Всех на свете дороже. Мама!

%d0%bc%d0%b0%d0%bc%d0%b0-1Думкі, пачуцці і рэчаіснасць яшчэ доўга бунтавалі ў маёй душы і не давалі спакою. Ну жывуць жа неяк нармальныя людзі, не разважаючы над атрыманай інфармацыяй, не ўзважваючы ўсе "за" і "супраць", "плюсы" і "мінусы", не даючы ацэнку жыццёвым фактам і падзеям?! Угледзелі, пачулі і забыліся. А я так не ўмею. Тым больш, калі не хочацца ўпусціць штосьці важнае, каштоўнае!
Той дзень, калі на плошчы Маякоўскага ў чарговы раз ладзілася спартыўнае свята, быў самым звычайным. Гэта для простага абывацеля. Асабіста я не магла не адзначыць, як "Клецкія забегі" ледзь не ператварыліся ў заплывы. Столькі слёз наш маленькі правінцыяльны гарадок, здавалася, бачыў толькі ў свае самыя суровыя гады. Плач даносіўся адусюль: рыдалі нашы юныя землякі прама ля фінішнай прамой, ля падножжа пастамента гонару і нават яшчэ па дарозе дадому – так што людзі азіраліся. Яно і зразумела, кожнаму хацелася апынуцца на самай верхняй прыступцы п'едэстала, а калі так не атрымоўвалася, калі пачынаючыя спартсмены пакаралі толькі другую ці трэцюю ступень, альбо і ўвогуле заканчвалі спаборніцтвы з вялікім адрывам ад пераможцаў, пачуцці з усімі ўласцівымі ім наступствамі імгненна выплюхваліся вонкі. Рыдалі ад крыўды ці то на сябе, ці то на яе вялікасць фартуну як сціплыя прыгажуні-прынцэсы, так і будучыя абаронцы. Прычым, здавалася, што менавіта апошняя (фартуна) была той самай адзінай перашкодай на шляху да заветнай мары малых. Ім жа няўцям, што вікторыя ўсміхаецца не кожнаму, хто ўпершыню аказаўся на бегавой дарожцы, а людзям загартаваным, працавітым, напорыстым, а не толькі спрытным і дужым. Цяжка ўявіць, чым бы маглі закончыцца ўсе гэтыя эмацыянальныя "баталіі", калі б не бацькі. У пераважнай большасці, канешне, побач з дзецьмі падчас спаборніцтваў былі мамы. Іх прадпрымальнасці, без перабольшвання, можна было пазайздросціць! На "ўсялякі выпадак" многія з іх прыйшлі на забегі ўжо са сваімі заахвочвальнымі прызамі (цацкамі, шакаладнымі медалямі і нават граматамі "За імкненне да перамогі"). Смешна? З аднаго боку, можа і так, маўляў, каго мы гадуем, хлюпікаў нейкіх. З другога – хто, як не блізкі чалавек (зноў жа, як паказвае жыццё, часцей за ўсё гэта мама) суцішыць, прылашчыць, падтрымае, падбадзёрыць і акуратна, па-жаночы мякка і мудра направіць, як гаворыцца, на праведны шлях?
Я і сама заўсёды была мамінай дачушкай. Не, не ў сэнсе выпешчанасці: у выхаванні яна прытрымлівалася правіла "залатой сярэдзіны", і ў плане эмоцый таксама. Я не памятаю ў яе лексіконе ўсіх гэтых "мусяў-пусяў", затое заўжды адчувала і адчуваю цяпер яе цёплае плячо і добрыя словы. Мая мама ніколі не ўдзельнічала ні ў маіх, ні ў братавых вулічных і школьных "разборках", маўляў, "калі крыўдзяць, значыць, самі вінаватыя", "сядзіце дома, калі не ўмееце сябе паводзіць і ладзіць з дзецьмі", "вучыцеся пастаяць за сябе". І мы вучыліся! Самастойна вучыліся і прыстасоўваліся! Да людзей і да рэчаіснасці. І ніхто з нас не адчуваў сябе выкінутым "на разарванне ваўкам". Бо ў іншых абставінах (сёння, калі я сама ўжо мама, ведаю, як яна размяжоўвала сітуацыі, што патрабавалі яе ўмяшальніцтва) мы адчувалі ўсё яе мацярынскае цяпло: з лагоднымі ўсмешкамі, гарачымі абдымкамі, пяшчотнымі пацалункамі і нават суцяшальнымі прызамі. У дзяцінстве нам многае не дазвалялася, але мы ніколі не адчувалі сябе прыціснутымі і прыгнечанымі бацькоўскім кантролем, бо мама і тады ўмела (і сёння з поспехам выкарыстоўвае свае выхаваўчыя методыкі ўжо ў адносінах да ўнукаў) падабраць трапныя словы, прывесці аргументы, каб задзець, як кажуць, за жывое – а інакш як было дастукацца да сэрца падлетка, які лічыць выключна правільнымі толькі ўласныя меркаванне і паводзіны? Божа, а колькі ж было ў дзяцінстве і юнацтве тых сітуацый, з якіх, здавалася, не было выйсця?! І падманы, і безадказнае каханне, і здрады лепшых сяброў, і няўдалыя сесіі ў інстытуце… Хіба сёння прыпомніш усё?! Але памяць трывала захоўвае тое, як лоўка мама разрульвала ўсе праблемы, часам ахвяруючы ўласным дабрабытам. Прызнацца, бывала і такое, што нашы цяжкасці станавіліся прычынай канфлікту паміж бацькамі – з прыродай не паспрачаешся: жаночая логіка не ўпісваецца ў рамкі мужчынскага мыслення (!).
На самай справе быць мамай нялёгка. Быць не проста "маланкаадводам", а добрай, мудрай, разважлівай мамай, сяброўкай – гэта сапраўднае майстэрства! Любіце сваіх сыночкаў і дачушак, матулі, але не бойцеся пазбаўляць іх сваёй гіперапекі – дзецям патрэбна вучыцца самастойна крочыць па планеце і адваёўваць сваё месца пад сонцам, няхай нават неаднаразова падаючы і разбіваючы "да крыві каленкі". Жыццё з усімі яго няўдачамі і нягодамі павінна загартоўваць чалавека і рабіць яго моцным духам. Разам з тым, будзьце заўсёды побач са сваімі дзецьмі. Бо вы так патрэбны ў любым іх узросце. Вы ж даражэй за ўсіх на свеце!
Кажуць: трэба мець шчасце нарадзіцца ў добрай сям'і. А яшчэ гавораць, што бацькоў не выбіраюць, што добрых бацькоў трэба заслужыць у Бога (усё роўна, як і дзяцей). Дык няхай Усявышні будзе літасцівым у адносінах да кожнай сям'і, а вашы асабістыя намаганні і паважлівыя адносіны адзін да аднаго зробяць яе моцнай і дружнай! Цаніце сваіх матуль! Памятайце, што ўсяго толькі адно слова можа болем адгукацца ў сэрцы доўгія гады, а можа расквітнець у душы вясеннім садам. Шануйце сваіх матуль! Яны даражэй за ўсіх на свеце!

Святлана Орпель, з пажаданнямі моцнага здароўя, даўгалецця і душэўнай гармоніі да ўсіх матуль Клеччыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *