Шахматы – добры адпачынак

Вось ужо 26 гадоў клуб аматараў шашак і шахмат «Дэбют», які працуе пры Клецкай цэнтральнай бібліятэцы, збірае на свае пасяджэнні людзей, па-сапраўднаму захопленых гэтай цікавай гульнёй. Калі гаварыць аб шахматах як аб адпачынку, то яны даюць магчымасць зрабіць яго актыўным, насычаным, здаровым. Патрэбнасць у гэтым мы адчуваем усё вастрэй, таму што напружаны рытм жыцця, у сваю чаргу, інтэнсіўна ўздзейнічае на арганізм чалавека. Шахматы ж дапамагаюць пераключаць думку на іншы аб’ект дзеяння, даюць магчымасць адпачыць.

Шмат гадоў старшынёй клуба з’яўляецца З.К.Сакалоўскі – сапраўдны энтузіяст гэтай прыгожай інтэлектуальнай гульні, цікавы чалавек, надзелены жыццёвай мудрасцю, прыемны суразмоўца. Нягледзячы на сталы ўзрост, Здзіслаў Казіміравіч наведвае пасяджэнні клуба, прымае ўдзел у спаборніцтвах і турнірах.

Савет клуба, у які ўваходзяць і супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі, імкнецца, каб члены «Дэбюта» жылі цікава і разнастайна. На працягу года для іх праводзяцца турніры і спаборніцтвы, у якіх прымаюць удзел усе жадаючыя. Стала ўжо добрай традыцыяй адзначаць Міжнародны дзень шахмат, удзельнічаць у святочных мерапрыемствах, якія ла­дзяцца ў гарадскім парку, на стадыёне з нагоды Дня Перамогі, свята горада, Дня фізкультурніка і іншых. Прызы і ўзнагароды для пераможцаў  заўсёды прадастаўляе аддзел па фізкультуры, спорту  і турызму  райвыканкама.

Не так даўно прайшлі  сустрэчы сапернікаў за шахматнымі дошкамі на Кубак клуба, прысвечаныя памяці аднаго з мацнейшых шахматыстаў раёна В.Бандаровіча, пайшоўшага з жыцця ў росквіце свайго таленту. Перамогу святкаваў А.Ц.Біткоўскі, які набраў 4 ачкі з 5 магчымых, другое месца падзялілі адразу трое ўдзельнікаў, на рахунку якіх па 2,5 ачкі, – М.І.Апанасевіч, У.Я.Раманаў, В.М.Іодзік.

Клуб аматараў шашак і шахмат «Дэбют» мае шаноўны ўзрост і сапраўдных прыхільнікаў. За свой 26-гадовы шлях ён стаў для захопленых гэтым відам спорту людзей месцам цікавых сустрэч. За гэты час члены клуба пасталелі, многія з іх ужо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму застаюцца энтузіястамі шахмат і шашак. Сярод тых, хто па-сапраўднаму ўлюбёны ў шахматы, – З.К.Сакалоўскі, А.Ц. Сарокін, А.І.Міхайлік, П.М.Масарноўскі, М.І.Апанасевіч, В.М.Іодзік, А.Г.Кудаяраў, П.М.Гадун, В.А. Жабко і многія іншыя.

Да пасяджэнняў клуба супрацоўнікі бібліятэкі прапануюць кніжныя выставы, тэматычныя паліцы,    агляды літаратуры. І гэта невыпадкова, бо многія шахматысты з’яўляюцца актыўнымі чытачамі ЦРБ.

«Дэбют» дае магчымасць па­знаёміцца з рознымі людзьмі, пашырыць свой кругагляд, цікава правесці вольны час, адпачыць.

Уладзімір Раманаў,

загадчык аддзела абслугоўвання Клецкай цэнтральнай бібліятэкі, сакратар клуба «Дэбют».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *