Са святам Хрыстова Уваскрасення!

i (1)Дарагія браты і сёстры!
Ва ўрачыстасць Вялікадня паўтараем: "Хрыстос Уваскрос!" І Уваскросшы Ён абвясціў, што апошняе слова не належыць да цярпення і смерці, але да Уваскрасення. Пасля дня мукі і смерці Вялікай Пятніцы прыходзіць нядзельная раніца Уваскрасення. Хрыстос выкупіў наша цярпенне, надаючы яму новае значэнне. На сваім прыкладзе паказаў, што яно з'яўляецца неад'емнай часткай людскога жыцця, але яно не трывае вечна і пераменьваецца ў радасць вялікоднай раніцы. Уваскрасенне Хрыста ўзмацняе нашу надзею на выйсце з цярпення.
Жывучы на зямлі, мы дакранаемся да яшчэ адной рэчаіснасці – смерці. І менавіта Хрыстос Уваскрасеннем кажа нам пра тое, што смерць чалавека не мае апошняга слова. Апошняе слова належыць да жыцця. Езус памёр, як і мы паміраем, але мы ўваскрэснем, бо і Ён Уваскрос! Перад пустым Божым Гробам наша жыццё набірае поўні, становячыся самім жыццём, перастае палохаць смерцю.
З гэтымі думкамі віншую ўсіх вас з радасным і збаўленчым святам Уваскрасення Езусу Хрыста! Усім хрысціянам жадаю, каб Уваскрослы Езус напоўніў нас радасцю, супакоем, надзеяй, любоўю. Няхай ззянне велікоднай раніцы асветліць нашу штодзённасць так, каб мы ўмелі дзяліцца з іншымі верай у перамогу дабра над злом, любві над ненавісцю, праўды над фальшам, жыцця над смерцю.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Са святам!

Ксёндз Павел Слука, пробашч рымска-каталіцкай парафіі Святой Тройцы ў г.Клецку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *