Кляччане сталі гасцямі «Дажынак» у Мядзелі

Мядзель сёлета прымаў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які цэнтральны рэгіён праводзіць з 1998 года. І тут няма чаму здзіўляцца – горад рыхтаваўся да абласнога свята з вясны. Усё зробленае застанецца ў падарунак яго жыхарам.

З падарункамі засталіся і ўсе госці, бо нават калі хто сюды завітаў, толькі каб задаволіць сваю цікаўнасць, то абагаціўся і ўражаннямі, і, напэўна ж, пакупкамі. Па традыцыі сваю лепшую прадукцыю прадставілі больш за трыста арганізацый гандлю і грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў і камбінатаў бытавога абслугоўвання, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў. Выстаўка-продаж цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, дамоў-інтэрнатаў, прафесійна-тэхнічных ліцэяй вабіла тых, хто аддае перавагу арыгінальным сувенірам і падарункам. Асобныя выраблялі іх прама на месцы, прымушаючы пакупнікоў затрымацца не толькі дзеля эксклюзіўнасці тавару, але і паназіраць за майстэрствам яго з’яўлення на свет. І з якога боку хто б ні ўваходзіў у горад, усё роўна трапляў у мнагалюдную раку, якая сцішала свой паток ля некалькіх сцэнічных пляцовак, адводзіла то ў бок “Горада майстроў”, то на спартыўную пляцоўку, то ў дзіцячую зону з атракцыёнамі і ў канчатковым выніку выносіла ў цэнтр горада.

Тут, на вуліцы Наберажнай, а калі быць яшчэ больш дакладным, то ў амфітэатры на беразе возера Мястро, і адбывалася галоўнае дзеянне свята – узнагароджанне працаўнікоў вёскі, якія дабіліся найлепшых вынікаў у час жніва. Дэлегацыі з усіх рэгіёнаў вобласці ў суправаджэнні лепшых харэаграфічных і аматарскіх калектываў раёна прадстаўлялі свой святочны сноп і каравай і агульным шэсцем “Шлях да хлеба” рухаліся па вуліцы 17 Верасня, на якой з абодвух бакоў гасцей віталі жыхары Мядзеля і непасрэдна размешчаных на ёй і капітальна адрамантаваных да свята дамоў. Кожны раён адрозніваўся не толькі адметнай атрыбутыкай, але і цікавай прэзентацыяй сваёй мясцовасці. У непадробным захапленні былі як дзеці, так і дарослыя, якія бачылі доўганогіх белых птушак з шырокімі крыламі і пукамі рознакаляровых паветраных шароў, якія ішлі сваім упэўненым бусліным крокам адразу за саламяным сонейкам з надпісам “Клецкі раён”.

Цэлы рад у амфітэатры занялі нашы землякі, запрошаныя ў Мядзель у якасці ўдзельнікаў “Дажынак”. І кожны з іх пакінуў у сваім тэлефоне памятнае фота возера, на фоне якога ўсё, што адбывалася на галоўнай сцэне, выглядала непаўторна і запамінальна. Узнімаліся на яе і прадстаўнікі Клеччыны, якіх дэманстравалі два вялікія экраны паабапал яе, але аб гэтым крыху пазней.

Перш чым прыступіць да ўзнагароджання, гасцей мерапрыемства вітаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта А.М.Ісачанка. Ён адзначыў: “У кожнага свята ёсць свае вытокі, свае асаблівасці і адметныя рысы. Гэта свята мае для нас двайную каштоўнасць: і як даніна павагі нашым продкам, і як магчымасць сказаць шчырыя словы падзякі ўсім працаўнікам вёскі. Дажынкі – гэта добрая і даўняя традыцыя ўшаноўваць тых, хто, добрасумленна працуючы ў полі і ў будзёныя, і ў выхадныя дні, праяўляў высокі прафесіяналізм, адказнасць і працавітасць, дасягнуў найвышэйшых вынікаў”. Анатолій Міхайлавіч падкрэсліў, што сёлета надворье не спрыяла высокім ураджаям збожжавых культур, не атрымалася дасягнуць мінулагодніх вынікаў. Але, нягледзячы на гэта, Мінская вобласць па-ранейшаму ўтрымлівае статус асноўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка прадуктаў харчавання для жыхароў Беларусі і іншых краін.

Сярод пераможцаў штогадовых абласных спаборніцтваў за дасягнутыя высокія паказчыкі на ўборцы ўраджаю збожжаых і зернебабовых Дзяржынскі, Пухавіцкі і Мінскі раёны, якія занялі 1, 2 і 3 месцы адпаведна.

Наш зямляк Анатолій Уладзіміравіч Конан, вадзіцель ААТ “Кухчыцы”, узнагароджаны з як пераможца спаборніцтва сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый. Старшыня Клецкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зіноўевіч Ломскі і яго першы намеснік Мікалай Уладзіміравіч Лешык атрымалі ад Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу сярод раёнаў “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” і грашовую прэмію для набыцця трактараў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, сельскагаспадарчага абсталявання, а таксама на прыродаахоўныя мерапрыемствы і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчых земляў і земляў ляснога фонда Клецкага раёна.

І ўжо зусім поўнай, але вельмі прыемнай нечаканасцю стала аб’яўленне з галоўнай сцэны “Дажынак” галоўнай яго інтрыгі – імён пераможцаў абласнога этапа конкурсу “Уладар сяла”, якімі стала сям’я Шуціла з Кухчыц. У бліжэйшы час Павел і Кацярына будуць прадстаўляць сталічны рэгіён на рэспубліканскім этапе ў Слуцку.

Эстафету святкавання абласных “Дажынак” у Мядзеля прыняў Барысаў. Цырымонія перадачы сімвалічнага снапа стала фінальным акордам урачыстай часткі мерапрыемства. Яго музычную праграму забяспечылі лепшыя аматарскія калектывы Міншчыны, а таксама вядомыя артысты беларускай эстрады Аляксандра Гайдук, Доктар Сайкоў і Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева.

Жанна Гардзіевіч.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *