Предшественники районки

1310653862_pagesГаворачы пра раёнку, якая нядаўна адзначыла 70-годдзе, не лішнім будзе згадаць і яе папярэднікаў. Маю на ўвазе дзве газеты, якія выдаваліся ў розны час, рознымі людзьмі і з абсалютна рознымі мэтамі. Аб’ядноўвае іх адно – яны распавядалі аб жыцці Клеччыны і прызначаліся для кляччан.
Першая газета называлася “Батрак”. Яе выданне пачалося ў 1919 г., калі, пасля сыходу немцаў, у нас усталёўвалася савецкая ўлада. Ініцыятарам выдання была мясцовая арганізацыя Камуністычнай партыі (бальшавікоў). Заснаванню перыёдыкі спрыяла і тое, што ў мястэчку мелася друкарня яўрэйскага прадпрымальніка Кацава з неабходным абсталяваннем. 14 лютага першы нумар клецкай газеты ўбачыў свет. “Батрак” выходзіў на рускай мове. На жаль, перыядычнасць і агульная колькасць яго нумароў невядомы. У Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці, дзе захоўваюцца матэрыялы аб падзеях 1918-1920 гг., “Батрака” няма.
Але сярод дакументаў таго часу захаваўся Пратакол №17 агульнага сходу Клецкай арганізацыі камуністаў-бальшавікоў ад 21 красавіка 1919 г., на якім сярод іншага разглядалася пытанне аб мясцовай газеце. З яго вынікае, што на той час у Слуцкім павеце выдаваліся дзве газеты: “Батрак” у Клецку і “Молот и Плуг” у Слуцку. Прычым апошняя пачала выходзіць на месяц пазней. Яе першы нумар датаваны 25 сакавіка 1919 г. А ўжо 17 красавіка Слуцкі павятовы выканкам прыняў рашэнне аб’яднаць дзве газеты разам. Клецкія камуністы вырашылі, што новы орган павінен захаваць назву “Батрак”, якая “адпавядае і духу, і накірунку нашай партыі”, і праграму валасной газеты. У пратаколе адзначалася: “…газета “Батрак” карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі сярод насельніцтва павета (як бачым, клецкае выданне распаўсюджвалася па ўсёй Случчыне, а гэта сучасныя Клецкі, Нясвіжскі, Капыльскі, Слуцкі, часткова Ляхавіцкі, Ганцавіцкі, Салігорскі раёны – А.Б.), але і ў сталіцы, як беларуская правінцыйная газета, якая адлюстроўвае думкі і помыслы нашага беларускага селяніна”. У адваротным выпадку, калі іх прапановы не будуць улічаны, кляччане пастанавілі закрыць газету.
Гэта апошняя, выяўленая мною, згадка пра “Батрак”. Далейшы яе лёс невядомы. Як невядомы лёс “Молота и плуга”. Бясспрэчна толькі, што газета, нават у самым лепшым выпадку, не магла выдавацца пазней жніўня 1919 г., паколькі тады Случчына была занята польскім войскам.
У перыяд Другой Рэчы Паспалітай (1921-1939) тэрыторыя сучаснага раёна ўваходзіла ў склад Нясвіжскага павета Наваградскага ваяводства. У Нясвіжы ў 1920-я гг. і пачаў выдавацца штотыднёвік “Wspolna Sprawa” (Агульная справа), які пазіцыянаваў сябе як “беспартыйны орган Нясвіжчыны”. Рэдактарам газеты быў Зыгмунт Даманскі. У штотыднёвіку закраналіся галоўным чынам пытанні, звязаныя з жыццём павета, друкаваліся навіны з краіны і з-за мяжы. З газетай супрацоўнічалі і жыхары Клеччыны. У прыватнасці, змяшчаў свае артыкулы грамадскі дзеяч, уладальнік маёнтка Янавічы Альгерд Яленскі.
У “Агульнай справе” можна знайсці і матэрыялы аб паўсядзённым жыцці. Напрыклад, у №31 ад 6 жніўня 1926 г. змешчаны матэрыял пра гарцэрскі летнік для хлопчыкаў у Галынцы (гарцэры – моладзевая арганізацыя ў міжваеннай Польшчы – А.Б.). Вось фрагменты з яго: “…Лагер удалося арганізаваць у месце надзвычай здаровым і прыгожым, а менавіта ў Галынцы. Было нас 19 чалавек: сямёра таварышаў з семінарыі, дзесяць навучэнцаў гімназіі і двое яе выпускнікоў (маюцца на ўвазе навучальныя ўстановы Нясвіжа – А.Б.). Свой час мы правялі і карысна, і прыемна. Карысна, таму што дванаццаць “маладзікоў” атрымалі ступень “разведчыкаў”. Прыемна, таму, што стаялі ў прыгожых і здаровых ваколіцах. Цяпер назвы мясцовых маёнткаў – Галынка, Карацк, Янавічы, гучаць для нас абсалютна чароўна, настолькі па-братэрску нас там прымалі. У нашых сэрцах засталіся прыемныя аб іх успаміны і шчырая ўдзячнасць дарагім для нас асобам. Асаблівая падзяка належыць пану маёру Конраду Лазінскаму, які ласкава дазволіў побыт у сваім маёнтку Галынка, а таксама аказаў нам матэрыяльную дапамогу і дазволіў карыстацца млыном, дзе мы малолі жыта на хлеб, садам, што для нас было вельмі важна, лесам і лугам…”.
У пошуках дадатковай інфармацыі пра “Wspolnu Sprawu” я звярнуўся ў Нясвіжскі краязнаўчы музей, але пачуў адказ: “Газеты ў нашых фондах няма. Ніякімі звесткамі пра яе не валодаем”. Няма газеты і ў Клецку. Лёс папярэднікаў раёнкі ўсё яшчэ няясны.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *