День библиотек отметят в Клецком районе

IMG_1939Сёлета сваё прафесійнае свята публічныя бібліятэкі раёна сустракаюць у новым статусе, бо наша ЦБС стала дзяржаўнай установай “Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка”. Бібліятэчныя ўстановы Клеччыны прадстаўлены цэнтральнай, дзіцячай, 20 сельскімі і 11 сельскімі бібліятэкамі-клубамі, з агульным аб’ёмам фонду звыш 300 тысяч экземпляраў выданняў, якімі карыстаюцца штогод больш за 17 тысяч чытачоў.
Цэнтральная раённая бібліятэка – шматфункцыянальная ўстанова культуры, інфармацыйны, сацыяльна-культурны і асветніцкі цэнтр. Абслугоўвае патрэбы 3150 наведвальнікаў. Для іх працуе абанемент, чытальная зала, публічны цэнтр прававой інфармацыі, фонд камерцыйнай літаратуры, электронных дакументаў і літаратуры для слабабачачых карыстальнікаў. Цэнтральная бібліятэка мае сучасны сканер, ксеракс, 10 камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку, забяспечаных выхадам у інтэрнэт, падключана электронная пошта. З 2010 года дынамічна працуе ўласны сайт, які адлюстроўвае асноўныя падзеі бібліятэчнага жыцця рэгіёна. Бібліятэка прапаноўвае 10 дадатковых платных паслуг. З асаблівым гонарам хочацца адзначыць, што здзейснены рамонт ва ўсіх памяшканнях, набыта новая мэбля, што робіць нашу ўстанову больш сучаснай і ўтульнай.
Творчы калектыў імкнецца стварыць камфортныя ўмовы для сустрэчы з кнігай. Мы прапаноўваем сваім наведвальнікам звыш 37 тысяч асобнікаў выданняў, 90 назваў часопісаў, 29 найменняў газет.
Цікавыя здабыткі і творчыя задумкі маюць клубы па інтарэсах, якія працуюць пры ЦБ, а таксама літаратурна-музычная гасцёўня “Субяседнік”. У межах серыі “Мы таленавітыя” праведзены: вечар-дыялог “Вазьму паперу, ручку і натхненне”, прысвечаны самадзейнаму паэту В.Ф.Худаўцу, тэматычны вечар “Настаўнік па адукацыі і лірык па складу душы”, дзе адбылася прэзентацыя зборніка самадзейнай паэткі М.І.Пабудзей і іншыя. Прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на свае пасяджэнні збірае кожны месяц культурна-аздараўленчы клуб “АІР”, звычайна ў нядзелю.
Гонарам з’яўляецца старэйшы шахматна-шашачны клуб “Дэбют”, які функцыянуе амаль 30 гадоў. У клуба ёсць добрыя традыцыі, праводзяцца цікавыя спаборніцтвы да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, Дня фізкультурніка, Міжнароднага дня шахмат. Грашовыя сродкі на правядзенне спаборніцтваў выдзяляе аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Старшакласнікаў школ горада на свае мерапрыемствы збірае юнацкі клуб “Равеснік”, які працуе адносна нядаўна, але мае сваіх прыхільнікаў.
Аддзел бібліятэчнай рэкламы і маркетынгу – ініцыятар і творца цікавых спраў, новых ідэй, стваральнік шматлікіх прафесійных праграм і праектаў, своеасаблівая творчая лабараторыя. З мэтай павышэння кваліфікацыі бібліятэкараў раёна супрацоўнікі аддзела арганізоўваюць семінары, практыкумы, круглыя сталы, дзелавыя гульні. Для пачынаючых спецыялістаў працуе “Школа маладога бібліятэкара”.
У аўтаматызаваным рэжыме ажыццяўляецца камплектаванне кніжных фондаў бібліятэк раёна. Створаны і актыўна выкарыстоўваюцца электронныя базы дадзеных “Аналітыка”, “Рэтраспекцыя”, “Новыя паступленні”.
Змястоўным быў 2012 год, аб’яўле
ны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам кнігі. Усе бібліятэкі раёна актыўна прынялі ўдзел у конкурсе “Чытаем разам” сумесна з радыёпраграмай “Веснік Клеччыны”, які сабраў пад сваё крыло і настаўнікаў, і бібліятэкараў, і людзей, неабыякавых да кнігі.
Супрацоўнікі публічных бібліятэк раёна і сёлета ставілі сваёй мэтай – падняць, падтрымаць прэстыж кнігі, цікавасць да чытання, прывабіць насельніцтва рэгіёна да кніжных каштоўнасцей. Таму справай гонару для кожнай бібліятэчнай установы стала прэзентацыя кнігі мясцовага гісторыка-краязнаўцы А.У.Блінца “Клецк. Старонкі даўняй гісторыі”. Эстафету цэнтральнай бібліятэкі падтрымалі шэраг устаноў раёна – Арэшніцкая, Зубкаўская, Заастравецкая, Сіняўская СБ, Логнавіцкая СБК.
Развіццю творчага патэнцыялу, духоўнасці насельніцтва рэгіёна, павышэнню яго культуры, адукацыі, інфармаванасці па розных пытаннях жыццядзейнасці садзейнічаюць сельскія бібліятэкі. Для аператыўнага забеспячэння дакументамі прававой тэматыкі ў Заастравецкай, Янавіцкай, Сіняўскай сельскіх бібліятэках створаны ПЦПІ, абнаўленне якіх вядзецца штоквартальна.
Бібліятэкі раёна працягваюць добрыя традыцыі ў краязнаўчай рабоце. Сіняўская, Зубкаўская, Тучанская, Галавачоўская сельскія бібліятэкі, Звонкаўская, Логнавіцкая СБК – у гэтых установах сканцэнтраваны багаты краязнаўча-этнаграфічны матэрыял, сфарміраваны фонды, створаны куткі, напісаны летапісы вёсак, гаспадарак, бібліятэк, функцыянуюць і папаўняюцца новымі экспанатамі міні-музеі побыту старадаўніх часоў. Актыўна працягваецца фальклорна-этнаграфічная тэматыка ў рабоце клубаў і аматарскіх аб’яднанняў: “Родны край” (Янавіцкая СБ), “Нашчадкі” (Галынкаўская СБ), “Бацькаўшчына” (Логнавіцкая СБК), “Спадчына” (Тучанская, Сіняўская СБ). Трывала ўвайшло ў практыку правядзенне летам святаў вуліц і вёсак. У гэтым накірунку ЦБ актыўна супрацоўнічае з ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”. У гэтым годзе былі праведзены святы вуліц Краснастаўскай і Індустрыяльнай г.Клецка.
У кожнай бібліятэцы накоплены багаты вопыт працы з героіка-патрыятычнай літаратурай. У межах мэтавай праграмы “Памяць” бібліятэкі раёна праводзяць урокі памяці, літаратурна-музычныя кампазіцыі, вахты памяці, сустрэчы з непасрэднымі сведкамі ваенных падзей – ветэранамі вайны.
У асветніцкай дзейнасці бібліятэчных устаноў раёна важнае месца займае экалагічнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця. Бібліятэкі ў гэтым накірунку аб’ядноўваюць свае намаганні са школамі, медыцынскімі ўстановамі, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Экалагічны накірунак стаў адметным у рабоце Заастравецкай СБ – неаднаразовы ўдзельнік конкурсаў па экалагічнай адукацыі і інфармаванні насельніцтва. А вынік удзелу – прызавыя месцы, дыпломы, грашовыя прэміі. Не першы год пры бібліятэцы працуе літаратурна-экалагічны клуб “Фларыда”. Добрыя здабыткі ў эколага-асветніцкай рабоце маюць Сіняўская, Зубкаўская, Шчэпіцкая, Янавіцкая, Сякерыцкая, Кухчыцкая СБ і Ардзянская СБК. Гэтыя ўстановы ператвораны ў сапраўдны кветкавы аазіс, існуюць экалагічныя куткі, аформлены кніжныя выставы, змястоўныя тэматычныя папкі.
Бібліятэкі раёна імкнуцца садзейнічаць агульнаадукацыйнаму, культурнаму развіццю чытача, таму працуюць у добрым творчым кантакце з навучальнымі ўстановамі, ладзяць сумесныя мерапрыемствы. Добрай традыцыяй стала святкаванне Дня беларускага пісьменства, Дня ведаў. Нязменным арганізатарам свята да Дня беларускага пісьменства з’яўляецца цэнтральная бібліятэка сумесна з літаратурным аб’яднаннем “Голас”. Яскрава і запамінальна 20 гадоў запар праводзяцца такія мерапрыемствы. Актыўна працуюць у гэтым накірунку Грыцэвіцкая, Морацкая, Рассветаўская, Даматканавіцкая, Чырваназоркаўская, Нагорнаўская, Галавацкая сельскія бібліятэкі, Карацкая СБК.
Аб узроўні культуры ў грамадстве можна судзіць па адносінах да людзей сталага ўзросту. Кожны чацвер здзяйсняецца індывідуальнае абслугоўванне дома тых жыхароў, якія маюць у гэтым патрэбу. Са святочнымі віншаваннямі, кветкамі, музычнымі падарункамі супрацоўнікі Логнавіцкай, Старасельскай, Садаўскай СБК спяшаюцца да юбіляраў, ветэранаў вайны і працы. Для больш якаснага абслугоўвання жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак з 2010 года працуе перасоўная бібліятэка-бібліёбус.
Сёння асабліва значным з’яўляецца ўплыў бібліятэк на фарміраванне светапогляду маладога пакалення – у гэтым важнае месца належыць дзіцячай бібліятэцы, якая накіравана на якаснае і аператыўнае задавальненне чытацкіх запытаў, выхаванне сацыяльна-актыўнай асобы, духоўнае развіццё і падтрымку творчых здольнасцей юнакоў і дзяўчат. Гэта ўстанова абслугоўвае вучняў трох гарадскіх школ, выхаванцаў дзіцячых садкоў, кіраўнікоў дзіцячага чытання, плённа працуе з Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Клецкага раёна. Цікавай і запатрабавальнай з’яўляецца работа клубаў па інтарэсах: літаратурна-музычны “Імяніннік” для самых малодшых, для сярэдняга ўзросту – літаратурна-пазнавальны клуб “Чабарок”, для юных мастакоў, паэтаў, музыкаў – літаратурна-музычная гасцёўня “Натхненне”.
Бібліятэкі раёна паслядоўна і мэтанакіравана вядуць работу па забеспячэнню даступнасці і павышэнню якасці абслугоўвання дзіцячага насельніцтва. Гэтаму садзейнічаюць арганізацыя экскурсій, свят дзяцінства, летняга адпачынку, конкурсаў знаўцаў, віктарын, дзён кнігі і бібліятэкі, работа дзіцячых гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў. Кожная бібліятэка мае дзіцячы куток, а ў Янавіцкай, Галавацкай, Рассветаўскай створаны дзіцячыя пакоі з прымяненнем вырабаў з прыроднага матэрыялу, фігураў казачных герояў, элементаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзеці любяць тут бавіць вольны час, нібы яны трапляюць у казачны свет. Яскрава працуюць аматарскія клубы і гурткі “Дамавічок” (Сіняўская СБ), “Вясёлы вулей” (Заляшанская СБК), “Умелыя рукі” (Даматканавіцкая СБ), “Сябры бібліятэкі” (Зубкаўская СБ). З 1994 года пры Тучанскай СБ працуе лялечны гурток “Сонейка”, які здзяйсняе тэатралізаваныя пастаноўкі, п’есы, спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў, беларускіх народных казках да Дня тэатра, летняга адпачынку, у дапамогу школьным праграмам. Арганізоўваюць пастаноўкі ў бібліятэцы, школе, Доме культуры. Нязменным кіраўніком гуртка з’яўляецца прафесіянал з вялікай літары, апантаны сваёй справай бібліятэкар В.І.Здрок.
Нельга абысці ўвагай творчую дзейнасць 11 сельскіх бібліятэк-клубаў, работа якіх скіравана на задавальненне чытацкіх інтарэсаў жыхароў зоны абслугоўвання і арганізацыю змястоўнага і цікавага вольнага часу. Найбольш паспяхова, яскрава працуюць Логнавіцкая, Ардзянская, Комлеўская, Карацкая, Заляшанская, Звонкаўская, Старасельская, Рубежская, Садаўская СБК, спалучаючы бібліятэчную і клубную справы.
Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць поспехаў пачынаючым супрацоўнікам Н.Ю.Пільневіч (Шчэпіцкая СБ), С.І.Бушыла (Галынкаўская СБ), Г.А. Шэйка (Кухчыцкая СБ), А.А.Краўчук (Заастравецкая СБ), А.І.Васілец (Масцілавіцкая СБ), Л.Г.Скаварада (Сіняўская СБ).
Кніга – гэта дзіва з дзівосаў. Дзякуючы ёй можна трапіць у любую гістарычную эпоху, краіну свету, самую фантастычную казку. Сустрэчу з кнігай зрабіць асабліва запамінальнай імкнуцца бібліятэкі раёна. Кожны супрацоўнік робіць сваю ўстанову прыгожай і прывабнай для наведвальнікаў. Шмат для гэтага яны майструюць сваімі рукамі. Асаблівыя словы ўдзячнасці – таленавітаму мастаку-афарміцелю М.У.Аляксейчыку за яго эстэтычны густ, прафесіяналізм, залатыя рукі, шчодрую фантазію.
Паважаныя калегі! Ветэраны бібліятэчнай справы нашага раёна! Дарагія чытачы! Віншую вас са святам – Днём бібліятэк! У гэты дзень хочацца выказаць вам словы ўдзячнасці за самаадданую працу, творчую актыўнасць, прафесіяналізм і талент. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць мір, павага і дабрабыт. Ад шчырага сэрца жадаю вам моцнага здароўя, добрага настрою, творчых поспехаў і цікавых сустрэч з сапраўднымі знаўцамі кнігі. Дарыце людзям радасць, дабро і любоў. І яшчэ раз са святам – Днём бібліятэк!

Людміла Цімавец, дырэктар ДУ «Клецкая РЦБ.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

День библиотек отметят в Клецком районе: 1 комментарий

  • 14.09.2013 в 7:02 пп
    Permalink

    Дзякуй за родную мову!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *