Открытый диалог с учащимися Клецкого СПЛ

SEE_0114Тэма чарговай сустрэчы з навучэнцамі Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ўзнікла не выпадкова. Калі так глыбока разважаць аб будучыні беларускай мовы, як не ў Год культуры? Вось і сабраліся ў зале навучальнай установы, каб разам з гасцямі абмеркаваць гэта і шэраг іншых пытанняў.

Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Мікалаеўна Багеша адзначыла, яе радуе, як лідара суполкі, што моладзь наша актыўная, мае сваё ўласнае меркаванне, у тым ліку і адносна палітычнай кампаніі, што ідзе ў краіне.

Не толькі з цікавасцю юнакі і дзяўчаты слухалі намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольгу Мікалаеўну Бранавіцкую, якая падрабязна спынілася на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, але і смела ўключаліся ў размову.

Пацвердзіла адказнасць маладых людзей сакратар участковай выбарчай камісіі Казарменнага участка для галасавання №44 І.А.Грынкевіч. Іна Анатольеўна на працягу ўжо больш за 30 гадоў мае непасрэднае дачыненне да выбараў, таму і можа прааналізаваць, як моладзь прымае ўдзел у жыцці грамадства.

SEE_0107– Нашы навучэнцы падыходзяць да права галасаваць даволі адказна, – канстатавала І.А.Грынкевіч. – Яны загадзя знаёмяцца з праграмамі кандыдатаў і робяць выбар свядома. Упэўнена, так будзе і на гэты раз. Зыходзячы са свайго шматгадовага вопыту, заклікаю не быць апалітычнымі, а галоўнае – раўнадушнымі, ні да сваёй краіны ўвогуле, ні да тых, хто жыве побач.

Прыняў удзел у адкрытым дыялозе 6 верасня Сяргей Станіслававіч Сакалоўскі. Ён, як давераная асоба Людмілы Іванаўны Ніжэвіч, пазнаёміў падрабязна з біяграфіяй кандыдата ў дэпутаты, а таксама з тымі напрамкамі праграмы, якім яна будзе ў сваёй дзейнасці пры выбранні надаваць асаблівую ўвагу. Прыемна было чуць грунтоўныя пытанні да Сяргея Станіслававіча з боку навучэнцаў ліцэя, што пацвярджае: маладое пакаленне нашага рэгіёну пільна сочыць за ўсімі падзеямі ў краіне, як палітычнымі, так і эканамічнымі.

Дыялог заклікае не проста да размовы, а найперш да аналізу існуючай праблемы. Не сакрэт, што менавіта пры такіх сустрэчах можна знайсці тое “зерне”, якое і дасць у будучым добры ўраджай. На гэты раз абмяркоўвалася, ці мае беларуская мова будучыню. На пачатку дыскусіі прыкладна 80% катэгарычна адказалі: “Не!” Калі ж Вольга Мікалаеўна Бранавіцкая расклала літаральна па паліцах нашу сучасную мову, усім стала відавочна: мы ні беларускай, ні рускай мовамі не валодаем на ўсе 100%! Пагадзіліся прысутныя, што без роднай мовы не можа існаваць ні наш народ, ні сама краіна.

Так, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, але калі б узнімалася пытанне аб тым, што трэба пакінуць адну з іх – мы трапілі б у сапраўдную пастку! Толькі, на жаль, менавіта “трасянка” стала спосабам нашых вусных зносінаў. Згодна дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года 60% жыхароў краіны назвалі роднай беларускую мову, аднак карыстаюцца ёю ў жыцці толькі каля 30%.

Пацвердзіў меркаванне наконт таго, што народ павінен мець сваю мову і настаяцель Пакроўскай царквы Клецка пратаіерэй Андрэй Гладкі.

– Не трэба цурацца роднай мовы, – сказаў святар. – У нашым храме раз у год адзін малебен таксама служыцца па-беларуску.

Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы аб сацыяльным служэнні Пакроўскага храма, завастрыў увагу настаяцель і на тым, што царква – гэта не інстытут забароны. Яна папярэджвае аб наступствах, што чакаюць чалавека за дрэнныя ўчынкі.

– Законы ж, – адзначыў пратаіерэй Андрэй Гладкі, – ці дзяржаўныя, ці духоўныя, аднолькавыя для ўсіх. І калі людзі не будзе разумець мяжу дазволенасці, або як мы кажам – свабоды, надыдзе хаос! Чалавек павінен узрастаць у сваёй культуры, а не дэградзіраваць.

Нечаканай і прыемнай навіной для мужчынскай паловы стала паведамленне першага сакратара БРСМ аб тым, што ў кастрычніку адбудуцца традыцыйныя спартыўныя баталіі па футболе паміж навучэнцамі СПЛ і служачымі раённага аддзела ўнутраных спраў, да якіх далучацца таксама святары.

– Мы ад вас адрозніваемся толькі адным, – сказаў настаяцель Пакроўскай царквы, – у нашай мове няма брыдкіх слоў, якімі ў вашым маладзёжным асяроддзі прынята карыстацца “для звязкі”. Зменім расы на спартыўную форму і паглядзім, хто мацнейшы!

Вось на такой аптымістычна-спартыўнай ноце і скончыўся адкрыты дыялог. Што ён пакінуў у сэрцах юнакоў і дзяўчат? Пераканана, кожны для сябе акрэсліў тое, што важна менавіта яму: адказнасць упершыню галасуючых да свайго выбару; уласныя адносіны да мілагучнай і непаўторнай роднай мовы; пераасэнсоўванне культуры паводзін і жыцця ў цэлым. А яшчэ, упэўнена, абавязкова задумаюцца аб тым, што будучае нашай краіны так ці інакш залежыць ад іх, маладых!

Валянціна Сянкевіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *