ранейшаму з’яўляецца намеснікам старшыні гаспадаркі, толькі з яшчэ большым аб’ёмам вытворчых клопатаў і абавязкаў.

– А як жа калгас, людзі? – шчыра здзівіўся тады Міхаіл Пятровіч. – Самі бачыце, які толк ад усяго гэтага “новага”, што нечакана абрынулася на іх галовы, у адзін момант зламала звыклы ўклад жыцця, парушыла намечаныя планы, “з’ела” нешматлікія сялянскія рублі на ашчадных кніжках. Горш таго – не сціхаюць галасы аб роспуску калгасаў, маўляў, яны зжылі сябе. Глупства ўсё гэта, калектыўныя гаспадаркі па­вінны існаваць, толькі праз іх магчыма вырашэнне ўсіх існуючых праблем вяскоўцаў. Праўда, для гэтага неабходны іх некаторае рэфармаванне, умацаванне, істотная дапамога з боку дзяржавы…

Безумоўна, такая пазіцыя маладога спецыяліста не магла не выклікаць падтрымкі, адабрэння як радавых працаўнікоў гаспадаркі, так і вышэйшага начальства. Тым больш, што слова ў яго не разыходзілася са справай: свой участак работы (а гэта было будаўніцтва на вёсцы) вёў умела, эфектыўна, не губляючыся ў самых складаных сітуацыях. І калі ў раёне ўзнікла неабходнасць у дастойнай кандыдатуры на пасаду старшыні ў суседнюю гаспадарку, выбар выпаў менавіта на Аскерку.

Сам Міхаіл Пятровіч да прапановы ўзначаліць калгас  і аднёсся без асаблівага энтузіязму, бо ведаў, што праблем, асабліва ў вытворчым і жыллёвым будаўніцтве, тут нямала, але з разуменнем важнасці і адказнасці новай для сябе ролі. Таму пасля нядоўгіх ваганняў даў згоду стаць кіраўніком новай для сябе гаспадаркі, добра ўсведамляючы пры гэтым, якую нялёгкую ношу ўзвальвае на свае плечы. Міжволі ўспаміналіся словы дзеда Уладэка, які вучыў унука працаваць на зямлі, клапаціцца аб ёй і любіў паўтараць: “Гаспадарку весці – не штанамі трэсці. Тут і розум патрэбны, і рукі дбайныя, умелыя, на зямлі працаваць без гэтага нельга. А што датычыць цяжкасцей у рабоце, дык іх у селяніна заўжды хапае, і трэба ўмець іх пераадольваць...”.

Пра дзедаву навуку ўмелага гаспадарання на зямлі Міхаіл Пятровіч памятае і сёння, падкрэсліваючы, што гэта першааснова ўсіх дасягненняў, здабыткаў на палях і фермах. Больш таго, ён лічыць, што гэтую навуку трэба пастаянна развіваць, удасканальваць, бо сучаснаму хлебаробу неабходна ўмець многае. Яго земляробскае майстэрства заключаецца не толькі ў тым, каб своечасова пасеяць усе сельгаскультуры, дагледзець належным чынам пасевы, убраць вырашчаны ўра­джай без страт. Гэта само сабой зразумела, гэта ў абавязковым парадку. Але сёння неабходны новыя формы, метады ў арганізацыі вытворчасці, агратэхніцы вырошч­вання сельгаскультур, ва ўкараненні навукова-абгрунтаваных севазваротаў, сортаабнаўленні. А гэта так проста не прыходзіць – трэба вучыцца. Вучыцца самому, вучыць спецыялістаў, радавых працаўнікоў.

З гэтага і пачаў малады кіраўнік калгаса. Па-першае, сам наведаўся, напрасіўся “ў госці” да такіх вядомых у той час “аксакалаў” сельскай гаспадаркі ў рэспубліцы, як дырэктар племзавода “Чырвоная зорка”, Герой Сацыялістычнай Працы І.І.Плаўскі, старшыня калгаса “Савецкая Беларусь” Камянецкага раёна, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы У.Л.Бядуля, старшыня агракамбіната “Сноў” Нясвіж­скага раёна, Герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, старшыня калгаса “Ленінскі шлях” Слуцкага раёна, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Б М.І.Васілевіч. Знаёмячыся там з вытворчымі аб’ектамі, ведучы размовы з заслужанымі людзьмі, агульнапрызнанымі аўтарытэтамі аграрнага корпусу, Міхаіл Пятровіч уважліва прыкмячаў усё новае, перадавое, цікавае, заслугоўваючае ўвагі, каб і пасля хоць у нейкай меры ўкараніць гэта ў сваёй гаспадарцы. Па-другое, ён адразу вырашыў даць “зялёнае святло” ініцыятыўнасці сваіх спецыялістаў. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу, бо некаторыя яго падначаленыя раней прывыклі толькі выконваць загады “зверху”. А трэба было дабіцца павышэння адказнасці за даручаную справу, каб кожны спецыяліст працаваў творча, праяўляў максімум самастойнасці і дзелавітасці. Сам Міхаіл Пятровіч такую сваю пазіцыю тлумачыць проста:

–  Сучасная вытворчасць настолькі складаная, што да тонкасцей ведаць кожную галіну практычна немагчыма (іншая справа – быць у курсе ключавых праблем). І тут я, як кіраўнік, абавязаны стварыць такую абстаноўку, каб кожны спецыяліст працаваў з жаданнем, найбольш плённа, эфектыўна, найлепшым чынам праяўляў свае здольнасці і ўменне. Час кіраўнікоў-усяведаў, як і так званых практыкаў сярэдняга звяна, даўно мінуў. У нас цяпер усе ўчасткі, брыгады, фермы ўзначальваюць адукаваныя, высокакваліфі­каваныя кадры. І недахопу ў іх, як і ўвогуле ў рабочых руках, не адчуваем.

На апошнюю акалічнасць хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу, бо менавіта тут, на мой погляд, і знаходзіцца ключ да ўсіх сённяшніх поспехаў гаспадаркі як у земляробстве, так і жывёлагадоўлі. Бяру на сябе смеласць сцвярджаць, што ў “Лазавічах” створаны баявы, згуртаваны калектыў умелых спецыялістаў, старанных радавых працаўнікоў, якія здольны на вырашэнне самых складаных задач. І ў гэтым прамая заслуга кіраўніка гаспадаркі: умее ён у кожным разгля­дзець задаткі творчага работніка, а пасля тактоўна развіць іх, выхаваць пачуццё абавязку, прафесіянальнай годнасці. Не супраць ён прыходу ў калектыў і ўжо падрыхтаваных спецыялістаў, механізатараў, жывёлаводаў, калі тыя добра ведаюць сваю справу і гатовы працаваць у абстаноўцы высокай патрабавальнасці да кадраў. Мне нават даводзілася чуць папрокі, скаргі асобных гаспадарнікаў раёна: маўляў, Аскерка зманьвае да сябе іх лепшых работнікаў. Але дазвольце, шаноўныя, не пагадзіцца з вамі: не ўсё так добра, відаць у вашых працоўных калектывах, калі іх пакідаюць лепшыя прадстаўнікі. І ў той жа час гэта яшчэ адзін плюс, красамоўны паказчык, калі хочаце – наглядны ўрок умелай, арганізатарскай работы Міхаіла Пятровіча на пасадзе старшыні калгаса: яму вераць людзі, да яго цягнуцца, на яго спадзяюцца. А гэта вялікая справа, калі цябе разумеюць, падтрымліваюць, калі ў цябе вераць!

Тут якраз дарэчы, думаецца, успомніць нядаўнюю маю сустрэчу, размову з працаўнікамі гаспадаркі ў час жніва. Як вядома, выдалася яно сёлета складаным, спякотным, нялёгкім, але на кожным участку ўборачнага канвеера назіраліся арганізаванасць, зладжанасць. Людзі працавалі шчыра, самааддана, без усялякіх пануканняў і надакучлівага кантролю па дробязях. І гэта пры ўсім тым, што самога старшыні ў той дзень у гаспадарцы не было. А між тым, не сакрэт, у іншых варта кіраўніку куды-небудзь адлучыцца, як губляецца звыклы рытм работы, з’яўляюцца расхалоджанасць, мітусня ў дзеяннях як спецыялістаў, так і радавых выканаўцаў. А тут усё працавала бездакорна, дый людзі ахвотна дзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі:

– Наш старшыня хаця і строгі, патрабавальны чалавек (расхлябанасці на рабоце, выпівак не пацерпіць), але талковы, справядлівы. Сумленнага працаўніка ніколі не пакрыўдзіць, у любой бядзе, складанай жыццёвай сітуацыі акажа дапамогу. З ім можна не толькі ў канторы, але і ў полі, на машынным двары, ферме, пасля работы спакойна па душах пагаварыць, падзяліцца набалелым, вырашыць тую ці іншую праблему. Так што мы за свайго старшыню гарою...

Не ведаю, як для каго, а для мяне такія вось водгукі простых людзей, з якімі працуеш побач, робіш агульную справу, даражэй любой узнагароды, самай высокай ацэнкі якой-небудзь чарговай атэстацыйнай камісіі. Сёння можна доўга пера­лічваць усё, што з’явілася новага ў сельгаспрадпрыемстве з прыходам Міхаіла Пятровіча на пасаду старшыні, дзякуючы яго энергіі, умеламу кіраўніцтву, а таксама працавітасці, старанню вяскоўцаў: сучасныя фермы і зернесклады, многія дзесяткі трактараў, аўтамабіляў, камбайнаў і цэлы жылы пасёлак з дамамі-прыгажунамі, новыя тэхналогіі развіцця земляробства, жывёлагадоўлі і амаль двухразовае павелічэнне аддачы палёў і фермаў, выхад на перадавыя пазіцыі ў раёне. Можна нагадаць і пра вялікія сумы грошай, якія штогод выдаткоўвае сельгаскааператыў на сацыяльнае развіццё, матэрыяльную пад­трымку сваіх людзей, асабліва нямоглых і састарэлых. Ды ўсё ж галоўнае, думаецца, у тым, што Міхаіл Пятровіч дапамог вяскоўцам найлепшым чынам праявіць, рэалізаваць сябе ў працы на роднай зямлі, палепшыць свой дабрабыт, узровень жыцця. Не выпадкова ж, што сёння ўжо ў Лазавічы едуць шматлікія дэлегацыі пераймаць перадавы вопыт работы мясцовых земляробаў і жывёлаводаў, сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі.

– Ну, пра перадавы вопыт – гэта, відаць, загучна сказана, –  сціпла пярэчыць Міхаіл Пятровіч. – Вядома, пэўныя здабыткі, некаторыя нетрадыцыйныя формы, метады арганізацыі, стымулявання вытворчасці ў нас маюцца, і я рад, калі яны камусьці па­служаць добрую службу. А што датычыць асабістай старшынёўскай практыкі, то галоўнае, што я вынес з яе, – гэта навучыцца, у першую чаргу, быць незадаволеным сабой, патрабавальным да сябе, не супакойвацца на дасягнутым. І яшчэ: не цярплю пустазвону, калі слова разыходзіцца са справай. Гэта – не ў маім характары...

Такі вось ён, сённяшні юбіляр, –  шчыры, прамы, адкрыты, неўгамонны, заўжды нацэлены на поспех, новыя калектыўныя здабыткі. І, думаецца, яны ў лазавіцкіх земляробаў, жывёлаводаў будуць, абавязкова будуць. Бо гэта ў планах, задумках іх кіраўніка, у якога слова не разыходзіцца са справай, і які ў свае пяцьдзесят – высокі поўдзень жыцця – поўны сіл, здароўя, жыццёвага аптымізму, веры ў заўтрашні дзень і тое, што ўсё ў нас атрымаецца. Больш бы нам такіх кіраўнікоў-умельцаў, кіраўнікоў-аптымістаў.

Іван Здрок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *