“Служыў. І гэтым ганаруся”

Галасы ў двары разбудзілі Васіля на досвітку. Хлопец хуценька падхапіўся і кінуўся да акна. “Ух, свае!”, – убачыўшы маладых мужчын у цывільнай вопратцы з аўтаматамі на плячах, ён з палёгкаю ўздыхнуў і, апрануўшыся, выйшаў з хаты. Сямнаццацігадоваму юнаму было цікава пагутарыць з «ляснымі гасцямі». Як высветлілася, група вярталася з далёкага рэйду, і тут, у акружанай лясамі, незанятай на тую раніцу фашыстамі, Морачы, народныя мсціўцы вырашылі крыху адпачыць. Маці ўвіхалася па гаспадарцы, разам ім гатавалі сняданак. Праз нейкі час яна папрасіла Ва­сіля збегаць да калодзежа за вадой. Толькі ўзяўся хлопец за “журавель”, як убачыў на другім канцы завулка шумную кампанію па­ліцаяў. Кінуўшы вядро, подбегам  паспяшаўся на двор, дзе снедалі змораныя доўгай дарогай партызаны:

– Хутчэй у лес! Паліцаі! Іх там шмат, – яшчэ здалёк кінуў Васіль.

Для прыняцця бою не было ні зброі, ні патронаў, ні сіл. Таму камандзір, разважыўшы сітуацыю, спакойна сказаў:

– Адыходзім.

За лічаныя хвіліны партызаны, падхапіўшы аўтаматы і раскіданую па плоце мокрую вопратку, апынуліся ў схованцы за зялёнымі шатамі. У двары Ульяна Андрэеўна разам з сынам хуценька навялі парадак, прыбралі посуд, падмялі сені, а калі зайшлі ў хату – гаспадыня ледзь не самлела: пад лавай стаяў паўразабраны кулямёт і невялічкая скрыначка з патронамі.

– Васіль, хутка запіхай пад печ, – не разгубілася яна, – а сам схавайся дзе.

…У той дзень морацкай сям’і Кулік проста  пашчасціла: паліцаі не зайшлі ў хату, а толькі спыталіся ў жанчыны, што корпалася ў градах,  ці не бачыла тая партызанаў:

– Адкуль ім тут быць? – спакойна адказала, не паказваючы хвалявання.

Толькі праз два дні ноччу зноў наведаліся ў хату на ўскрайку Морачы партызаны, забралі кулямёт і шчыра дзякавалі за дапамогу. Пасля таго выпадку яны яшчэ не аднойчы заходзілі да У.А.Кулік, распытвалі пра абстаноўку ў Морачы і бліжэйшых вёсках, давалі дробныя даручэнні. Так карцелася юнаму Васілю пайсці разам з імі ў лес, але маці вельмі прасіла дапамагчы ёй гадаваць пяцёра малодшых братоў і сясцёр, даглядаць 60 сотак зямлі-карміцелькі…

Толькі пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 20-гадовы Васіль Андрэевіч Кулік трапіў у дзеючую армію. Разам з аднавяскоўцам Сцяпанам і іншымі мясцовымі хлопцамі іх даставілі пад Кіеў, 200 кіламетраў далей да лініі фронту ішлі пешшу, затым апынуліся ва Усходняй Прусіі, на перадавой. Навабранцам-сябрам даверылі кулямёт. Яскрава памятае ветэран бой пад Кёнігсбергам, за які атрымаў медаль “За адвагу”.

Тры кулямёты ў шахматным парадку выстраіліся насупраць ідучых сцяною ворагаў.

– Падпусціць бліжэй! Не страляць, – даносіўся голас камандзіра.

– Ты, Сцяпан, толькі не марудзячы, стужкі падавай. Зараз мы гэтых гадаў…

Нямала палягло фашыстаў у тым баі. Замаўчалі і два нашыя кулямёты, толькі Васіль страчыў і страчыў… Але і яго знайшла варожая куля, вострым болем пра­нізала нагу. Прыйшоў у прытомнасць Васіль, калі наўкола было ўжо ціха, а поруч з ім валтузаліся пяцёра сабак, звычайных дварняг, выдрысіраваных адшукваць параненых і выцягваць іх з поля бою. Яны перакацілі салдата на нейкі паддон і пацягнулі да ракі, удала пераправіліся на другі бераг.

Рабілі аперацыю ў Каўнасе, амаль два месяцы правёў у шпіталі, а потым – на абарону Балтыйскага мора, а там – да самай Перамогі і яшчэ тры гады пасля. У мірны час В.А.Кулік таксама, як з павагай гаворыць сам, “служыў”: 28 гадоў – лясніком. Да ваенных медалёў далучылася і за працоўныя заслугі – “Ветэран працы”. А напярэдадні свята 9 Мая старшыня райвыканкама А.С.Бойка ўручыў     удзельніку вайны юбілейны медаль “65 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *