В Клецке Митрополит Тадеуш Кондрусевич освятил новый костел Святой Троицы

30 чэрвеня 2012 г. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў Касцёл Святой Тройцы ў Клецку. Парафія з больш чым 500-гадовай гісторыяй нарэшце мае свой дом малітвы.

З гісторыі
Касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку існаваў з 1450 года. У перыяд паміж сусветнымі войнамі мясцовая парафія налічвала каля пяці тысяч вернікаў. Цяжкі лёс выпаў гэтай супольнасці: падчас гітлераўскай акупацыі былі расстраляны клецкія святары, а ў 1953 г. атэістычныя ўлады ўзарвалі старажытную святыню. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў каталікі Клецка і навакольных парафій не мелі ні касцёлаў, ні святароў.
З пачаткам перабудовы мясцовыя вернікі пачалі прадпрымаць захады па вяртанні адзінага ўцалелага ў горадзе Касцёла – былога дамініканскага. Аднак яшчэ ў 1832 годзе гэта святыня была перададзена праваслаўным… Але каталіцкія вернікі Клецка, якія з часоў вайны засталіся без душпастыра, не здаліся і вырашылі будаваць новы Касцёл на тэрыторыі, выдзеленай гарадскімі ўладамі.

У гонар закладкі каменя-цагліны ўстаноўлена дошка
У 2003 годзе вернікі атрымалі афіцыйны дазвол на будаўніцтва Касцёла. 24 мая ў першым суботніку прынялі ўдзел парафіяне: абгарадзілі тэрыторыю, прызначаную для святыні, рыхтавалі яе для закладкі падмурка. І ўжо ў лістападзе быў закладзены першы яго блок, пра што занатавана ў спецыяльным акце за подпісамі членаў спецыяльна створанай камісіі будаўнікоў. Узвядзеннем Касцёла па праекту архітэктара Аляксандра Францавіча Базевіча займалася ТАА «Будмантажпраект» пад кіраўніцтвам Збігнева Казіміравіча Сакалоўскага. Майстрам быў Мікалай Георгіевіч Семяненка. Свой неацэнны будаўнічы ўклад унеслі Генадзь Іосіфавіч Старжынскі і Вячаслаў Іосіфавіч Старжынскі, з пачатку ўзвядзення Касцёла і да яго здачы добрасумленна шчыравалі Міхаіл Анікей, Сяргей Князеў, Юрый Панамарчук, Аляксей Кебікаў, Леанід Якімовіч і яшчэ каля дзесятка будаўнікоў. (Пазней гэтыя людзі будуць названы ў ліку падзячаных ад прыхаджан Касцёла). Больш актыўна работы разгарнуліся з прыходам вясны 2004 года. Быў закладзены падмурак новай святыні, а таксама часткова вежы і накрыты дах. У Касцёле ўжо нават з’явіліся шыбы. Аднак пакуль што парафіяне моляцца ў часовым драўляным будынку, размешчаным непадалёк. Менавіта там біскуп Антоній Дзям’янка цэлебраваў урачыстую святую Імшу, пасля якой усе яе ўдзельнікі ў працэсіі накіраваліся да будоўлі. За крыжам прадстаўнікі трох пакаленняў – маленькі хлопчык, сужэнская пара і пажылыя асобы – неслі тры цагліны з муроў зруйнаванага ў гады прымусовага атэізму Касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Гэтыя гістарычныя цагліны былі закладзены ў муры новай клецкай святыні, дзе мясцовыя вернікі змогуць збірацца на святую Эўхарыстыю і прымаць іншыя сакрамэнты. Сёння ў гонар гэтай падзеі ў храме размешчана памятная дошка, падараваная вернікам Клецкім раённым выканаўчым камітэтам з надпісам: «Вуглавы камень-цэгла з разбуранага ў 50-я гады ХХ ст. Касцёла Святой Тройцы ў г.Клецку асвечаны і ўмураваны праз біскупа Антонія Дзям’янкі Апостальнага Адміністратара Архідыяцэзіі Мінска-Магілеўскай. 20 чэрвеня 2006 года» і замацаваны на яе сам камень. Адметнасць гэтай падзеі – важная, таму мае права быць увекавечана не толькі ў людской памяці сучаснікаў, але і пакінута для нашчадкаў. Таксама як і дошка ў гонар Вацлава Вяржбіцкага (на фота 6).

Чыкагскі мецэнат родам з Клеччыны
1996 год таксама стане адметным у гісторыі Касцёла. Ён непасрэдна звязаны з ідэяй яго узвядзення. У адзін з яго дней Клецк наведаў Вацлаў Вяржбіцкі, які нарадзіўся у далёкім 1922 годзе ў Янавічах, а потым жыў у Кухчыцах. Па прыкладзе яго прадзедаў, дзядоў і бацькоў, якія былі парафіянамі гэтай парафіі, хлопец наведваў Касцёл, служыў падчас святой Імшы міністрантам.
– Там я быў ахрышчаны і бежмаваны. На адной са сцен Касцёла, - успамінае Вацлаў Вяржбіцкі, – стаяў вялікі абраз сэрца Езуса: ад падлогі да столі. Калі маліўся і глядзеў на яго, здавалася чуў голас Езуса: «Ці не забудзеш мяне, ці будзеш верны мне, ці дапаможаш, каб я быў заўсёды тут?». Тады я гэтага не разумеў, але назаўсёды добра запомніў…
10 лістапада 1940 года НКУС і мясцовыя камуністы арыштавалі ўсю сям’ю Вяржбіцкіх і вывезлі ў лясы Архангельска.
– Мы паміралі з голаду, неаднойчы прасілі Бога, каб хоць адзін раз наесціся ўдоваль хлеба, а потым можна і памерці. І там, на высланні, зноў мроіліся словы: «Май надзею, май надзею, будзеш мець надзею – будзеш мець усё, толькі май надзею». Паразважаўшы, зразумеў, што са мною гаворыць анёл-ахоўнік. І сам сабе пастанавіў: буду рабіць усё, каб выжыць. Выкопваў з-пад снегу мерзлыя грыбы, еў пупышкі з дрэў.
У снежні 1941 года пакінуў архангельскія лясы. Высланцаў перавезлі ў Кіргізскую вобласць да кітайскай мяжы. Там Вацлаў Вяржбіцкі ўступіў у польскае войска, якое фарміравалася на тэрыторыі СССР. У жніўні 42-га года войска пакідае Саюз і накіроўваецца ў Іран, потым – Ірак, Палестыну, Сірыю, Егіпет. У сакавіку 1943 года ён ваяваў з немцамі ў Італіі пад Монте Касіна. Пасля вайны пераехаў ў Англію, яшчэ праз 5 гадоў – у Амерыку ў Чыкага, дзе цяпер і жыве.
– Калі я першы раз у 1990 годзе наведаў родны Клецк, расчараваўся, што ад нашага Касцёла засталіся руіны і вугал ад званіцы, на якім сядзелі буслы і, здавалася, раздумвалі над лёсам святыні. Я зноў успомніў тыя словы, калі маліўся да абраза сэрца Езуса. Тады мне хацелася нешта зрабіць карыснае пры адраджэнні Касцёла, кожны год прыязджаў у Клецк, але мне нічога не ўдавалася.
І толькі ў 1996 годзе Вацлаў Вяржбіцкі спаткаў аднадумца. З ідэяй будаўніцтва храма ён звярнуўся да ксяндза Эрвіна Вячорэка.
–- У нас няма столькі грошай, каб пабудаваць Касцёл, разам з парафіянамі мы не адолеем гэтую справу, - сумняваўся кс.Эрвін.
І тады будучы мецэнат дастаў з кішэні 20 тысяч долараў і пакінуў іх на першасныя работы, паабяцаўшы знайсці ячшэ сродкі. Так быў зроблены праект, пачалася закладка падмурка. Вацлаў Вяржбіцкі звязаўся са сваімі былымі землякамі, якія раз’ехаліся па Англіі, Аўстрыі, Амерыцы. Такім чынам, у 2005 годзе яны пераслалі яшчэ 50 тысяч долараў. Усяго ж іх дапамога пераўзышла 100-тысячную мяжу. І закіпела будаўніцтва… Па цэлай пенсіі аддавалі на яго парафіяне, кожны ўносіў пасільны ўклад. А галоўнакамандуючым ва ўсім, увасабленцам ідэі быў ксёндз Эрвін. Падчас кансэкрацыі Вацлаў Вяржбіцкі надзвычай дзякаваў святару за дапамогу ў рэалізацыі яго ідэі:
- Сённяшні дзень – найшчаслівейшы ў маім жыцці, бо споўнілася мая мара і просьба Езуса, якую я чуў…

Чалавек-легенда
Шчырую ўдзячнасць Эрвіну Вячорэку выказвалі літаральна ўсе госці і ўдзельнікі кансэкрацыі. Ад імя парафіян яму ўстаноўлена памятная дошка пры ўваходзе ў Касцёл, дзе выказана падзяка за яго справу.
Асаблівыя словы прызнання яму адрасавала ад імя вернікаў прыхаджанка Таццяна Галавач:
– Сегодня перед нами как никогда встает тот 1996 год, когда вы приехали к нам, где не было ни жилья, ни костела. Местные власти подарили нам домик на улице Панкратовской. И началось строительство костела. Он был построен за 4 года, и сегодня настал день, которого ждали все, ждала Клецкая земля. Невозможно выразить все чувства и высказать все пожелания, которые мы адресуем вам. Вы сумели нас собрать, сплотить, объединить. Мы – как одна дружная семья, для нас вы навсегда остались примером. Мы все понимали, как трудно было вам без родных, друзей, родственников, но мы старались ими для вас стать. Мы никогда не забудем: вы подарили нам все – красавец-костел, настоящее сокровище. Но мы и не забудем тот день, когда вы покинули нас. С маленькой сумочкой в руках оставили парафию и Клецк. В подарок вам – огромный букет самых лучших пожеланий, чтобы вы увезли его с собой и помнили, что мы вас любим и ждем. Желаем, чтобы Бог не жалел для вас светлых и радостных дней, как вы не жалеете ничего для людей.
А ў падарунак ксендз Эрвін ад клецкай парафіі атрымаў Альбу, у якой яму было пажадана сустрэць 100-гадовы юбілей.
Аб непамернай працы ксяндза на карысць кляччан, укладзе ў адраджэнне хрысціянскіх традыцый, захаванне духоўнай спадчыны гаварыў і старшыня райвыканкама Анатолій Сцяпанавіч Бойка, выказаўшы меркаванне грамадскасці і асабістае:
– Чалавек мае патрэбу ў сакральных будынках, дзе можа пачуць голас Бога, запаліць свечку ці проста адпачыць духоўна. З’яўленне новага Касцёла – гэта радасная падзея ў жыцці вернікаў, развіцці горада. Велічны і цудоўны храм прыцягвае каталікоў і з суседніх раёнаў, адметна, што тут пануе цяпло і радасць, у чым заслуга ксяндза Эрвіна. Ён на працягу 15 гадоў быў у горы і радасці з вернікамі, і дзякуючы яго намаганням і з яго непасрэдным удзелам быў пабудаваны Касцёл. За што яму – духоўнага цяпла і здароўя, паўсядзённай радасці і доўгіх гадоў жыцця.
Шчырымі і працяжнымі апладысментамі віталі словы А.С.Бойкі і ўзнагароджанне ксяндза Эрвіна Падзякай райвыканкама (на фота 8). Па ўсім відаць – парафіяне непамерна ўлюбеныя ў Э.Вячорэка, адданы яму душою, бо такія ж адносіны адчуваюць і да сябе.
– 15 гадоў ксёндз разам з намі будаваў дарагую нашаму сэрцу Святыню. Будаваў жывы людскі Касцёл, – расказвае парафіянка Часлава Князева. – За час сваёй святарскай справы быў заўсёды з намі, быў лекарам нашых душ. Заўсёды дапамагаў духоўнымі парадамі сем’ям і сам належыць да гордэну «Святой Сям’і». Хвала табе, Настаўнік і Рыцар Хрыстовы!
Ксёндз Эрвін – легенда – не толькі Касцёла ў Клецку, але і ваколіц раёна, Беларусі. Аб гэтым чалавеку вялікага сэрца, несканчонай міласэрнай душы будзе памятаць увесь хрысціянскі люд Клеччыны, нягледзячы на веравызнанне і канфесіі. Ён перадаў парафію годнаму пераемніку ксяндзу Адаму, які і праводзіў кансэкрацыю.

Кансэкрацыя
– Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ўжо ніколі на клецкай зямлі не будзе гучаць голас Евангелля, не будуць цэлебравацца сакрамэнты, а новыя пакаленні будуць выхоўвацца без веры ў Бога. Так здавалася, але Бог паказаў, што Яго планы – не нашы планы. І сёння ў гістарычным Клецку ёсць каталіцкая святыня, – з такімі словамі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да мясцовай супольнасці.
Клецкая зямля ганарыцца тым, што яна цесна звязана са св. Зыгмунтам Шчэнсным Фелінскім. Менавіта на ёй нарадзілася яго маці і была ахрышчана ў клецкім Касцёле. Сюды ён часта прыязджаў, калі быў студэнтам.
- Можа, менавіта яго заступніцтва перад Богам учыніла цуд пабудовы новага Касцёла. Пры гэтым неабходна асабліва падзякаваць былому пробашчу а. Эрвіну Вячорэку, дзякуючы старанням якога, а таксама намаганням вернікаў і ахвярнасці спонсараў, стала магчыма пабудаваць гэты прыгожы Касцёл з месцамі для вядзення рознай пастырскай дзейнасці, – адзначыў Мітрапаліт.
У гаміліі іерарх разважаў над урыўкам з Евангелля, дзе Хрыстус назваў Пятра скалой, на якой Ён пабудуе свой Касцёл, які брамы пякельныя не перамогуць. Пабудову Касцёла ў Клецку арцыбіскуп назваў гэтаму пацвярджэннем, бо «Касцёл адраджаецца з попелу, каб стаць месцам спаткання чалавека з Богам».
Такім чынам, усё жыццё чалавека непарыўна звязана з Касцёлам. Нават пасля смерці Касцёл моліцца за памерлага.
– Менавіта таму мы хочам мець Касцёлы, мы рамантуем старыя і будуем новыя не толькі для таго, каб мець прыгожыя архітэктурныя ансамблі, а перш за ўсё для таго, каб у іх сценах будаваць сапраўдны Касцёл – народ Божы, – падкрэсліў Мітрапаліт.
Арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў вернікам памятаць, што ў новым Касцёле іх чакае Езус, жывое сэрца якога б’ецца ў табэрнакулюме. Пажадаў таксама, спаткаўшы Бога ў сценах гэтай святыні, занесці Яго іншым, “каб свет паверыў і, жывучы верай, дасягнуў збаўлення”. Асвячэнне Касцёла Святой Тройцы стала святам для каталіцкай супольнасці горада і многіх гасцей.

Ірына Шаг.  

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *