«Робіць з дрэва мастацтва». Гісторыя таленавітага майстра па дрэву в Заастравечча

 

Гэтага чалавека добра ведаюць не толькі ў агр.Заастравечча, дзе ён жыве і працуе рабочым па рамонце і абслугоўванні будынкаў у мясцовай школе, але і ў суседніх вёсках і гарадах – Дзяржынску, Фаніпалі, Нясвіжы, Клецку, Станькаве. Нельга злічыць вырабаў, зробленых рукамі сталяра. А пачыналася ўсё звычайна, як у многіх іншых людзей, не ўяўляючых свайго жыцця без любімай справы.

Прыклад старэйшых

У дзяцінстве маленькі Саша любіў сачыць за працай свайго бацькі Іосіфа Лявонцьевіча, які ўмеў працаваць з дрэвам. Вялікіх “шэдэўраў” не ствараў, але мог па гаспадарцы рабіць усё – і лаўкі, і табурэткі, і стальнічкі, і веснічкі з узорамі… Калі хлопчык пайшоў у школу і стаў наведваць урокі працоўнага навучання, яго адзіным жаданнем было авалодаць сакрэтамі дрэваапрацоўкі, як гэта рабіў настаўнік Фёдар Філарэтавіч Уласевіч. Кожны раз падлетак не мог дачакацца, калі зноў разам з аднакласнікамі забяжыць у школьную маўстэрню і адкрые для сябе штосьці новае. Педагог вучыў дзяцей бачыць перад сабой не проста абрэзак дошкі, а, ўяўляць, што можа нарадзіцца з гэтага звычайнага драўлянага адшчапенца.

За пяць гадоў урокаў па працоўным навучанні Аляксандр навучыўся апрацоўваць дрэва. Таму ўжо ў 8 класе мог рабіць чаранкі для грабляў і лапатаў, паліцы пад посуд, кнігі і вазоны, дэкаратыўныя стальнічкі, карнізы, лапаткі-мяшалкі.

Майстар-самавучка

Пасля школы была мара прафесійна займацца дрэваапрацоўкай і атрымаць спецыяльнасць сталяра, ды і тое ж профільныя ПТВ і тэхнікумы знаходзіліся ў далёкіх рэгіёнах – Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Гомельскай абласцях, у Мінскай толькі ў г. Чэрвень, але трошкі іншай спецыялізацыі. На выбар другой прафесіі паўплывалі другія абставіны. А.Рудзяк прызнаецца, што далёка ад роднага парога ехаць не хацелася. Разам з сябрукамі, як кажуць, за кампанію пайшоў вучыцца ў Клецкае ПТВ № 206 на механізатара меліярацыйных работ. Праходзячы практыку ў Клецкім СМУ, думаў, што лёс звяжа з гэтай арганізацыяй, бо тут юнаку спадабалася. Аднак шляхі-дарогі павялі яго зусім у другі бок.

У хуткім часе Аляксандра прызвалі ў армію. Служыць давялося ў вайсках сувязі на Далёкім Усходзе ў г.Усурыйску. Радавы тэрміновай службы і тут не забываў аб сваім захапленні. Калі была неабходнасць у сталярных работах, з задавальненнем іх выконваў.

Пасля звальнення з арміі накіраваўся ў г.Курск – пазваў брат матулі. Два гады адпрацаваў электраманцёрам у сувязі. Сумаваў па родных мясцінах, таму прыняў рашэнне ўсё ж вярнуцца на малую радзіму.

У цяжкія 90-ыя гады маладому чалавеку пашчасціла займацца тым, да чаго ўвесь час ляжала душа. Набірала моц індывідуальнае прадпрымальніцтва, і А.Рудзяк стаў супрацоўнічаць з адной прыватнай фірмай, якая адкрылася на тэрыторыіі былой вайсковай часткі ў Клецку. Ён рабіў сувенірныя вырабы з дрэва для продажу. У краме можна было знайсці ўсё неабходнае для гаспадаркі і інтэр’ера дома. Асаблівым попытам  карысталіся хлебніцы, полкі пад тэлефон, карнізы, багеты, сальнічкі, бочачкі для крупаў, тумбы пад абутак. Праца прыносіла задавальненне. З таго часу рукі майстра ўжо ніколі не адпачываюць.

Выконвае заказы для родных і знаёмых. Ён ведае, што для многіх лепшы падарунак у святы – гэта новая сувенірная работа. Дапамагае і малазабяспечаным і адзінокім састарэлым людзям. Тут часта выступае і ў ролі цесляра. Бабулі просяць зрабіць новыя веснічкі ці падправіць плот, наладзіць ці зрабіць новую лаўку.

– Рука не падымаецца браць з іх аплату, – тлумачыць суразмоўца. – Мая матуля таксама ў “залатым» узросце, ведаю, як цяжка спраўляцца па гаспадарцы там, дзе патрэбна мужчынская рука, таму добра разумею і іншых пенсіянераў.

Школе спецыяліст таксама зрабіў некалькі лавак, якія гарманічна гарманічна ўпісаліся ў дызайн двора. А зусім нядаўна пад кіраўніцтвам Аляксандра Іосіфавіча вучні прынялі ўдзел у раённым конкурсе на лепшы выраб шпакоўні і занялі першае месца. Таксама рабяты разам з ім выканалі скульптурныя работы, якія былі прадстаўлены на  “Дажынках-2022» у агр. Морач.

А.Рудзяк пастаянна ў пошуку новых “вобразаў”. Мужчына прызнаецца, што калі хоць раз у дзень не ўключыць станок і не габляне пару дошак – настрой імгненна прападае амаль на некалькі дзён. Ён літаральна жыве гэтым. Майстру прыемна бачыць вынік сваёй працы і радаваць родных і блізкіх людзей новымі ідэямі.

Алена КАРАЖАН.

Фота Інны ФЕДАРЧУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *