Карані: Цапэрскія базыльяне

ПячаткаКалі гавораць пра хрысціянства на нашых землях, часцей маюць на ўвазе праваслаўе і каталіцтва, радзей могуць прыгадаць пратэстанцкую царкву. І неяк зусім рэдка згадваюць, што пэўны час значную ролю ў Беларусі адыгрывала уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Яна ўзнікла ў канцы XVI ст. у выніку аб'яднання дзвюх канфесій. Праваслаўныя прызнавалі вяршэнства Рымскага Папы і прымалі заходнія дагматы, але пры гэтым захоўвалі сваю абраднасць. У якасці мовы царкоўных казанняў была афіцыйна замацавана беларуская. Не дзіўна, што да канца XVIII ст. большасць нашых продкаў (каля 4,5 млн беларусаў) былі уніятамі. Як і ў іншых канфесіях цэнтрамі рэлігійнага жыцця былі манастыры. У тым ліку – уніяцкі манастыр у Цапры.

Узнікненне царквы і манастыра ў гэтай мясцовасці звязана з гісторыяй шляхецкага роду Долматаў. Яго пачынальнікам лічыцца баярын Андрэй Мікулін, які недзе на мяжы XV-XVI стст. атрымаў ад князя Івана Васільевіча Яраславіча маёнтак Цапра. Яго сын Далмат Андрэевіч меў уладанні ў Клецкім і Давыд-Гарадоцкім княствах. З першага ён выстаўляў у войска 4 вершнікаў у поўным узбраенні, з другога – двух. Па тагачасных законах вершнік выстаўляўся з 16 двароў, а каафіцыент жыхароў аднаго двара складае 7-8 чалавек. Няцяжка падлічыць, што пан Далмат меў больш за 700 падданых.
23 студзеня 1503 г. Далмат Андрэевіч і яго пляменнікі Мацвей і Андрэй атрымалі падцвярджальны прывілей на сумеснае валоданне Цапрой, якая на доўгі час стала іх уласнасцю. Недзе ў сяр. XVI ст. Багдан Мацвеевіч заснаваў тут праваслаўную царкву Узвіжання Святога Крыжа. У той перыяд праваслаўе, як зрэшты і каталіцтва, перажывалі не лепшыя часы ў Вялікім Княстве. Дзяржаўная эліта захапілася ідэямі рэфармацыі і з большай ахвотай закладала ў сваіх уладаннях пратэстанцкія зборы. У 1566 г. у Наваградскім ваяводстве (часткай якога была Клеччына) з 600 шляхецкіх сем'яў толькі 16 захавалі вернасць бацькоўскай веры, а астатнія перайшлі ў кальвінізм. Гэта захапленне, аднак, не закранула Багдана Долмата і яго нашчадкаў. Канстанцін Багданавіч моцна трымаўся веры і мовы, аб чым сведчыць яго тастамент (запавет), складзены ў 1622 г. За чатыры гады перад тым Канстанцін разам з жонкай Ганнай з Юркоўскіх заснаваў пры царкве мужчынскі манастыр, на карысць якога адпісаў 20 500 злотых. Зрэшты, лепш будзе звярнуцца да самога дакумента:
"На змурованье церкви в монастыре цеперском семънатцать тисеч золотых польских, на серебро церковное, на рызы двое и на третих стихарь дияконовский богатого злотоглаву и на весь удел священнический и дияконовский две тисячи, на звонъ до того ж монастыря Цеперского тисячу золотыхъ польских". На гэтыя сродкі павінна была быць: "…церковь зо всею окрасою… змурована, аператы вси за две тисячи золотыхъ и звон за тисячу золотыхъ правдивее купленъ былъ необорочаючи з тое справы ничого на жадную иншую потребу… на побудование келей в монастыре цеперском, на школу и иншое будованье того монастыря пятьсот золотыхъ".
Акрамя таго 3 000 злотых Канстанцін Долмат перадаваў на пабудову драўлянай царквы ў Дзятлавічах, недалёка ад Лунінца. Яшчэ 3 500 злотых выдзялялася "на друкованне книгъ церкви Божой потребныхъ" пры Віленскім Свята-Духавым і Кіеўскім Свята-Пячорскім манастырах. Прыбытак ад рэалізацыі кніг павінен быў ісці на забеспячэнне названых праваслаўных абіцеляў. 1 500 злотых належала ахвяраваць на манастыр "Печерский Микольский пустынный" у Кіеве. Як бачым, большая частка сродкаў Канстанціна Долмата пайшла менавіта на патрэбы цапэрскага асяродка. У тутэйшай царкве баярын загадаў і пахаваць сябе побач з бацькам. Запавет не быў рэалізаваны ў поўнай меры. Цапэрскі храм так і застаўся драўляным. Таксама невядома, ці выходзілі ў Вільні кнігі па фундацыі нашага земляка. Затое ў каталогах украінскіх старадрукаў ёсць звесткі пра кіеўскія выданні з гербом Долматаў.
Аднак вернемся да Цапэрскага манастыра. Паводле тастамента ён павінен быў знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхата і быць злучаным з Віленскім праваслаўным манастыром Святога Духа. Першыя настаяцелі цвёрда прытрымліваліся гэтага накірунку, але захоўваць адданасць праваслаўю рабілася ўсё цяжэй. Ян Альбрыхт Радзівіл – уладар Клецкага княства, шчыры прыхільнік каталіцкай царквы выгнаў з Цапры настаяцеля і далучыў паселішча разам з манастыром да сваіх уладанняў. Але Вялікае Княства Літоўскае было прававой дзяржавай, дзе магнаты падпарадкоўваліся закону. Галоўны Трыбунал, які разглядаў справу ў 1623 г., прызнаў неправамоцнымі дзеянні Радзівіла і вярнуў манастыр уладальнікам. У наступныя 70 гадоў Цапра заставалася асяродкам праваслаўя, але потым часы змяніліся.
У 1696 г. Дамінік Радзівіл схіліў да уніі настаяцеля манастыра Сільвестра Качарскага і манаха Адрыяна Лукашэвіча, гарантаваўшы ім сваю апеку і падтрымку. Каб зразумець змену ў настроях, варта пазнаёміцца з падзеямі таго часу. У 1654-1667 гг. Беларусь перажыла вайну з Маскоўскай дзяржавай, самую страшную вайну ў сваёй гісторыі. Тады загінула больш за палову жыхароў нашых зямель, а праваслаўе пачало трывала асацыіравацца з палітыкай краіны-агрэсара. На змену адносна талерантнаму становішчу да гэтага веравызнання прыйшла адкрытая варожасць. У такой сітуацыі значная колькасць святароў усходняга абраду пераходзілі ў каталіцтва або унію, навяртаючы да гэтага і сваіх прыхаджан.
З 1703 года ў Цапры трывала атабарыліся манахі уніяцкага ордэна базыльянаў, які ўзнік на пачатку XVII ст. Назва ордэна паходзіць ад імя нябеснага патрона святога Васіля (Базыля) Вялікага. Распрацаваны ім у IV ст. статут манаскага жыцця паслужыў асновай для закона базыльянаў. Першы манастыр (навіцыят) ордэна ўзнік у Быцені (сёння ў Івацэвіцкім раёне). А праз некалькі дзясяцігоддзяў на Беларусі налічвалася ўжо 39 яго манастыроў. Базыльянскі ордэн ствараўся па ўзору каталіцкіх супольнасцяў. Вялікую дапамогу ў яго станаўленні аказалі манахі ордэна кармелітаў босых, шмат што было запазычана ў езуітаў. Папа Рымскі дазволіў базыльянам вучыцца ў лепшых каталіцкіх школах Еўропы – у Празе, Вене, Грэчаскім калегіуме ў Рыме. Прадстаўнік ордэна пастаянна знаходзіўся пры Апостальскім пасадзе. Дзякуючы такой падтрымцы ордэн неўзабаве стаў адным з наймагутнейшых у хрысціянскай царкве.
"Правілы манаскага жыцця" дэталёва вызначалі структуру і характар дзейнасці базыльянскай супольнасці. Кожны манах прыносіў трайны зарок: цнатлівасці, паслушэнства і беднасці. Нават кіраўніку ордэна – протаархімандрыту – не дазвалялася мець прыдворны апарат. Ён мог трымаць каля сябе толькі аднаго манаха ў якасці сакратара і аднаго для абслугі, а з усёй свецкай чэлядзі – толькі фурмана. Ва ўсіх манастырах уводзіўся адзіны распарадак дня і, што немалаважна, агульная ўніформа. Прадпісвалася: "На мантыю і на каптур ужываць звычайны махер; на сутану і расу – каразію (тоўстае сукно – А.Б.); на шапку – фалендыш (гатунак англійскага сукна – А.Б.); на рукавіцы і летнія панчохі – мараўскае сукно; на зімнія панчохі – чорны або шэры трыкатаж. Раменныя паясы мусяць быць простымі, без узораў, з чорнай металічная спражкай. Чаравікі і пантофлі – простыя з ялавай скуры. Кашулі – кужалёвыя. Хусткі – з палатна; штаны – палатняныя, кажухі на зіму – з аўчын па калені. Каптур на зіму – суконны, падшыты дзвюма ці чатырма аўчынамі". Рэгламентаваўся нават знешні выгляд законнікаў. Ім было дазволена насіць бароды, не галіць, а толькі стрыгчы валасы на галаве. Адзіны выгляд падкрэсліваў каставую прыналежнасць манахаў, спрыяў фарміраванню ў іх агульнай свядомасці.
"Залатым векам" у гісторыі ордэна называюць сярэдзіну XVIII ст. У гэты час на абшарах Рэчы Паспалітай дзейнічала 179 базыльянскіх манастыроў, у якіх жыло 1 370 манахаў. Цапэрскі – належаў да Берасцейскай епархіі правінцыі Святой Троіцы, у якую ўваходзілі землі Вялікага Княства Літоўскага. Бліжэйшыя да яго базыльянскія асяродкі існавалі ў Дарава (паблізу сённяшніх Баранавічаў), Міры і Быцені. Па колькасці насельнікаў ён адносіўся да сярэдніх манастыроў. Так, у 1773 г. тут было 8 манахаў: 5 святароў, прапаведнік і 2 спавядальніка. У 1800 г. – 6 святароў і прапаведнік.
Трэба адзначыць, што для базыльянскага ордэна была ўласцівая высокая мабільнасць. Кожны манах знаходзіўся ў адным манастыры не больш за чатыры гады, пасля чаго пераводзіўся на новае месца. Настаяцель мог кіраваць манастыром не больш чым восем гадоў (два чатырохгадовыя тэрміны). Вядомы прозвішчы 22 настаяцеляў Крыжаўзвіжанскага ўніяцкага манастыра. Першым, як ужо адзначалася, быў Сільвестр Качарскі. Адносна пачатку XVIII ст. у дакументах назіраецца прабел, а ў 1713 г. манастыр узначаліў Андрыян Фабрыцкі. У 1740 г. пры Нікадзіме Кашыцы на сродкі манастыра і памешчыцы Гімбутавай была збудавана новая Крыжаўзвіжанская царква. Місіянерскай дзейнасцю сярод праваслаўных адзначыўся Кірыл Грэковіч (1791 г.). Апошнім настаяцелем у 1827 г. стаў Іларыён Заблоцкі.
За ўвесь перыяд сваёй дзейнасці ўніяцкая царква зрабіла важкі ўклад у развіццё асветы, кнігадрукавання і бібліятэчнай справы. Не быў выключэннем і Крыжаўзвіжанскі манастыр. Захаваўся рэестр ягонай бібліятэкі, складзены ў 1760 г. Ён падзяляецца на два раздзелы: "Кнігі царкоўныя" і "Бібліятэка Цапэрскага кляштара". У першым пералічана 31 кніга, неабходная для правядзення літургіі: Евангеллі, рознага кшталту службоўнікі, псалтыры і г.д. Уласная бібліятэка налічвала 132 тамы. Гэта пераважна літаратура для пабожнага чытання, прапаведніцкія і тэалагічныя трактаты, жыціі святых, падручнікі і дапаможнікі, надрукаваныя на розных мовах. Побач з лацінскімі і польскімі кнігамі сустракаюцца "Цуд Найсвяцейшай Панны" і "Евангелле", выдадзеныя па-беларуску. Таксама ў бібліятэцы былі выданні на… італьянскай мове. Верагодна, нехта з манахаў атрымліваў адукацыю ў Рыме, а пасля апынуўся ў Цапры, разам са сваімі кнігамі.
Дарэчы, у практыцы ордэна выкарыстоўваліся чатыры мовы: беларуская, польская, царкоўнаславянская і лацінская. Па звестках 1800 г., амаль усе манахі правінцыі Святой Троіцы ведалі польскую і "славянскую" мовы. У дадатак да гэтага 65% базыльянаў валодалі лацінай, а прыблізна 13% манахаў маглі размаўляць яшчэ на адной з заходнееўрапейскіх моваў. Нарэшце, вярхушка ордэна (каля 3% манахаў) вольна валодала пяццю мовамі.
Увесь час мясцовыя базыльяне вялі актыўную місіянерскую дзейнасць. Іх намаганнямі ўжо ў 1-й пал. XVIII ст. прыход Цапэрскай царквы стаў цалкам уніяцкім і заставаўся такім амаль сто гадоў. Таксама насельнікі Крыжаўзвіжанскага кляштара дзейнічалі на ўсім абшары Случчыны і Піншчыны, даходзячы да аддаленых палескіх паселішчаў.
На пачатку ХІХ ст. становішча ў чарговы раз змянілася. Уніяцкая царква і базыльянскі ордэн, арыентаваныя на традыцыі заходняй культуры, сталі перашкодай у планах русіфікацыі края. Ордэн, які з'яўляўся памехай у правядзенні расійскімі ўладамі сваёй палітыкі на далучаных тэрыторыях былога ВКЛ, спачатку адчуў на сабе моцны ціск, а потым быў забаронены. У 1828 г. кляштар у Цапры закрылі, а Крыжаўзвіжанская царква стала прыходскай. Паводле апісання 1864 г. яе прыход налічваў 575 мужчын і 578 жанчын. Манастырскі будынак, па некаторых звестках, згарэў у 1835 годзе. Яшчэ праз чатыры гады была скасавана унія…
А вось дакументальная спадчына не загінула. Сёння ў фондах Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу захоўваюцца "Акты аглядаў" базыльянскіх манастыроў 20-х гг. ХІХ ст., у тым ліку і Крыжаўзвіжанскага. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць прывілеі Цапэрскаму базыльянскаму манастыру, апісанні царквы і кляштара, маёмасныя дакументы. Толькі ў двух справах захоўваецца комплекс крыніц, якія ахопліваюць перыяд з 1602 да 1840 года і налічваюць каля 800 аркушоў. Так што ў даследчыка, які вырашыць пісаць грунтоўную гісторыю Цапэрскай царквы і манастыра, не будзе недахопу ў крыніцах. Былі б жаданне, веды і… сродкі.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *