Муза Якуба Коласа – Беларуская Маці

Мы шмат ведаем і гаворым пра жанчын, якіх лічаць музамі А.Пушкіна, С.Ясеніна, У.Высоцкага, але мала знаем і замоўчваем пра каханых жанчын нашых беларускіх класікаў. Напрыклад, ці многія з нас ведаюць аб прыгожых і рамантычных адносінах Якуба Коласа, 130-гадовы юбілей якога мы будзем адзначаць у лістападзе, да яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч (у дзявоцтве Каменскай).
Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў сям’і святара, скончыла настаўніцкую семінарыю, працавала ў адной са школ Вільні, потым трапіла ў Пінск. Тут яна і пазнаёмілася ў 1912 годзе (роўна сто гадоў назад) з Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам (Якубам Коласам). Ён вучыў дзяцей у 3-цім прыходскім вучылішчы, а яна – у чыгуначнай школе. Шмат увагі іх узаемаадносінам удзяліў у сваёй кнізе “Побач з Коласам” даследчык жыцця і творчасці Я.Коласа Мікола Жыгоцкі: “Для народнага паэта Марыя Дзмітрыеўна была самай дарагой, любімай і незабыўнай. Дзе б ні быў пясняр, яна заўсёды была ў яго памяці. Пра гэта сведчаць многія лісты Якуба Коласа да сваёй жонкі, якія пачынаюцца: “Мілая, слаўная Маруся”, “Мілая харошая...”, “Мілая, слаўная, любая...”, “Мая мілая, родная, дарагая...”. А іншы раз: “Мой лепшы прыяцель...”, “Мой добры, дарагі друг...”. А колькі цеплыні і пяшчоты ў словах – Маруся, Марыська, Марусік, Марусенька, Марусёнак... Вось так пяшчотна, далікатна, з вялікай любасцю і замілаваннем вар’іруецца яе імя ў пісьмах паэта да яе. Сам жа ён ласкава падпісваўся: “Твой Костусь”, а адзін раз жартоўна-іранічным “Твой лысы стары Костусь”. Усё гэта сведчыць пра надзвычай светлыя, чыстыя, даверлівыя, добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай.
Марыя Дзмітрыеўна была для Якуба Коласа не толькі жонкай, каханай, але і сапраўднай вернай сяброўкай і спадарожніцай жыцця. Яна дзяліла з ім і радасць поспеху, і горыч жыццёвых выпрабаванняў. (Аб прыгажосці іх узаемаадносін можна даведацца з пісьмаў паэта, надрукаваных у 13-м томе яго збору твораў).
Разумная, статная, прывабная, з вытанчанымі манерамі і ў той жа час надзвычай добрая, шчырая, адкрытая, Марыя Дзмітрыеўна стала для юнага паэта самым блізкім і дарагім чалавекам – сапраўднай яго Музай. Ёй малады Міцкевіч прысвячаў першыя свае вершы. У кнізе “Колас расказвае пра сябе” Максім Лужанін цытуе: “Добра было б зірнуць на ўсё, што я пісаў у той час ёй і пра яе. Я саромеўся тых вершаў. Завёў нават на іх запісную кніжку і навідавоку не пакідаў, пісаў яе ў пільчаку. У друк нічога не падаваў, няёмка адбіраць месца ў газеце і час у людзей на сваё, што толькі мне належала... Адным словам, нават Марусі трапілі на вока мае вершы значна пазней, калі мы ўжо жылі разам.
Я спяшаўся ў школу і не заўважыў, што кніжачка мая выпала з кішэні. А ўвечары Маруся пытае: “У каго ты, Кастусь, закахаўся гэтак моцна?”. Я гляджу на яе, нічога не разумеючы. Яна ківае галавою і кажа: “Так, так. Не закахаўшыся, такіх вершаў не напішаш”.
Я збянтэжыўся, давай апраўдвацца. Называю даты пад вершамі, а яны ішлі адзін за другім, ад першага дня нашага знаёмства.
Маруся смяецца: “Я ж не па датах зразумела, што гэта ўсё маё, не магу ж я паверыць, каб ты казаў мне адно, а пісаў каму-небудзь іншаму другое. Не тое мяне засмучае. Шкада, што ад таго часу, як мы пажаніліся, у кніжачцы амаль не прыбавілася запісных старонак”.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Кастусь Міцкевіч трапіў у вайсковае вучылішча, а затым на румынскі фронт. Сям’я эвакуіравалася. Туды, на Куршчыну, прыехаў падпаручык Міцкевіч да жонкі, сына і цешчы, дзе ён потым працаваў настаўнікам, школьным інструктарам. І толькі ў 1921 годзе Канстанцін Міхайлавіч з сям’ёй пераехаў у Мінск. І дзе б ён ні быў, куды б ні выязджаў, ён заўсёды трымаў цёплую, задушэўную сувязь з Марыяй Дзмітрыеўнай, пісаў ёй паштоўкі і лісты.
Вось цытаты з яго пісем:
“Ці ўсё ў цябе добра, ці здарова ты сама? Каб ты ведала, Маруська, як мне без цябе цяжка. Дня таго няма, няма таго часу ў дні, каб я не ўспомніў аб табе”, – пісаў ён у лісце ад 5 ліпеня 1924 года з Кіславодска, дзе адпачываў.
“Учора я, Маруська, закончыў “Сымона-музыку” і, здаецца, закончыў не кепска. Вось прыеду дадому і параюся з табою”, – паведамляў паэт жонцы праз тры дні ў пісьме. (Яна была і яго першым крытыкам, з заўвагамі якой лічыўся аўтар, прымаў да ведама, іншы раз сёе-тое і перарабляў).
Вельмі цёпла аб Марыі Дзмітрыеўне адзываліся шматлікія родзічы, сябры сям’і, паэты, пісьменнікі. Сам Якуб Колас у адным са сваіх лістоў (ад 8 снежня 1952 года) да Ніны Іванаўны Загурскай-Паддубнай зазначыў: “Марыя Дзмітрыеўна была самым лепшым другам маім. Такія жонкі, як яна, пападаюць не часцей, як адна на 1000 жонак”.
З гэтымі словамі паэта згодна і яго сястра Алена Міхайлаўна Лойка. Яна з цеплынёй успамінала: “Гэта быў залаты чалавек. Не магу спакойна гаварыць. Такая добрая, разумная! І да дзяцей, і да Коласа, і да ўсіх людзей. Жылі яны вельмі дружна. Шанавала яна Коласа. А ён яе таксама. Каб не такая жонка брату надарылася, то, можа, ён і такім вялікім не стаў бы...”
У час Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас жыў і напружана працаваў у Ташкенце. Гэтаму спрыялі яго жонка і сыны. Беларуская паэтэса Эдзі Агняцвет таксама воляю лёсу апынулася там. Яна ўспамінала: “Люстэркам светлай душы народнага паэта была яго жонка, адданы друг Марыя Дзмітрыеўна...”, “Каму неабходны догляд ці матэрыяльная дапамога, – з’яўлялася Марыя Дзмітрыеўна. Міласэрнасць была неабходнасцю яе жыцця”.
У сваіх успамінах Эдзі Агняцвет працягвае: “У Ташкенце людзі называлі Марыю Дзмітрыеўну Беларускай Маці. 1 лістапада 1943 г. Якуб Колас з жонкай пакінулі Узбекістан. А неўзабаве да Эдзі Агняцвет ад Марыі Дзмітрыеўны прыйшлі дарагія яе сэрцу лісты з Клязьмы.
“Напачатку ў Клязьме Марыя Дзмітрыеўна адчувала сябе няблага. Але з цягам часу нядаўнія запаленні лёгкіх, перанесеныя ў Ташкенце, зламалі яе... Цяжка перадаць словамі трагедыю, якую перажыў Якуб Колас у дні яе адыходу з жыцця”, – успамінала Агняцвет.
Якубу Коласу пасля смерці каханай жонкі было наканавана пражыць яшчэ 11 гадоў. За гэты час ён многае зрабіў, паклапаціўся пра помнік свайму лепшаму сябру. Побач з ёй спачывае і сам паэт. З болем у сэрцы і вялікай удзячнасцю ім у тыя жалобныя дні былі напісаны наступныя радкі:
Немалую дарогу прайшлі мы
Па чужой і па роднай зямлі.
Адыходзілі вёсны і зімы,
І гады за гадамі плылі...
Эх, ды дзе не ляжалі пуціны!
Хіба можна іх змераць, злічыць!
Пакідалі мы дзве каляіны,
Але песня адна ў іх гучыць.
Сто гадоў таму іх звялі жыццёвыя сцежкі, каб усё жыццё яны былі разам і жылі ў вялікім каханні.
“Марыя Дзмітрыеўна была руская па нацыянальнасці, але павага да Беларусі, да мужа, да багатай духоўнай спадчыны народа, свая высокая культура, інтэлігентнасць дапамаглі ёй не толькі добра валодаць нашай мовай, але і стаць сумленным карэктарам, уважлівым слухачом і чытачом, часам і рэдактарам Коласавай творчасці”, – адзначыў Мікола Жыгоцкі.

Вольга Лабажэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *