Гарачы подых вясны

Вось ізноў на змену зімоваму “зацішшу” ў цыкле сельскагаспадарчых спраў прыходзяць адвечныя вясновыя клопаты: рамонтнікі ставяць кропкі над “і” ў справе падрыхтоўкі сельгасмашын, тэхнолагі палёў спяшаюцца вывезці арганіку са сховішчаў і назапашваюць мінеральныя ўгнаенні, спецыялісты вырашаюць арганізацыйныя моманты і плануюць ход яравой сяўбы... Сёлета, у завяршальны год пяцігодкі, перад аграрнікамі раёна пастаўлены даволі напружаныя задачы, для дасягнення якіх патрэбна прадуманая, дасканала вывераная тактыка на кожным этапе вытворчага працэсу.

У раслінаводчай галіне, у прыватнасці, выніковасць працы ў многім залежыць ад якасці выкарыстоўваемага насеннага матэрыялу сельгаскультур. Таму пытанне давядзення яго да пасяўных кандыцый трымаецца на пастаянным кантролі як спецыялістамі раённай інспекцыі па насенняводстве, так і агранамічнымі службамі гаспадарак. Летась тэхнолагам палёў СВК “Грыцэвічы” і “Морач” удалося арганізаваць ачыстку насення збожжавых і зернебабовых культур адразу пасля завяршэння жніўных работ. Такі падыход, лічыць намеснік начальніка інспекцыі З.У.Шыбут, варты для пераймання, бо дазваляе дасканала і своечасова падрыхтаваць патрэбную колькасць насеннага фонду. Прыемна канстатаваць, што запатрабаваныя пад вясновую сяўбу 2520 тон насення яравых збожжавых і зернебабовых культур ужо гатовы для прымянення і маюць 100-працэнтную кандыцыю. Стала нормай для аграномаў Клеччыны і такое правіла: класці ў глебу зерне не ніжэй чым І рэпрадукцыі. Гэта ўмова – адна з асноўных прадпасылак павышэння ўраджайнасці збожжавага кліна. Да таго ж, сёлета плануецца выкарыстаць не менш за  230 тон элітнага пасяўнога матэрыялу.

Шмат аграрнікамі раёна зроблена і ў накірунку сортазмены. Замест нізкапрадукцыйных сартоў прыйшлі ў вытворчасць раяніраваныя, з высокім генетычным патэнцыялам. Значны клін на ячменным полі ўраджаю 2010 года адводзіцца пад піваварны сорт “бровар”, ужо станоўча зарэкамендаваўшыя сябе ў нашай кліматычнай зоне “атаман” і “дзівосны”. Увогуле, у структуры  ячменю 75 % плошчаў будуць займаць сарты беларускай селекцыі, плануецца выкарыстаць больш за 500 тон насеннага матэрыялу гэтай культуры замежнай селекцыі. Сярод сартоў яравой пшаніцы перавага аддадзена “рассвету” і “Томе”, аўса – беларускім “стральцу” і “запавету”, польскаму “чакалу”, нямецкаму “эрбграфу”.

Вялікі ўклад у павышэнне параметраў якасці насення збожжавых культур уносіць спецыялізаванае насенняводчае прадпрыемства “Племянны завод “Чырвоная зорка”, якое пастаўляе на рэалізацыю эліту самых перспектыўных сартоў гаспадаркам не толькі нашага раёна, але і шматлікім рэгіёнам Мінскай вобласці. Згодна з разнарадкай, гэтай вясной будзе прададзена не менш за 400 тон высакаякаснага насення, хаця магчымасці ў чырваназоркаўцаў куды большыя. Да таго ж, яны рэалізуюць забяспечаны неабходнай дакументацыяй, цалкам гатовы да сяўбы матэрыял: пратручаны, затараны ў спецыяльныя кантэйнеры ёмістасцю каля 500 кг кожны. Цяпер, калі зменшыліся маразы і ёсць магчымасць весці пратручванне ў адпаведнасці з тэхналагічнымі нормамі, штодня тут плануюць рыхтаваць не менш за 60-70 тон насення. Дарэчы, распачалася ўжо і адгрузка. Рэдакцыйная група стала сведкай водпуску эліты ячменю “Якуб” гаспадаркам Старадарожскага раёна (здымак 1). Трымае пад кантролем працэс падрыхтоўкі насеннага матэрыялу на продаж і яго адгрузку выконваючы абавязкі агранома-насеннявода С.І.Дудко (здымак 2).

Як бачна, цёплы подых вясны ўжо яскрава адчуваецца ў сельскагаспадарчых справах.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *