Ранні старт корманарыхтоўкі

Толькі сытая жывёла, як вядома, можа даваць добрыя надоі, прыбываць у вазе. Недарэмна адным з важнейшых складаемых малака з’яўляюцца кармы. Аднак сёння мала іх нарыхтаваць у патрэбнай колькасці, першасная задача – закласці сянаж высакаякасны, спажыўны, багаты ўсім комплексам вітамінаў. Корманарыхтоўчая кампанія ў раёне сёлета распачалася крыху раней за леташнія. Травы паспелі, просяцца ў пракосы, а адтуль – прамым накірункам у сянажныя траншэі. Яны ж у сваю чаргу прайшлі дэзінфекцыйныя апрацоўкі, павапнаваны і гатовы да закладкі травянога корму. Каб забяспечыць грамадскае пагалоўе жывёлы кармамі ў поўным аб’ёме, гаспадарнікам неабходна нарыхтаваць 77400 тон сенажу, 11700 – сена і 153000 – сіласу, што складзе 22 ц.к.адз. на ўмоўную галаву. Інтэнсіўнымі тэмпамі распачалі нарыхтоўчую кампанію ў СВК «Кухчыцы», «Лазавічы», «Морач», «Грыцэвічы», райаграсэрвісе, СВФ «Туча», РУСП «Племянны завод «Чырвоная зорка», якія заклалі ўжо 3669 тон сенажу. Прыёмка сянажных траншэй вядзецца строга па актах раённымі спецыялістамі-корманарыхтоўшчыкамі. Па стану на 26 мая пацвярджаючыя дакументы маюцца толькі на 449 тон СВК «Грыцэвічы». У гэтай гаспадарцы, дарэчы, пастаўлена задача закласці 9800 тон сянажнай масы. Пачынаючы з шасці гадзін раніцы, экіпаж з касілак, корманарыхтоўчага камбайна, МАЗаў, трактараў-трамбоўшчыкаў прыступае да сваіх абавязкаў, і завяршаецца іх працоўны дзень бліжэй да заходу сонца. Для арганізацыі бесперабойнага працэсу для задзейнічаных у кампаніі працаўнікоў арганізавана трохразовае харчаванне, перагледжаны ўмовы аплаты працы, распрацаваны ўмовы спаборніцтваў з улікам колькасці і якасці закла­дзенага сенажу. Вышэйназваным дзвюм акалічнасцям надаюць асаблівую ўвагу. Так, першую траншэю аб’­ёмам каля 500 тон заклалі за няпоўныя чатыры дні  з абавязковым выкарыстаннем кансерванту «Лаксіл». Для гэтага на кормаўборачным камбайне «Ягуар» (на здымку 2), які з правяленых пракосаў здрабняе траву, устаноўлена прыстаўка для ўнясення ў масу кансерванту. За ўсім тэхналагічным працэсам пільна сочыць сам механізатар М.К.Бурак (на здымку 1), што не складае цяжкасцей  бо ў корманарыхтоўчай справе ён чалавек вопытны, не першы год займаеццца ёю, валодае тонкасцямі не горш за спецыялістаў. Бесперабойны працэс адвозкі і трамбоўкі забяспечваюць пяць вялікагрузных МАЗаў і механізатары на пагрузчыку «Амкадор» – Валерый Коўш і  на трактары К-700 – Сяргей Крыцкі. Паколькі корманарыхтоўчая кампанія ўзяла ранні старт, у гаспадарнікаў будзе больш магчымасцей прадукцыйна спрацаваць з другім і трэцім укосамі. А каб яны былі не менш ураджайнымі, адразу пасля ўборкі траў арганізавана падкормка пасеваў карбамідным угнаеннем. Не першы год у СВК» Грыцэвічы» практыкуецца закладка травяністага корму па экатэхналогіі ў спецыяльныя рулоны. Такім чынам, мяркуецца нарыхтаваць каля 600 тон, а для забеспячэння якасці і спажыўнасці кармавой масы на прэс-падборшчык днямі набыта спецыяльная ўстаноўка для дазіраванага ўнясення кансерванту. Пры вытрымцы ўсіх патрабаванняў гэтай тэхналогіі гаспадарнікі могуць смела разлічваць на атрыманне багатага на бялкі, высакаякаснага сенажу з люцэрны (менавіта гэтая культура будзе выкарыстоў­вацца для экарулонаў). Раённая корманарыхтоўчая кампанія набірае моц, разгортваецца на поўную магутнасць. Для аператыўнага вырашэння ўзнікаючых у хо­дзе яе пытанняў створаны штаб па нарыхтоўцы, якасці кармоў у гаспадарках, назначаны адказныя  спецыялісты па кантролі і аказанні практычнай дапамогі, створана група кантролю за якасцю закладкі сенажу. У напружаным рэжыме будуць працаваць і іншыя структуры. У прыватнасці, падоўжана работа вясковых магазінаў на 2 гадзіны, адчыняюцца яны на гадзіну раней. Перад пачаткам працоўнага дня, а пры неабходнасці – і на яго працягу, арганізаваны пастаянны медыцынскі агляд механізатараў. Вось так, у цеснай суполцы, зацікаўлена, граматна і ўмела распачалася корманарыхтоўчая кампанія на Клеччыне. І правесці яе, захоўваючы ўсе патрабаванні якасці, – адказны экзамен гаспадарнікаў.

Ірына Шаг.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *