Нясуць добры настрой

Капрызніца-вясна нарэшце змяніла снежную каралеву-зіму. Гэта адчуваецца не столькі па надвор'і, колькі па жаданні жанчын хутчэй скінуць надакучлівыя футры і дублёнкі і апрануць больш лёгкія паліто і кароткія спаднічкі. А яшчэ - падкрэсліць сваю індывідуальнасць. Дапамагаюць ім у гэтым закройшчыкі і швачкі, ствараючы непаўторныя фасоны адзення. Цяпер, вядома, кліенты пайшлі больш патрабавальныя. Яно і зразумела: ідзе час, а з ім мяняецца і  мода. Падганяе да самаўдасканалення і канкурэнцыя.

І ўсё ж, нягледзячы на розныя нюансы, работнікі швейнага цэха раённага камбіната бытавога абслугоўвання зарэкамендавалі сябе высакакласнымі спецыялістамі, здольнымі задаволіць густ і жаданне самых капрызлівых кліентаў. Дзякуючы своечасовасці і якасці вырабляемых заказаў, попыт на бытавыя паслугі ёсць, і ён няўхільна расце. М.І.Дарафей, Н.М.Шыбут і Т.К.Туміловіч выконваюць індывідуальныя заказы насельніцтва, дапамагаюць жыхарам горада і раёна быць прыгожа і модна апранутымі, улічваючы пры гэтым індувідуальнасць кожнага свайго кліента. Дзякуючы ўласным фантазіі і навыкам, штодзённа ператвараюць дзесяткі звычайных кавалкаў тканіны ў прыгожыя неардынарныя рэчы, якія выклікаюць захапленне ў людзей. Да таго ж, праз іх рукі праходзіць шмат заказаў па рамонце адзення. Брак у рабоце – для гэтых швачак справа недапушчальная.

На выкананні масавых заказаў арганізацый, прадпрыемстваў і СВК  заняты Г.У.Гадун, З.А.Дамашэвіч, Ж.М.Галуза, Н.А.Плакса. Гэта іх  працавітымі рукамі пашыты ўцепленыя курткі для работнікаў РКУП "Клецкая ЖКГ", рабочыя касцюмы – ЗП "Налібокі-Нёман", санітарна-гігіенічныя халаты - для ААТ "Фармэкс". У ліку сёлетніх заказчыкаў работнікаў цэха – "Аўтатэхсервіс", СВК "Кухчыцы", ААТ "Біярапспрадукт" і іншыя.

Работніцы цэха, несумненна, – розныя па характары, вопыце работы,  у кожнай  з іх свая працоўная дарога ў РКБА.

М.І. Дарафей звязала свой лёс з бытоўкай 35 гадоў таму назад. За гэты  час не здрадзіла любімай справе. Марыя Іванаўна ўзначальвае брыгаду, якая займаецца пашывам індывідуальных заказаў насельніцтва. Сама адмыслова шые як лёгкае, так і верхняе адзенне. Яшчэ большы працоўны стаж у бытоўцы ў Н.М.Шыбут. Высакакласным спецыялістам зарэкамендавала сябе Ніна  Мікалаеўна. Яна не толькі добрая швачка, якой  падуладна выкананне  любога заказу. Валодае адметным густам, мае здольнасці дызайнера. Вельмі любіць эксперыментаваць і з задавальненнем прапаноўвае свае задумы заказчыкам. А пасля разам з імі радуецца вынікам уласнай скрупулёзнай працы.

Памяркоўная Т.К.Туміловіч за звыш чым чвэрць стагоддзя стала незаменным работнікам у цэха. Не злічыць, колькі шчырых удзячных слоў за гэты час адрасавана Тэрэзе Казіміраўне кліентамі. Высокае майстэрства і цярплівасць дазваляюць ёй спраўляцца з самымі складанымі заказамі.

Назіраючы за хуткімі зладжанымі рухамі Ж.М.Галуза, нявольна ловіш сябе на думцы, што ёй, мабыць, не хапае магутнай швейнай машыны. Гатовыя рэчы, здаецца, "вылятаюць" з-пад рук.

Г.У.Гадун – супрацьлегласць Жанны Міхайлаўны. Ураўнаважаная, спакойная, яна стараецца дагадзіць кліентам, да сваёй работы адносіцца з душой.

З.А.Дамашэвіч раней шчыравала ў трыкатажным цэху камбіната бытавога абслугоўвання. А затым, перакваліфікаваўшыся, стала працаваць швачкай. Зоі Анатольеўне  ўласцівы акуратнасць, дысцыплінаванасць.

Самая маладая швачка цэха Наталля Плакса імкнецца не адставаць ад старэйшага  пакалення. У працы яна прытрымліваецца парад і рэкамендацый сталых работніц, бярэ на ўзбраенне іх вопыт, уменне працаваць з кліентамі, цярплівасць і ўседлівасць.

А ўсе разам яны – дружны зладжаны калектыў, якому  пад сілу выкананне самых складаных заказаў. Штомесяц на адну швачку іх

прыпадае каля 100. І гэта - нягледзячы на сацыяльна нізкія цэны, зацверджаныя ўрадам нашай рэспублікі.

Ірына Уласень.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *